BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Менскае “Дынама” перамагло “Днепр” у чэмпіянаце Беларусі

Футбалісты менскага “Дынама” абыгралі магілёўскі “Днепр” з лікам 2:0 у апошнім матчы 21-га тура чэмпіянату Беларусі. Сустрэча на полі дынамаўскай арэны прайшла з вялікай перавагай гаспадароў, якія забілі па голу ў кожным тайме. Перад самым перапынкам вызначыўся бразільскі легіянер мінчан Раі, а на 76-й хвіліне гульні яго суайчыннік Педра Ігар рэалізаваў пенальці. Падначаленыя Вадзіма Скрыпчанкі яшчэ не прайгравалі ў матчах цяперашняга чэмпіянату – у іх 12 перамог і 5 нічыіх.

Беларусы даведаліся сапернікаў па кваліфікацыі ЧС-2025 па пляжным футболе

Зборная Беларусі па пляжным футболе даведалася супернікаў на першым этапе адборавага турніру чэмпіянату свету 2025 года. Па выніках лёсавання беларусы трапілі ў кваліфікацыйную групу D разам з камандамі Бельгіі, Турцыі і Малдовы. У групе F сустрэнуцца Украіна, Польшча і Нарвегія. Сустрэчы еўрапейскай кваліфікацыі пройдуць з 4 па 13 кастрычніка ў іспанскім Кадысе. Фінальная частка планетарнага форуму адбудзецца ў траўні 2025 года на Сейшэльскіх выспах.

“Віцебск”, “Юнацтва” і “Брэст” перамаглі ў матчах экстралігі

Матчамі ў Менску, Берасці і Гомелі ў панядзелак працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. На сталічнай “Чыжоўка-Арэне” другі раз за тры дні адбылося “беларускае класіка” паміж “Юнацтвам” і “Нёманам”. За некалькі секунд да сірэны за “Нёман” закінуў Вячаслаў Андрушчанка, але гэтая шайба ўжо нічога не змяніла – перамога “Юнацтва” з лікам 3:2.
Паралельна ў Берасці мясцовы клуб сустракаўся з “Шахцёрам”. У канцоўцы матчу салігарчане наблізіліся на адлегласць адной шайбы, аднак перавесці гульню ў авертайм не змаглі – у выніку 3:2 на карысць “Брэста”. У яшчэ адным паядынку на поўдні краіны “Гомель” прымаў “Віцебск”. За 60 хвілін гульнявога часу гаспадары лёду не здолелі парадаваць гледачоў хаця б адной выніковай атакай, у той час як віцябляне закінулі па разу ў першым і трэцім перыядах – у выніку 2:0.
Пасля чатырох тураў у беларускай экстралізе лідыруюць
“Дынама-Маладзечна” і “Лакаматыў”.

Новы сезон СЕХА-лігі адкрыецца ў Берасці

Новы сезон гандбольнай СЕХА-лігі адкрыецца ў Берасці матчам “Мяшкоў Брэст” – “Віктар”. Пра гэта паведамляе сайт “чырвона-сініх”.
Сустрэчу двух удзельнікаў мінулага “фіналу чатырох” дывізіёна “Усход” першапачаткова планавалася правесці ў панядзелак, 23 верасня. Аднак дырэктарат турніру перанёс гэты паядынак на нядзелю – на 18.00. Такім чынам, менавіта матч мяшкоўцаў з «Віктарам» адкрые праграму сезона. Сустрэча пройдзе 22 верасня ў спартовым комплексе “Вікторыя”.

Беларускае Радыё Рацыя