BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Менскія дынамаўцы прайгралі маскоўскім у тысячным матчы ў КХЛ

Хакеісты менскага “Дынама” прайгралі маскоўскім дынамаўцам на старце чарговай хатняй серыі ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. Гэты матч стаў для беларускай каманды тысячным за ўвесь час выступаў у лізе. Перад пачаткам і падчас паядынку на медыякубе “Мінск-Арэны” былі паказаны віншаванні на адрас “Дынама” ад вядомых экс-хакеістаў “зуброў”. Акрамя таго, на сустрэчу былі запрошаны гульцы, якія абаранялі колеры менчукоў у першым сезоне сталічнага клуба ў КХЛ 16 гадоў таму.

Натхнёныя такой магутнай падтрымкай, гаспадары выйшлі наперад ужо на чацвёртай хвіліне – магутны кідок нанёс абаронца Брэды Лайл. У сярэдзіне перыяду “зубры” падвоілі перавагу: Ягор Борыкаў адабраў шайбу ў цэнтры пляцоўкі, працягнуў яе да брамкі і адправіў пад перакладзіну. У другім перыядзе мінчане скарысталіся большасцю – аўтарам гола з пятака стаў Віталь Пінчук. Незадоўга да перапынку “зубры” самі засталіся ў меншасці, якую госці рэалізавалі ўсяго за 15 секунд – 1:3. У пачатку заключнай трэці масквічы скарацілі адставанне да мінімуму, а праз пяць хвілін і зусім зраўнялі лічбы намаганнямі абаронцы нацыянальнай зборнай Беларусі і былога гульца менскага клуба Кірыла Гатаўца, а неўзабаве „зубры” прапусцілі зноў: дубль аформіў Мікіта Гусеў. Такім чынам, падначаленыя Дзмітрыя Квартальнава пацярпелі паразу з лікам 3:4.

Нідэрланды – Іспанія, Італія – Германія — лёсаванне 1/4 фіналу Лігі нацый

У швейцарскім Ньёне адбылося лёсаванне 1/4 фіналу Лігі нацый. Таксама прайшло лёсаванне стыкавых паядынкаў. У чвэрцьфінале згуляюць Нідэрланды і Іспанія, Харватыя і Францыя, Данія супраць Партугаліі і Італія супраць Германіі. Сустрэчы плэй-оф Лігі нацый адбудуцца 20 і 23 сакавіка. У стыкавых матчах Лігі А і В Украіна трапіла на Бельгію. Стыкавыя баталіі таксама пройдуць 20 і 23 сакавіка.

Футбалісты менскага “Дынама” і “Тарпеда-БелАЗ” згулялі ўнічыю ў чэмпіянаце Беларусі

Футбалісты менскага “Дынама” не здолелі ўтрымаць перамогу ў гасцявой гульні з жодзінскімі тарпедаўцамі. У перанесеным паядынку 20-га тура Аляксей Гаўрыловіч у канцы першага тайма вывеў мінчан наперад, а амаль адразу пасля перапынку Максім Скавыш зраўняў лік – 1:1.
Сёння магілёўскі “Днепр” прыме “Іслач”, “Смаргонь” згуляе з “Нёманам”, а “Мінск” са “Слуцкам”.

У жаночым чэмпіянаце Беларусі па футболе матч скончыўся з разгромным лікам

Гэта была апошняя гульня тура вышэйшай лігі жаночага чэмпіянату краіны па футболе, у якой сустракаліся “Зорка-БДУ” і “Смаргонь”. Аўтсайдар першынства быў разгромлены з лікам 0:28. Ужо да перапынку гаспадыні засмуцілі суперніц 15 разоў. У другім тайме яны забілі яшчэ 13 мячоў. Пры гэтым сумарна 13 галоў у браму “Смаргоні” забіла расейка Кацярына Фралова. Дзякуючы гэтаму яна ўзначаліла гонку бамбардзіраў. Гэта самы буйны лік у жаночым чэмпіянаце краіны з 2013 года. Тады “Надзея-Днепр” перамагла “Вікторыю-86” з лікам 34:0.

Беларускі кікбаксёр Саўчанка ўзяў золата чэмпіянату свету ў Іспаніі

Беларускі спартовец Станіслаў Саўчанка стаў пераможцам чэмпіянату свету па кікбоксінгу, які праходзіць у іспанскім Алікантэ. Саўчанка перамог ў раздзеле К-1 у вагавай катэгорыі да 86 кілаграмаў. Раней золата чэмпіянату свету ў лоу-кіку заваяваў беларус Віктар Нечытайла (у вазе да 60 кг), а Андрэй Варанік узняўся на трэцюю прыступку п’едэстала ў вазе да 63,5 кг.

Беларускае Радыё Рацыя