BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Менскае “Дынама” стартуе ў кваліфікацыі

Працягваюцца баталіі на футбольных палях Старога свету ў трох асноўных еўракубках – Лізе чэмпіёнаў, Лізе Еўропы ды Лізе канферэнцый. Сёння ў змаганне за выхад у трэці кваліфікацыйны раўнд асноўнага з іх пазмагаюцца – чэмпіён Балгарыі «Лудагорац» і чэмпіён Беларусі – «Дынама» з Менску. Першая гульня двубою адбудзецца ў балгарскім Разградзе. Што падапечныя Вадзіма Скрыпчанкі змогуць супрацьставіць сталым ўдзельнікам групавых этапаў еўракубкаў апошніх дзесяці гадоў, пабачым сёння а 20 гадзіне па агульнаеўрапейскім часе. Па беларускім на гадзіну пазней. Гульня ў адказ пройдзе на нейтральным полі 31 ліпеня. Таксама нагадаем, што ўчора ўжо прайшла першая гульня двубою патэнцыйных супернікаў гэтай пары ў трэцім кваліфікацыйным раўндзе між гібралтарскім «Лінкальнам» і азербайджанскім «Карабахам». Дзе перамогу 2:0 здабылі – каўказцы.

Агулам сёння пройдуць 3 гульні ў Лізе чэмпіёнаў і 5 сустрэч у Лізе канферэнцый. З цікавінак – матч чэмпіёнаў славенскага «Цэле» і славацкага «Слована», дзе ў трэнерскім складзе першых задзейнічаны беларускі спецыяліст Іван Маеўскі.

Стартаваў алімпійскі футбольны турнір

Сёння за два дні да афіцыйнага адкрыцця 33 алімпійскіх гульняў у Парыжы, стартаваў футбольны турнір адразу ва ўсіх чатырох адборачных групах. Акурат у гэтыя хвіліны праходзяць наступныя сустрэчы: Аргентына – Марока і Узбекістан – Іспанія. Варта адзначыць, што ў трэнерскім складзе сярэднеазіятаў задзейнічаны беларус – Міхаіл Ярэмчук. І дарэчы гэта яшчэ адзін наш суайчыннік на алімпіядзе ў Парыжы.
Акрамя гэтага бліжэйшую гадзіну чакаюцца сустрэчы Егіпта і Дамініканы, Гвінеі і Новай Зеландыі. А таксама ўвечары згуляюць Ірак супраць Украіны, Японія і Парагвай, Францыя – ЗША і Малі – Ізраіль. І гэта ўсе пералічаныя ўдзельнікі футбольнага турніра парыжскай алімпіяды.

Першы алімпійскі крымінальны скандал

Гульні яшчэ не пачаліся, а ўжо пачынаюць абрастаць скандаламі. Так французскія спецслужбы паведамілі, што днямі затрымалі 40-гадовага расейца, які, па іх словах рыхтаваў акты «па дэстабілізацыі абстаноўкі». 23 ліпеня на яго завялі крымінальную справу па факце «працы на замежную разведку з мэтай правакавання варожасці ў Францыі». У той жа дзень яму выставілі абвінавачанне і змясцілі ў следчы ізалятар.

Тым часам стала вядома, што цырымонія адкрыцця Алімпійскіх гульняў пройдзе на знакамітай і некалі вядомай сваёй забруджанасцю рацэ Сена. Для гэтага гарадскія ўлады прыклалі максімум намаганняў і сродкаў, збудаваўшы цэлы комплекс ачышчальных збудаванняў, каб нават частка спаборніцтваў трыятланістаў прайшла на адкрытай вадзе гэтай ракі. Дзевяць дзён таму мэр Парыжа Ан Ідальга для гэтага нават здзейсніла публічны заплыў на сто метраў.

Зімовая алімпіяда пройдзе ў франзузскіх Альпах

Французскія Альпы прымуць зімовыя Алімпійскія гульні ў 2030 годзе. За гэта прагаласавалі члены Міжнароднага алімпійскага камітэту на 142-й сесіі арганізацыі ў Парыжы.

“МАК мае гонар аб’явіць, што Алімпійскія гульні 2030 года пройдуць у Французскіх Альпах пры выкананні ўмоў Міжнароднага алімпійскага камітэту”, – сказаў прэзідэнт арганізацыі Томас Бах.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя