
Хакеісты менскага “Дынама” у першым лютаўскім матчы прымалі аўтсайдэра Усходняй канферэнцыі – “Адмірал” з Уладзівастока. Канадскі форвард Нік Мёрклі аформіў дубль за дзве хвіліны і ў выніку ўсталяваў канчатковы лік – 4:0 на карысць “Дынама”. Пасля 59 матчаў рэгулярнага чэмпіянату ў актыве менчан 59 ачкоў, адставанне ад сёмага месца складае 7 пунктаў.
Хакеісты “Віцебска”, “Брэста” і “Лакаматыва” перамаглі ў экстралізе
У рэгулярным чэмпіянаце беларускай хакейнай экстралігі у Лідзе хакеісты мясцовага клуба саступілі “Віцебску” 2:6. Хакеісты “Брэста” прымалі наваполацкі “Хімік”. У серыі булітаў берасцейцы вырвалі перамогу 3:2, якая стала для клуба трэцяй запар. Закрыў гульнявую праграму дня паядынак “Нёмана” і “Лакаматыва”. У серыі пасляматчавых кідкоў дакладней апынуліся аршанцы 3:2.
“Меркурый-ДМК” здабыў трэцюю перамогу ў чэмпіянаце Беларусі па міні-футболе
Дэбютант элітнага дывізіёна чэмпіянату Беларусі па міні-футболе “Меркурый-ДМК” здабыў трэцюю перамогу ў гэтым сезоне. Пасля трох паразаў запар берасцейцы перайгралі на сваёй пляцоўцы менскі “Дарожнік” 3:1. У іншых сустрэчах 14-га тура сталічнае “Дынама-БНТУ” перамагло аўтсайдэра турніру светлагорскі ЦКК – 4:1, а гомельскі БЧ разграміў на выездзе “Барысаў-900” з сухім лікам 4:0.
“Арсенал” перамог “Ліверпуль”
“Арсенал” на хатняй арэне абыграў “Ліверпуль” у матчы 23-га тура чэмпіянату Англіі — 3:1. Параза стала для мерсісайдцаў другой у бягучым сезоне АПЛ. Лонданцы з 49 ачкамі выйшлі на другое месца, “Ліверпуль” працягвае лідыраваць у табліцы з 51 балам. “Манчэстэр Юнайтэд” “ўсухую” перамог “Вест Хэм” 3:0, “Чэлсі” саступіў “Вулверхэмптану” 2:4. “Рэал” згуляў унічыю з “Атлетыка” ў мадрыдскім дэрбі 23-га тура чэмпіянату Іспаніі — 1:1. На 20-й хвіліне паўабаронца Брахім Дыяс вывеў «сметанковых» наперад, але на 93-й хаўбек гасцей Маркас Льёрэнтэ зраўняў лік. “Сметанковыя” з 58 ачкамі ўзначальваюць табліцу, апярэджваючы “Жырону” на два балы, “Барселону” – на восем, “Атлетыка” – на 10. “Інтэр” адолеў “Ювентус” у матчы 23-га тура чэмпіянату Італіі — 1:0. Адзіны мяч ва ўласную браму забіў абаронца Федэрыка Гаці. “Інтэр” з 57 ачкамі ўзначальвае табліцу, у “Юве” 53 балы і другая пазіцыя.
Беларуская дзюдаістка спынілася за крок ад бронзы на турніры Вялікага шлема ў Парыжы
У сталіцы Францыі Парыжы завяршыўся турнір серыі Вялікага шлема па дзюдо, удзел у якім у нейтральным статусе бралі беларускія спартоўцы. На міжнародных спаборніцтвах выступілі 620 дзюдаістаў са 108 краін, нашу каманду прадставілі трое атлетаў – Ксенія Даніловіч, Дар’я Канцавая і Ягор Варапаеў. Далей за ўсіх па турнірнай сетцы ў сваёй катэгорыі прабралася Канцавая, якая выступае ў вазе да 78 кг. У паўфінале Канцавая не змагла перамагчы немку Ганну-Марыю Вагнэр, пасля чаго прайшла ў паядынку за трэцяе месца саступіла францужанцы Мадлен Малонзэ. Ксенія Даніловіч, якая стартавала ў катэгорыі да 52 кг, выбыла з барацьбы пасля першай жа сутычкі, прайграўшы Бінтэ Ндыяе са Швейцарыі. Ягор Варапаеў, які прадстаўляе вагу да 90 кг у мужчын, пачаў турнір з перамогі над Ермаханам Ануарбекавым з Казахстана, але затым саступіў кыргызскаму дзюдаісту Ерлану Шэрову.
Бой Вусік – Ф’юры афіцыйна атрымаў новую дату
Стала вядомая новая дата бою ўкраінскага баксёра Аляксандра Вусіка і брытанца Тайсана Ф’юры. Бой за званне абсалютнага чэмпіёна свету ў суперцяжкай вазе адбудзецца 18 траўня ў Саудаўскай Аравіі. Першапачаткова бой Вусік — Ф’юры павінен быў адбыцца 17 лютага ў Эр-Рыядзе, але яго прыйшлося перанесці не пазнейшы тэрмін з-за траўмы брытанскага баксёра: у спарынгу Ф’юры атрымаў моцнае рассячэнне.
Беларускае Радыё Рацыя






