BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Менскае “Дынама” ў чэмпіянаце Беларусі абыграла “Гомель”

Менскае “Дынама” ў вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі па футболе абыграла “Гомель” — 2:0. Два галы былі забітыя ў другім тайме. На 63-й хвіліне сустрэчы вызначыўся бразільскі нападнік Педра Ігар, а незадоўга да фінальнага свістка Трафім Мельнічэнка ўсталяваў канчатковы лік. Гамяльчане гулялі без найлепшага бамбардзіра цяперашняга першынства габонскага форварда Родзі Джуніёра Эфаге, які яшчэ не вярнуўся са зборнай сваёй краіны. У яго актыве засталося 13 забітых мячоў. Гэта быў перанесены з-за ўдзелу дынамаўцаў у еўракубках матч.

Крывушэнка пасля сыходу з БАТЭ стаў галоўным трэнерам футбалістаў “Нафтана”

Новым галоўным трэнерам футбалістаў наваполацкага “Нафтана” афіцыйна стаў Ігар Крывушэнка. Напрыканцы жніўня 60-гадовы беларускі спецыяліст пасля зацяжной серыі няўдалых матчаў пакінуў барысаўскі БАТЭ, а зараз узначаліў навапалачан. Пасля 18 праведзеных сустрэч у актыве “Нафтана” 16 ачкоў (3 перамогі, 7 нічыіх, 8 паразаў) і 13-е месца ў турнірнай табліцы. У апошніх чатырох гульнях новыя падначаленыя Ігара Крывушэнкі пацярпелі тры паразы і адну сустрэчу завяршылі ўнічыю. У 21-м туры 15 верасня яны прымуць на сваёй арэне берасцейскае “Дынама”, якое змагаецца за месца ў прызавой тройцы.

Беларусы згуляюць з эстонцамі ў плэй-оф Суперфіналу Еўралігі па пляжным футболе

У італьянскім Альгера прайшло лёсаванне першага раунда плэй-оф Суперфіналу Еўралігі па пляжным футболе. Зборная Беларусі ў чвэрцьфінале згуляе з камандай Эстоніі. У выпадку выйгрышу падначаленыя Нікаласа Альварада сустрэнуцца ў паўфінале з пераможцам матча Партугалія -Швейцарыя. Склады астатніх пар 1/4 фіналу: Іспанія – Польшча, Італія – Чэхія. Чвэрцьфінальныя матчы пройдуць сёння, паўфіналы запланаваны на 14 верасня, вырашальны паядынак за чэмпіёнскі тытул адбудзецца 15 верасня. Летась беларусы заваявалі ў Еўралізе бронзу.

Беларускія гандбалісты вызначыліся на старце Лігі чэмпіёнаў

Беларускія гандбалісты дапамаглі сваім клубам перамагчы на старце новага сезона Лігі чэмпіёнаў. У першым туры папярэдняй групы А венгерскі “Веспрэм” адолеў у сталіцы Германіі гандбалістаў “Берліна” з мінімальнай перавагай – 32:31. Беларускі правы крайні пераможцаў Мікіта Вайлупаў закінуў тры мячы. Бухарэсцкае “Дынама” перамагло ў румынскай сталіцы дацкі клуб “Фрэдэрысія” – 37:28. Польская “Вісла” з Плоцка прайграла ў Лісабоне партугальскаму “Спортынгу” 29:34. Беларускі легіянер польскага клуба Кірыл Самойла пакуль аднаўляецца пасля перанесенай аперацыі. У групе В польскі “Кельцэ” ўпэўнена перамог на сваёй арэне харвацкі “Заграб” – 30:23. Беларускі лінейны гаспадароў Арцём Каралёк чатыры разы закінуў супернікам, а ў складзе гасцей беларус Ігар Бяляўскі закінуў свой першы мяч у галоўным кантынентальным турніры. Дзеючыя трыумфатары ЛЧ гандбалісты іспанскай “Барселоны” перайгралі ў Тронхейме нарвежскі “Кальстад” з лікам 35:30.

Беларускае Радыё Рацыя