Менскае «Дынама» зладзіла самую сапраўдную экзэкуцыю галоўнай хакейнай дружыне расейскай арміі ЦСКА. У 1/8 фінала Кантынентальнай хакейнай лігі беларускі прадстаўнік у лізе разграміў у Менску маскоўскіх «армейцаў» з лікам 7:0, закінуўшы ўсе шайбы на вачах 15 тысяч заўзятараў за першыя 27 хвілінаў гульні. Такім чынам лік у двубоі стаў 3:2 на карысць «Дынама», якім засталася адна перамога да выхаду ў 1/4 фінала. Наступная гульня пройдзе ў Маскве 5 красавіка. Гэтая перамога стала паўторам рэкорда менчукоў 2023 года, калі з такім жа лікам быў разгромлены падмаскоўны «Віцязь».
У фінальным матчы Кубка Гішпаніі гэтага сезона упершыню за 11 гадоў будуць гуляць «Рэал» і «Барселона». Апошняе «Эль-Класіка» ў фінале гішпанскага кубка была яшчэ ў сезоне 2013/2014. Тады перамог «Рэал» – 2:1. Цяперашні фінал пройдзе 26 красавіка.
Вызначыліся фіналісты і ў Кубку Германіі. У вырашальным матчы будуць гуляць «Штутгарт» і «Армінія». «Штутгарт» у 1/2 фіналу перамог «РБ Ляйпцыг» (3:1), а «Армінія», якая выступае ў трэцім дывізіёне, адолела «Баер» – 2:1. Фінал пройдзе 24 траўня на Алімпійскім стадыёне ў Берліне.
3 красавіка быў абноўлены рэйтынг зборных ФІФА. Узначальваюць яго аргенцінцы, гішпанцы ды французы. Зборная Беларусі засталася на 98-й пазіцыі. Яе апярэджваюць такія каманды, як Замбія (88), Уганда (89), Люксембург (91), Кітай (94), Бенін (95), Мазамбік (96) і Косава (97). Нагадаем, у сакавіку падапечныя Карласа Алоса сустракаліся ў таварыскіх матчах з камандамі Таджыкістана (5:0) і Азербайджана (2:0).
Адным з цэнтральных пытанняў Кангрэса УЕФА ў Бялградзе, які адбыўся ў гэты чацвер, было магчымае вяртанне Расеі да міжнародных спаборніцтваў у выпадку спынення агню ў вайне з Украінай. Паводле інфармацыі расейскіх СМІ, прэзідэнт УЕФА Аляксандэр Чафярын гатовы гэта зрабіць. Расея пакуль застаецца па-за турнірамі УЕФА, нягледзячы на тое, што прэзідэнт яе федэрацыі Аляксандр Дзюкаў, які таксама з’яўляецца прэзідэнтам «Газпрома», застаўся ў Выканаўчым камітэце. «Праўда ў тым, што сітуацыя, якая прывяла да адхілення расейскіх каманд, не змянілася. Расея працягвае вайну супраць Украіны, парушаючы міжнароднае права», – заявіў прэзідэнт Нямецкага футбольнага саюза Бернд Ноендорф перад Кангрэсам. Яго бачання таксама прытрымліваецца УЕФА.
Учора стала вядома са справаздачы Еўрапейскага футбольнага саюза, што Асацыяцыя Беларуская федэрацыя футбола атрымала ад УЕФА па выніках мінулага сезона 7.9 мільёны еўра салідарных выплатаў. Колькі з іх пойдзе непасрэдна на развіцце футбола ў Беларусі, а колькі на футбольных чыноўнікаў даведаемся па выніках ужо гэтага сезона.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






