Хакеісты менскага «Дынама» няўдала пачалі каляндарны год у рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. У першай хатняй гульні новага года падначаленыя Дзмітрыя Квартальнава прымалі хабараўскі «Амур». У гэтым матчы ў складзе «Дынама» дэбютаваў канадскі навічок клуба Танэр Фрыц, кантракт з якім быў падпісаны ў канцы снежня. У другім перыядзе лік у паядынку быў адкрыты гасцямі на 23-й хвіліне сустрэчы. На пачатку заключнай траціны галкіпер менчукоў Аляксей Коласаў быў вымушаны дастаць шайбу з сеткі другі раз. Пасля гэтага «зубры» зладзілі сапраўдны штурм, але брамнік «Амура» Ігар Бабкоў трымаўся аж да 57-й хвіліны. Менавіта ў гэты момант гаспадары атрымалі права на штрафны кідок, які рэалізаваў лепшы бамбардзір клуба Сэм Энас. На выратаванне ў менчукоў заставалася ўсяго нічога, але гэтага часу «зубрам» хапіла – у авертайм сустрэчу за 20 секунд да сірэны перавёў капітан каманды Андрэй Стась. На жаль, у дадатковым адрэзку «зубрам» не пашанцавала, а хакеісты «Амура» усёткі выдрапалі перамогу з лікам 3:2.
Хакеісты «Нёмана» перамаглі «Юнацтва» ў «беларускім класіка»
У беларускай хакейнай экстралізе завяршыліся навагоднія канікулы – у пятніцу рэгулярны чэмпіянат аднавіўся матчамі ў Віцебску, Гародні і Наваполацку. Цэнтральны паядынак вечара быў згуляны на захадзе краіны, дзе сышліся чацвёртая і пятая каманды бягучага сезона – прынцыповыя супернікі «Нёман» і «Юнацтва». Гарадзенцы выйшлі наперад ужо на трэцяй хвіліне матча, а ўсяго праз некалькі атак падвоілі перавагу. Менчукі скарацілі адставанне ў сярэдзіне стартавага адрэзка, але гэты гол так і застаўся для гасцей адзіным. Хакеісты «Нёмана» закінулі яшчэ тройчы, фінальная сірэна зафіксавала лік 5:1 на карысць гаспадароў. Тры выніковыя балы за гарадзенцаў набраў Арцём Осіпаў. Паралельна ў Наваполацку сустрэліся яшчэ адны суседзі па турнірнай табліцы: «Хімік» і «Металург» – жлабінчане святкавалі перамогу з лікам 3:1.
Амерыканскія хакеісты сталі чэмпіёнамі свету сярод моладзі
У шведскім Гётэборгу завяршыўся маладзёжны чэмпіянат свету па хакею, удзел у якім бралі хакеісты не старэйшыя за 20 гадоў. Да фінальнага матча турніру дабраліся амерыканцы і гаспадары пляцоўкі шведы. У выніку перамагла зборная ЗША з лікам 6:2, хакеісты ЗША становяцца чэмпіёнамі свету сярод моладзі шосты раз у гісторыі, шведы ж не могуць заваяваць трафей ужо на працягу дванаццаці гадоў.
Герасімаў прабіўся ў паўфінал тэніснага турніру ў Партугаліі
Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў святкаваў трэцюю перамогу запар на турніры серыі АТР Challenger у партугальскім Аэйрашы з прызавым фондам амаль 37 тысяч еўра. У чвэрцьфінале беларус перайграў у двухгадзінным трохсэтавым паядынку прадстаўніка ЗША Тай-Сона Квяткоўскі – 6:7 (2:7), 6:3, 6:4.
Немец Доль і францужанка Брэза-Бушэ выйгралі спрынты на чацвёртым этапе Кубка свету па біятлоне.
У нямецкім Аберхофе стартаваў чацвёрты этап розыгрышу Кубка свету па біятлоне. Праграму спаборніцтваў адкрыла мужчынская спрынтарская гонка, якая павінна была адбыцца яшчэ днём раней, але была перанесена на пятніцу з-за залішне цёплага надвор’я. Перамогу на дыстанцыі ў 10 км святкаваў нямецкі біятланіст Бенедыкт Доль, Наймацнейшых у аналагічным відзе праграмы вызначылі жанчыны. Першае месца ў генеральнай класіфікацыі ўмацавала Жусцін Брэза-Бушэ з Францыі, перамагчы якой не перашкодзілі нават два штрафныя колы.
Беларускае Радыё Рацыя