Футбалісты менскага “Дынама” перамаглі берасцейскіх дынамаўцаў у першым матчы 15-га тура і выйшлі ў лідары чэмпіянату Беларусі. Менчане адразу захапілі ініцыятыву і ўжо на 17-й хвіліне Павел Сядзько ударам з кута штрафной плошчы адкрыў лік. У далейшым гаспадары таксама мелі перавагу, але развіць свой поспех ім не ўдалося – 1:0. Пасля гэтай перамогі падначаленыя Вадзіма Скрыпчанкі набралі 35 ачкоў, яны адзіныя, хто прайшоў першы круг без паразаў – 10 вікторый і 5 нічыіх. Сёння яшчэ адзін фаварыт “Тарпеда-БелАЗ” згуляе ў Жодзіне з мазырскай “Славіяй”.

Футбалісткі “Дынама-БДУФК” выйгралі 15-ы матч запар у чэмпіянаце Беларусі
Футбалісткі менскага “Дынама-БДУФК” падоўжылі пераможную серыю ў матчах жаночага чэмпіянату Беларусі. Сваю 15-ю вікторыю запар падначаленыя Юрыя Малеева святкавалі, разграміўшы на хатняй арэне берасцейскае “Дынама” з лікам 4:0. У гэтым першынстве дзеючыя чэмпіёнкі забілі ўжо 123 галы, а прапусцілі ўсяго 5. Галоўны канкурэнт дынамаўскай дружыны ФК “Мінск” таксама на сваім полі разграміў аднаго з аўтсайдэраў турніру пінскі “ДЮСШ-ПалесДУ” – 10:0. Хет-трык аформіла Аляксандра Васкабовіч, галявы дубль у актыве Ліяны Мірашнічэнкі. Сталічная “Зорка-БДУ”, якая займае трэцяе месца, таксама з сухім лікам перамагла ў сябе дома футбалістак “Смаргоні” – 14:0.
Аргенціна толькі ў серыі пенальці прайшла Эквадор – Месі не забіў
У першым чвэрцьфінале Кубка Амерыкі-2024 зборная Аргенціны толькі ў серыі пасляматчавых пенальці адолела каманду Эквадора. У асноўны час сустрэча завяршылася ўнічыю 1:1. У складзе Аргенціны голам адзначыўся абаронца Лісандра Марцінэс. За Эквадор забіў нападнік Кевін Радрыгес. Нападнік і капітан аргенцінцаў Ліянэль Месі не рэалізаваў першы пенальці ў серыі. 37-гадовы аргентынец прабіў «паненкай» і трапіў у перакладзіну. Ён стаў адзіным гульцом у складзе зборнай, хто не рэалізаваў свой удар. На Кубку Амерыкі Месі правёў два матчы і аддаў адну галявую перадачу. У паўфінале Аргенціна згуляе з пераможцам пары Венесуэла – Канада. Матч паміж гэтымі камандамі пройдзе ў ноч на суботу.
Беларуска Гетманава ўзяла серабро юніёрскага чэмпіянату Еўропы па барацьбе
Марта Гетманава прынесла беларускай камандзе чарговы медаль першынства Еўропы па барацьбе сярод спартоўцаў не старэйшых за 20 гадоў, якое праходзіць у сербскім Нові-Садзе. Беларуска стала прызёрам у вагавай катэгорыі да 55 кг. У вырашальным паядынку яна не справілася з турчанкай Тубай Дэмір 6:15, стаўшы тым самым уладальніцай срэбра.
Каралёк і Церах сталі чэмпіёнамі Беларусі ў індывідуальнай гонцы
На дарогах Гарадзенскай вобласці стартаваў галоўны ўнутраны турнір для беларускіх веласіпедыстаў – чэмпіянат краіны па веласпорце на шашы. Праграму спаборніцтваў адкрылі гонкі з раздзельнага старту. Чэмпіёнам Беларусі ў індывідуальнай гонцы сярод мужчын стаў Яўген Каралёк, Марк Грынкевіч саступіў пераможцу 17 секунд. У жаночай гонцы з раздзельнага старту на 25 км найлепшы вынік паказала Ганна Церах, усяго на дзевяць секунд лідэр нацыянальнай каманды перасягнула час Анастасіі Кіпцікавай.
Беларускае Радыё Рацыя






