Хакеісты менскага “Дынама” ўпэўнена перамаглі “Нафтахімік” у гасцявым матчы чэмпіянату КХЛ.

Сустрэча ў Ніжнякамску завяршылася з лікам 5:1. Асноўны рывок “зубры” зрабілі ў другім перыядзе, калі Данііл Ліпскі, Крыс Цірні і Вадзім Шыпачоў тройчы закінулі гаспадарам пляцоўкі. У заключнай частцы паядынку дубль аформіў Вадзім Мароз. “Нафтахімік” змог адказаць толькі адным голам пад канец гульні. Гэтая перамога дапамагла “Дынама” захаваць 7-е месца ў Заходняй канферэнцыі. Наперадзе ў каманды хатнія матчы – 2 лютага з омскім “Авангардам”, а 4 лютага – з “Сочы”.
Аляксей Протас усталяваў асабісты рэкорд у НХЛ
Беларускі форвард “Вашынгтона” Аляксей Протас падоўжыў выніковую серыю ў рэгулярным чэмпіянаце НХЛ. У матчы супраць “Атавы”, які скончыўся паразай “Кэпіталз” у авертайме 4:5, Протас адзначыўся галявой перадачай на Аляксандра Авечкіна. Для беларуса гэта ўжо шостая гульня запар з набранымі ачкамі. За гэты перыяд ён зарабіў 7 (3+4) балаў, што стала ягонай самай працяглай выніковай серыяй у кар’еры. Наступны матч “Вашынгтон” згуляе 2 лютага супраць “Вініпега”.
Вызначыліся ўдзельнікі плэй-оф Лігі Еўропы
Чарговы тур Лігі Еўропы падарыў футбольным заўзятарам яркія моманты і некалькі сюрпрызаў. “Манчэсцер Юнайтэд” на выездзе ўпэўнена перамог румынскую “Сцяуа” – 2:0. У супрацьстаянні “Андэрлехта” і “Хофенхайма“ забілі сем галоў – 4:3 на карысць нямецкага клуба. “Фенербахчэ” не ўтрымаў перамогу на апошніх хвілінах у матчы з “Мідцьюландам” – 2:2. Венгерскі “Ферэнцвараш” выдаў сапраўдны трылер супраць АЗ Алкмар, перамогшы з лікам 4:3. “Рома” без праблем справілася з “Айнтрахтам” – 2:0.
Пасля матчаў апошняга тура агульнага этапу Лігі Еўропы вядомы 24 клубы, якія працягнуць барацьбу за трафей. Напрамую ў 1/8 фіналу прайшлі “Манчэсцер Юнайтэд”, “Тотэнхэм”, “Атлетык” Більбао, “Лацыё”, “Айнтрахт”, “Ліён”, “Глазга Рэйнджэрс” і “Алімпіякас”. Іх супернікі вызначацца пасля стыкавых матчаў 13 і 20 лютага.
Фінал Кубка Беларусі адбудзецца на новым стадыёне ў Менску
Вырашальны матч Кубка Беларусі па футболе пройдзе на Нацыянальным футбольным стадыёне, які адкрыюць у траўні. Арэна на 33 тысячы месцаў узведзена на вуліцы Ванеева побач са стадыёнам “Трактар”. Будаўніцтва фінансавалася за кошт кітайскіх інвестыцый. У чвэрцьфінале турніру згуляюць “Іслач” супраць пераможцы пары “Дынама” (Менск) – “Нёман”, “Белшына” сустракаецца з “Макслайнам”, берасцейскае “Дынама” супраць “Тарпеда-БелАЗ”, а “Віцебск” згуляе супраць “Слуцка”. Таксама ў лютым і сакавіку запланаваныя матчы за Суперкубак Беларусі сярод мужчын і жанчын.
Беларускія міні-футбалісты стартавалі ў кваліфікацыі Еўра-2026 з баявой нічыі
Зборная Беларусі па міні-футболе падзяліла ачкі з Італіяй у першым матчы кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы 2026 года. Сустрэча, якая праходзіла ў Катанні, завяршылася з лікам 2:2. Гаспадары адкрылі лік ужо на 30-й секундзе, рэалізаваўшы пенальці. Аднак беларусы хутка адыграліся – Уладзіслаў Селюк зраўняў лік на 10-й хвіліне. У другой палове сустрэчы Сяргей Крыкун вывеў беларускую каманду наперад, але італьянцы здолелі зраўняць лік перад самым фінальным свістком. Гэта першае ачко беларусаў у афіцыйных матчах супраць Італіі. Наступная гульня адбудзецца 4 лютага, калі зборная Беларусі сустрэнецца з аўтсайдарам групы – Мальтай.
Харваты першымі выйшлі ў фінал чэмпіянату свету па гандболе
Зборная Харватыі аформіла выхад у фінал сусветнага гандбольнага першынства, сенсацыйна перамогшы віцэ-чэмпіёнаў планеты — каманду Францыі. Сустрэча завяршылася з лікам 31:28. Французы да гэтага не прайгралі ніводнага матчу на турніры. Цяпер харваты чакаюць суперніка, які вызначыцца ў супрацьстаянні паміж зборнай Даніі, дзеючым чэмпіёнам свету, і зборнай Партугаліі, якая ўпершыню дайшла да паўфіналу.
Беларускае Радыё Рацыя






