BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Менскае “Дынама” ў авертайме саступіла “Трактару” на фінішы дамашняй серыі

Хакеісты менскага “Дынама” пацярпелі трэцюю паразу ў хатняй серыі рэгулярнага чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі. У трэцім і заключным матчы хатняй серыі падначаленыя Дзмітрыя Квартальнава прымалі лідара Усходняй канферэнцыі “Трактар”. У складзе ўральскага клуба першую гульню ў КХЛ правёў абаронца маладзёжнай зборнай Беларусі Дамінік Мікановіч. Стартавая трэць скончылася з мінімальнай перавагай гасцей. Адказ у гаспадароў знайшоўся ў пачатку другога перыяду – на дабіванні ўдала спрацаваў Джош Брук. Праз дзесяць хвілін чалябінцы выйшлі наперад, а яшчэ праз тры хвіліны гаспадары намаганнямі Аляксандра Волкава зраўнялі лік 2:2. На старце заключнага перыяда ўральцы зноў выйшлі наперад, але і на гэты раз “зубры” выратаваліся. За паўтары хвіліны да заканчэння трэцяга перыяду Волкаў аформіў дубль, якому зноў дапамог Шыпачоў. Сустрэча перайшла ў авертайм, дзе магчымасці адыграцца ў дынамаўцаў ужо не было. Аляксандр Кадзейкін перайграў Андрэя Карэева, прынёсшы “Трактару” перамогу з лікам 4:3. У табліцы Заходняй канферэнцыі сталічны клуб займае восьмае месца з 34 баламі.

“Нёман” выйграў восьмы паядынак запар

Чатыры матчы ў аўторак завяршылі праграму першага круга рэгулярнага чэмпіянату беларускай хакейнай экстралігі. Самы нечаканы вынік вечара быў зафіксаваны ў “Гомелі”, дзе мясцовы клуб разграміў “Брэст” з лікам 6:0. Дубль у складзе “рысяў” аформіў Мікіта Сіроткін. Адзінай гульнёй дня, дзе для вызначэння пераможцы не хапіла асноўнага часу, стала сустрэча “Хіміка” і “Віцебска”. Зыход паядынку вырашыўся ў авертайме, дзе два ачкі навапалачанам прынёс Усевалад Кашкар. Паралельна адбылося “заходняе дэрбі” паміж “Лідай” і “Нёманам”. Гарадзенцы святкавалі поспех з лікам 4:1, працягнуўшы пераможную серыю да васьмі матчаў. У “рыцараў” сітуацыя супрацьлеглая – восем паразаў запар. Таксама “Шахцёр” у гасцях дзякуючы шайбе Ігара Рудзянкова мінімальна абыграў “Юнацтва” 1:0. Такім чынам, сталічны клуб упусціў магчымасць вярнуць першае месца ў экстралізе па выніках першай паловы рэгулярнага чэмпіянату.

Футбалісты “Тарпеда-БелАЗа” перамаглі “Шахцёр” у чэмпіянаце Беларусі

Футбалісты “Тарпеда-БелАЗа” святкавалі перамогу ў апошнім матчы 29-га тура чэмпіянату Беларусі. У Жодзіне тарпедаўцы, якія ўжо забяспечылі сабе бронзавыя ўзнагароды, з мінімальнай перавагай адолелі салігорскі “Шахцёр”, які пакідае вышэйшую лігу, – 1:0. Пераможны мяч на 86-й хвіліне забіў Аляксей Залескі. Цяпер становішча ў лідзіруючай групе такое: “Дынама” (Менск) – 67 ачкоў пасля 28 матчаў, гарадзенскі “Нёман” – 62 ачкі пасля 29 гульняў, “Тарпеда-БелАЗ” – 59 балаў пасля 29 тураў. Бамбардзірскую гонку ўзначальвае габонскі нападнік “Гомеля” Родзі Джуніёр Эфаге, на рахунку якога 17 забітых мячоў.

“Баварыя” перамагла “Пары Сен-Жэрмэн” у паядынку ЛЧ

Мюнхенская “Баварыя” перамагла з лікам 1:0 французскі “Пары Сэн-Жэрмен” у матчы пятага тура агульнага этапу Лігі чэмпіёнаў. Адзіны гол на 38-й хвіліне забіў Кім Мін Джэ. Мюнхенская каманда святкавала трэцюю перамогу ў бягучым розыгрышы турніру пры двух паразах. ПСЖ страціў шанцы выйсці напрамую ў 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў па выніках агульнага этапу турніру. У іншых матчах “Барселона” упэўнена абыграла “Брэст” з лікам 3:0 – Роберт Левандоўскі аформіў дубль, забіўшы свой 100-ы і 101-ы гол у Лізе чэмпіёнаў. “Манчэстэр Сіці” не ўтрымаў перамогу над “Феенордам”, вёўшы 3:0 да 75-й хвіліны дзякуючы дублю Холанда і голу Гюндагана. Такога ніколі не было ў гісторыі Лігі чэмпіёнаў. На 75-й хвіліне Хадж Муса адыграў адзін мяч, а на 89-й хвіліне Хіменэс і Ганцко лік зраўнялі. Па выніках пяці матчаў падначаленыя Хасэпа Гвардыёлы набралі восем ачкоў і займаюць 15-е месца. «Феенаорд», у сваю чаргу, з сямю ачкамі знаходзіцца на 20-м радку. “Мілан” на выездзе абыграў “Слован” 3:2, мадрыдскі “Атлетыка” разграміў пражскую “Спарту” 6:0, а “Арсенал” – “Спортынг” 5:1, “Аталанта” у гасцях не пакінула шанцаў “Янг Бойз” 6:1, “Баер” на хатняй арэне разграміў “Рэд Бул Зальцбург” 5:0, а “Інтэр” мінімальна адолеў “Лейпцыг” 1:0.

Беларускае Радыё Рацыя