BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Менскія дынамаўцы прайгралі “Хартсу” ў Лізе канферэнцый

Футбалісты менскага “Дынама” з паразы пачалі выступы ў асноўным этапе Лігі канферэнцый. У азербайджанскім Сумгаіце падначаленыя Вадзіма Скрыпчанкі ў намінальна хатнім матчы саступілі шатландскаму “Хартсу” з Эдынбурга з лікам 1:2. На 21-й хвіліне гульні лік адкрыў нігерыйскі форвард менчан Стывен Альфрэд. Праз 15 хвілін лік стаў роўным – капітан мінчан Сяргей Паліцэвіч адправіў мяч у сваю браму. Пасля перапынку невялікая перавага была ў “Хартса”, і на 4-й кампенсаванай хвіліне Ян Данда забіў пераможны гол. Свой наступны паядынак у трэцім па рангу кантынентальным турніры чэмпіёны Беларусі правядуць 24 кастрычніка ў Хельсінкі з фінскім ХІКам.

Дзень польскіх клубаў у Лізе чэмпіёнаў

Абодва польскія прадстаўнікі ў Лізе канферэнцый – “Ягелонія” і “Легія” – дамагліся нечаканых перамог на старце турніра. Беластачане на выездзе гулялі з дацкім “Капенгагенам”. Гаспадары з першага свістка пачалі атакі і на 12-й хвіліне гульні пацвердзілі сваю перавагу. Пасля падачы кутавога Пантэліс Хадзідыякас галавой скіраваў мяч у сетку. Пулулу на 51-й хвіліне зраўняў лік ударам з блізкай адлегласці пасля перадачы Жаау Маўцінью. Гэта быў першы ўдар па браме каманды з Беластока. Калі здавалася, што матч завершыцца ўнічыю, вырашальны ўдар на апошняй хвіліне даданага часу нанёс Дарка Чурлінаў. Ён атрымаў выдатны пас ад Пулулу, дабег да штрафной і прабіў міма брамніка датчанаў, прынёсшы сваёй камандзе перамогу 2:1.

Варшаўская “Легія” святкавала перамогу 1:0. Адзіны гол у матчы з іспанскім “Бетысам” забіў Стыў Капаўдзі яшчэ да перапынку. Жахлівы выступ легіянераў у Экстракласе апынуўся толькі дымавой завесай. Супернік з Ла Лігі біўся галавой аб сцяну 90 хвілін, прыехаў як фаварыт, але вяртаецца на Пірэнейскі паўвостраў як ахвяра.

Ганчарэнка можа ўзначаліць “Ніжні Ноўгарад”

Былы трэнер барысаўскага БАТЭ і ЦСКА Віктар Ганчарэнка блізкі да таго, каб узначаліць «Пары НН» з Ніжняга Ноўгарада. Як піша Football.by, кіраўніцтва клуба вядзе са спецыялістам перамовы па асабістых умовах кантракта і прынцыпах камплектавання каманды. Апошняй камандай беларускага спецыяліста быў “Урал”. “Пары НН” пасля дзесяці тураў РПЛ займае 11 месца.

Хакеісты менскага “Дынама” прайгралі СКА ў матчы КХЛ

Хакеісты менскага “Дынама” няўдала завяршылі хатнюю серыю ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. У трэцім запар матчы на ​​родным лёдзе падначаленыя Дзмітрыя Квартальнава прымалі суседа па турнірнай табліцы – піцерскі СКА. Ужо на 26-й секундзе мінчане апынуліся ў становішчы адстаючых, а потым прапусцілі яшчэ па разу ў другім і трэцім перыядах. За 60 хвілін гульні гаспадары так і не здолелі закінуць шайбу, у выніку параза з лікам 0:3. Такім чынам, у трох матчах хатняй серыі мінчане набралі два ачкі: раней сталічны клуб абыграў “Адмірал” 7:2 і саступіў “Северсталі” 2:3. Далей беларускую каманду чакае трохматчавая выязная серыя.

“Шахцёр” на выездзе абыграў “Нёман”

У рамках Betera-Экстралігі па хакеі адбыліся тры матчы. У цэнтральным паядынку чацвярга “Нёман” на сваёй пляцоўцы саступіў “Шахцёру” з лікам 1:2. Вырашальную шайбу на 55-й хвіліне гульні закінуў Дзяніс Еркін. У іншых сустрэчах “Лакаматыў” абыграў “Брэст” 3:1, а “Славуціч” пацярпеў разгромную паразу ад “Юнацтва” – 1:6.

Беларускае Радыё Рацыя