BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Менскі “Энергетык-БДУ” прыме футбалістаў “Віцебска” ў першым пераходным матчы

У менскім Доме футбола адбылося лёсаванне пераходных матчаў за права выступаць у вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі ў 2024 годзе. Гаспадаром першай сустрэчы 6 снежня будзе сталічны “Энергетык-БДУ”, які прыме футбалістаў “Віцебска”. Паядынак у адказ адбудзецца 9 снежня ў Віцебску. У гэтым сезоне “Энергетык-БДУ” заняў 14-е, перадапошняе месца ў элітным дывізіёне, а “Віцебск” фінішаваў трэцім у першай лізе нацыянальнага чэмпіянату. Вышэйшую лігу пакідае бабруйская “Белшына”, а дзяржынскі “Арсенал” і магілёўскі “Дняпро” заваявалі прамыя пуцёўкі ў эліту.

Польскі агент Скарупа: “Шкурын завершыць сезон у Мельцы”

Польскі агент Іллі Шкурына Раман Скарупа распавёў пра пераход у «Сталь» Мелец, а таксама падзяліўся інфармацыяй пра будучыню беларускага нападніка. «Шчыра кажучы, перад сезонам у Польшчы не было вялікай цікавасці да Шкурына. У прынцыпе, толькі два клубы праявілі цікавасць. Адзін з іх, у канчатковым выніку, адмовіўся ад яго, падпісаўшы кантракт з іншым нападнікам. “Сталь” жа была канкрэтнай ад пачатку да канца. Ужо атрымаў першыя званкі з яго нагоды, але магу супакоіць заўзятараў: на 100% Шкурын завершыць сезон у Мельцы. А потым ён будзе свабодным агентам, так што цяжка прадказаць, што адбудзецца», – сказаў Скарупа. Нагадаю, што правы на Шкурына належаць ЦСКА, кантракт футбаліста з маскоўскім клубам дзейнічае да лета 2024 года.

Экс-галкіпер “Нёмана” Курганскі пакінуў “Макслайн”

37-гадовы галкіпер Сяргей Курганскі пакінуў “Макслайн”, які выступае ў другім дывізіёне. У пачатку сезона футбаліст трапіў у «чорны спіс» «Мінспорту», з-за чаго не змог згуляць у чэмпіянаце Беларусі за «Нёман». Летам футбаліст пакінуў гарадзенскі клуб і перайшоў у “Макслайн”, у складзе якога правёў 9 матчаў.

«Тотэнхэм» на 90-й хвіліне выратаваў нічыю з «Ман Сіці»

«Манчэстэр Сіці» на хатняй арэне не ўтрымаў перамогу над лонданскім «Тотэнхэмам» у 14-м туры АПЛ – 3:3. “Шпоры” забілі першымі намаганнямі Сон Хін Міна на 6-й хвіліне, а праз 3 хвіліны карэец вызначыўся аўтаголам. “Сіці” выйшаў наперад на 31-й хвіліне дзякуючы голу Філа Фодена. У другім тайме зраўняў Джавані Ло Чэльса, а яму адказаў Джэк Грыліш. Гэта яго першы гол у сёлетнім розыгрышы АПЛ. На 90-й хвіліне «шпоры» выратаваліся ад паразы – мяч у актыве Дэяна Кулушэўскі. Галоўны трэнер «Манчэстэр Сіці» Хасэп Гвардыёла адмовіўся каментаваць рашэнне арбітра матчу Саймана Хупера спыніць атаку на 5-й даданай хвіліне, калі 1 на 1 з галкіперам мог выходзіць Джэк Грыліш. Для «Тотэнхэма» гэта чацвёрты тур без перамог, лонданцы апусціліся на 5-ю пазіцыі ў табліцы. Адставанне ад лідэра “Арсенала” зараз складае 6 ачкоў. «Ман Сіці» ідзе трэцім, перавага «кананіраў» – 3 пункты.

Стаў вядомы пашыраны склад зборнай Беларусі па хакеі на Кубак Першага канала

Трэнерскі штаб нацыянальнай каманды Беларусі па хакеі вызначыўся з гульцамі, якія будуць рыхтавацца да Кубка Першага канала. Для падрыхтоўкі да Кубка Першага канала, які пройдзе ў Санкт-Пецярбургу з 14 па 17 снежня, у зборную Беларусі выкліканы 28 хакеістаў – 3 галкіперы, 9 гульцоў абароны і 16 форвардаў. Адзначаецца, што ў складзе магчымыя змены. Найбольш прадстаўнікоў з менскага “Дынама” – адзін брамнік, два абаронцы і дзесяць нападнікаў. Зборная Беларусі па хакеі з’яўляецца дзейным уладальнікам Кубка Першага канала. Сёлета нашы хакеісты аспрэчаць трафей са зборнай Казахстана і камандамі “Зоркі і ВХЛ” і “Расея 25”.

Беларус Румянцаў выйграў бронзу на юніёрскім чэмпіянаце свету па боксе

У сталіцы Арменіі Ерэване набліжаецца да завяршэння чэмпіянат свету па боксе сярод спартоўцаў не старэйшых за 16 гадоў з удзелам беларусаў. Першую ўзнагароду нашай камандзе прынёс Андрэй Румянцаў, які выступае ў вагавай катэгорыі да 80 кг. На стадыі 1/8 фіналу беларус перамог Раміна Папаля з Германіі, у 1/4 прайшоў эквадорца Хуана Гарсэза, але ў паўфінале саступіў спартоўцу з Індыі Ардзіку Панвару. Згодна з рэгламентам, баі за трэцяе месца на турніры не прадугледжаны, таму Румянцаў стаў уладальнікам бронзавага медаля. Усяго Беларусь на юніёрскім чэмпіянаце свету прэзентавалі 17 баксёраў – 12 хлопцаў і пяць дзяўчат.

Беларускае Радыё Рацыя