У Жлобіне адбыўся чацвёрты паядынак у паўфінальнай серыі беларускай хакейнай экстралігі паміж хакеістамі “Металурга” і “Гомеля”. Як і ў папярэдняй сустрэчы два дні таму, супернікі доўгі час абыходзіліся без закінутых шайб. Першы дакладны кідок гледачы ўбачылі толькі на 32-й хвіліне матча, калі вызначыўся форвард “рысей” Ілля Жукоўскі. Аднавіць парытэт гаспадары змаглі за 40 секунд да сірэны аб заканчэнні другога перыяду – віншаванні ад партнёраў прымаў Арцём Анціпаў. У сярэдзіне трэцяга гульнявога адрэзка гамяльчане засталіся ўчатырох супраць пяцёркі суперніка, і гэтае выдаленне апынулася для гасцей фатальным – Аляксандр Падкарытаў вывеў “Металург” наперад. У астатнія сем хвілін выратавацца “рысі” не змаглі, такім чынам, 2:1 на карысць клуба са Жлобіна, які павялічвае перавагу ў серыі да чатырох перамог 3:1.

Канадзец Рычы пакіне мінскае «Дынама»
Журналіст «Спорт-Экспрэс» Артур Хайрулін падзяліўся інсайдам па зменах у складзе менскага «Дынама». Паводле яго інфармацыі, менчан пакіне канадскі форвард Брэт Рычы. 30-гадовы канадзец не вызначыўся выніковымі дзеяннямі ў плэй-оф КХЛ, а за 12 гульняў рэгулярнага чэмпіянату набраў 3 (2+1) ачкі. Кантракт легіянера з «зубрамі» разлічаны да 30 красавіка.
Шыкаўка забіў пяты мяч у гэтым сезоне чэмпіянату Польшчы
Беларускі нападнік «Кароны» Яўген Шыкаўка адзначыўся голам у матчы 26-га тура чэмпіянату Польшчы супраць «Відзэва». Аднак каманда беларуса ўсё роўна прайграла з лікам 1:3. Гэта ўжо пяты гол Шыкаўкі ў гэтым сезоне. “Сталь” Мелец разам з Іллёй Шкурыным згуляла ўнічыю з познаньскім “Лехам” 0:0, беларускі нападнік быў заменены на 80-й хвіліне гульні.
Васілючак падпісаў кантракт з «Туранам»
Паводле інфармацыі Bet News, беларускі галкіпер Уладзіслаў Васілючак падпісаў кантракт з туркестанскім «Туранам». Пагадненне Васілючака з клубам з Туркестана разлічана да канца сезона. Беларус пакуль не ўключаны ў заяўку каманды. Раней паведамлялася, што 30-гадовы брамнік пакінуў азербайджанскі «Кяпаз» і знаходзіцца ў размяшчэнні «Турана». У 3 матчах КПЛ «Туран» набраў 4 ачкі і займае 7-е месца ў турнірнай табліцы.
Матч усіх зорак Лігі ВТБ у 2025 годзе пройдзе на «Мінск-Арэне»
Як паведаміла прэс-служба Адзінай лігі ВТБ, матч усіх зорак у 2025 годзе пройдзе ў Менску. «З радасцю абвяшчаем месца правядзення Матча ўсіх зорак Адзінай лігі – ім стане стадыён «Мінск-Арэна», размешчаны ў сталіцы Беларусі. «Мінск-Арэна» – самая вялікая арэна ў Адзінай лізе: яе ёмістасць перавышае 15 тысяч гледачоў», – напісана ў тэлеграм-канале.
Adidas забароніць 44-ы нумар на форме зборнай Германіі з-за «падабенства з фашысцкай сімволікай»
Нямецкі гісторык Міхаэль Кеніг выказаў занепакоенасць тым, што нумар 44, апублікаваны на пярэдняй і задняй частках хатняй формы футбольнай зборнай Германіі, паказаў падабенства з лагатыпам, які насілі афіцэры СС. Хоць ніводны гулец на чэмпіянаце Еўропы ў Германіі не будзе насіць гэты нумар, паколькі каманда пранумараваная ад 1 да 26, але заўзятары могуць замовіць сабе футболку з нумарам 44. Еўра-2024 пройдзе ў Нямеччыне з 14 чэрвеня па 14 ліпеня.
Беларускае Радыё Рацыя