BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Менскія дынамаўцы не здолелі забіць “Адміралу”

Хакеісты менскага “Дынама” прайгралі ва Уладзівастоку мясцоваму “Адміралу”. Два месяцы таму паядынак каманд на “Мінск-Арэне” завяршыўся разгромнай перамогай “зуброў” 7:2. Зараз жа вынік на карысць “Адмірала” – 4:0. Такім чынам, сталічны клуб пацярпеў чацвёртую паразу ў пяці апошніх матчах. Беларуская каманда займае сёмае месца ў табліцы Заходняй канферэнцыі, набраўшы 36 ачкоў пасля 33 гульняў. Турнэ па Далёкім Усходзе “зубры” завершаць 6 снежня, у гэты дзень мінчан прыме аўтсайдэр Усходу “Амур”.

Ice hockey stick and puck 20181220

Шаранговіч закінуў 90-ю шайбу ў кар’еры ў НХЛ Ягор Шаранговіч.

Беларускі нападнік “Калгары” Ягор Шаранговіч адзначыўся голам у матчы рэгулярнага чэмпіянату Нацыянальнай хакейнай лігі. Канадскі клуб прымаў “Каламбус”. За 20 секунд да фінальнай сірэны Шаранговіч закінуў у пустую брамку гасцей, усталяваўшы канчатковы лік – 3:0 на карысць “Калгары”. У 19 матчах сезона ў актыве беларуса 8 (6+2) ачкоў. Гэты гол стаў для Ягора 90-м у рэгулярных чэмпіянатах НХЛ, што з’яўляецца трэцім паказчыкам сярод усіх беларусаў у гісторыі. Акрамя таго, Шаранговіч набраў свой 173-і бал за кар’еру ў лізе і дагнаў па колькасці ачкоў у НХЛ Уладзіміра Цыплакова.

Мартыновіч не плануе вяртацца ў АПЛ

Абаронца казахстанскага “Кайрата” і зборнай Беларусі Аляксандр Мартыновіч выказаўся аб магчымым вяртанні ў расійскую Прэм’ер-лігу. У яго яшчэ год кантракту з «Кайратам» і ён збіраецца адпрацаваць гэтую дамову. Аляксандр Мартыновіч папоўніў шэрагі “Кайрата” летам. З тых часоў гулец правёў за клуб 17 сустрэч і забіў два галы. У расійскай Прэм’ер-лізе Мартыновіч выступаў за “Урал”, “Краснадар” і “Рубін”.

“Барселона” разграміла “Мальёрку”

Футбалісты “Барселоны” нанеслі буйную паразу “Мальёрцы” з лікам 5:1 у перанесеным матчы 19-га тура чэмпіянату Іспаніі. Капітан «сіне-гранатавых» Рафінья аформіў галявы дубль. Менавіта ён забіў пераможны гол, рэалізаваўшы пенальці за фол супраць Ламіна Ямаля. Тым самым Рафінья дасягнуў адзнакі ў 10 забітых мячоў у гэтым сезоне Ла Лігі. Роберт Левандоўскі не прыняў удзел у матчы, застаўшыся на лаўцы запасных.

Сабаленка і Азаранка адкрыюць новы сезон на турніры ў Брысбене

Найлепшыя беларускія тэнісісткі плануюць адкрыць новы сезон на турніры WTA-500 у аўстралійскім Брысбене з прызавым фондам 1 мільён 100 тысяч даляраў. Першая ракетка планеты Арына Сабаленка ў мінулым сезоне дабралася да фіналу гэтых спаборніцтваў, саступіўшы прадстаўніцы Казахстана Алене Рыбакінай 0:6, 3:6. Вікторыя Азаранка, якая зараз займае 20-е месца ў сусветным рэйтынгу, тады дайшла да чвэрцьфіналу, у якім прайграла Сабаленцы 2:6, 4:6. Арына Сабаленка выйграла гэты турнір у 2023 годзе, а Вікторыя Азаранка станавілася яго пераможцай двойчы ў 2009 і 2016.

Беларускае Радыё Рацыя