
Хакеісты менскага “Дынама” аднавілі выступы ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі пасля міжнароднай паўзы. Першым супернікам падначаленых Дзмітрыя Квартальнага пасля двухтыднёвага перапынку на гульні зборных стаў падмаскоўны “Віцязь”, які замыкае табліцу Заходняй канферэнцыі. У сярэдзіне другога перыяда большасць рэалізаваў капітан клуба Андрэй Стась. Праўда, на перапынак каманды пайшлі пры роўным ліку, супернік таксама вызначыўся пры гульні ў фармаце “5 на 4”. Зламіць “Віцязь” “зубры” здолелі ў пачатку заключнага перыяду: спачатку адзначыўся Ягор Борыкаў, а ўсяго праз 20 секунд Аляксандр Волкаў падвоіў перавагу гаспадароў. Да фінальнай сірэны мінчане паспелі правесці кантрольны стрэл, у пустую брамку трапіў Кодзі Керан – 4:1. Гэты поспех стаў для “Дынама” трэцім запар, дзякуючы чаму сталічны клуб умацаваўся ў зоне плэй-оф на Захадзе. “Зубры” ідуць у турнірнай табліцы восьмымі, маючы 40 ачкоў.
“Юнацтва” адыгралася з ліку 1:4 і перамагло “Магілёў”
У аўторак трыма матчамі ў Гомелі, Магілёве і Лідзе працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. У Магілёве мясцовы клуб, які не ўваходзіць у зону плэй-ін, сустракаўся з камандай з верхняй шасцёркі – менскім “Юнацтвам”. У пачатку сустрэчы супернікі абмяняліся ўзяццямі брамкі усяго за дзесяць секунд, а далей на пляцоўцы пачалі дамінаваць гаспадары. Яшчэ два галы ў першым перыядзе і адзін у другім давялі лік да буйнога на карысць “Магілёва” – 4:1. Прыйсці ў сябе мінчанам удалося толькі ў фінальнай 20-хвілінцы: хакеісты “Юнацтва” закінулі тры разы, а ў авертайме выдрапалі перамогу 5:4. Хет-трыкам за мінчан вызначыўся Алег Ламака, які стаў і аўтарам вырашальнай шайбы. Паралельна на захадзе краіны “Ліда” перамагла наваполацкі “Хімік” 3:2. Таксама “Гомель” на хатняй арэне згуляў з “Брэстам”, зыход гэтай сустрэчы на карысць “рысяў” вырашыла адзіная шайба, якую на пачатку другога перыяду правёў Леў Камісараў.
“Барысфен” перапыніў серыю паразаў у чэмпіянаце Беларусі па баскетболе
Баскетбалісты магілёўскага “Барысфена” спынілі няўдалую серыю ў гульнях чэмпіянату Беларусі. Пасля двух хатніх паразаў запар ад “Гродна-93” (65:88) і сталічнага “Імпульса-БДУІР” (79:83) падначаленыя Андрэя Крываноса абыгралі на паркеце магілёўскага спарткомплексу “Алімпіец” рэзервістаў БК “Мінск” з лікам 102:73 . Пасля гэтай вікторыі магіляўчане вярнуліся ў лідары, набраўшы 30 ачкоў у 16 праведзеных сустрэчах. Баскетбалісты “Гродна-93” адстаюць на адзін бал, па 24 ачкі маюць “Імпульс-БДУІР” і віцебскі “Рубон”.
“Манчэстэр Сіці” выйшаў у фінал клубнага чэмпіянату свету
Ангельскі “Манчэстэр Сіці” ўпершыню прабіўся ў фінал клубнага чэмпіянату свету, які прымае Саудаўская Аравія. У паўфінальным матчы з японскай камандай “Урава Рэд Дайманд” найлепшы клуб Еўропы перамог з буйным лікам 3:0. Такім чынам, 22 снежня ў Джыдзе “Манчэстэр Сіці” паспрачаецца за галоўны трафей з бразільскім “Флумінэнсэ” з Рыа-дэ-Жанейра, які таксама ўпершыню згуляе ў фінальным паядынку гэтых спаборніцтваў. Паўднёваамерыканскі клуб у першым паўфінале перамог егіпецкі “Аль-Ахлі” з лікам 2:0.
Беларускае Радыё Рацыя






