Беларуская хакейная экстраліга вызначыла яшчэ двух удзельнікаў плэй-оф – барацьбу за чэмпіёнства працягнуць «Металург» і «Гомель». Жлобінскія «сталёвыя ваўкі» саступілі «Дынама-Маладзечна» 1:2, але захавалі за сабой месца ў васьмёрцы. Каманда мае 62 ачкі і гарантавана трапляе ў чвэрцьфінал. «Гомель» прайграў «Лакаматыву» 2:4, аднак яго пазіцыі таксама не пагоршыліся – пятае месца і ўпэўнены выхад у плэй-оф. Раней пуцёўкі ў чвэрцьфінал аформілі «Юнацтва», «Віцебск» і «Нёман». Апошнюю прамую квоту, хутчэй за ўсё, атрымае «Дынама-Маладзечна» – для гэтага камандзе трэба набраць усяго два ачкі ў шасці матчах.
Два беларускія хакеісты трапілі ў рэйтынг перспектыўных гульцоў НХЛ
Беларусы працягваюць заваёўваць прызнанне ў хакейным свеце. Паводле версіі эксперта TSN Крэйга Бэтана, адразу два нашы хакеісты трапілі ў топ-50 самых перспектыўных гульцоў, якія яшчэ не выступаюць у НХЛ. 19-гадовы абаронца «Чыкага Блэкхокс» Арцём Ляўшуноў заняў 25-ю пазіцыю, а 18-гадовы форвард «Вашынгтон Кэпіталз» Ілля Протас апынуўся на 30-м месцы. Лідар рэйтынгу – расеец Іван Дзямідаў, які прадстаўляе сістэму «Манрэаля».
“Манчэстэр Юнайтэд” прайшоў у 1/8 фінала Кубка Англіі
У еўрапейскіх чэмпіянатах і кубкавых турнірах адбылося некалькі гучных матчаў.
У 1/16 фіналу Кубка Англіі «Манчэстэр Юнайтэд» на апошніх хвілінах вырваў перамогу ў «Лестэра» – 2:1. Пераможны гол на рахунку Гары Магуайра. «Баварыя» ўпэўнена разабралася з «Вердэрам» у чэмпіянаце Нямеччыны, перамогшы 3:0. Дубль аформіў Харры Кейн, двойчы рэалізаваўшы пенальці. «Ювентус» з цяжкасцю, але ўсё ж такі перамог «Кома» – 2:1. Абодва галы турынцаў забіў Кола-Муані, другі – з пенальці на 89-й хвіліне.
«Дынама-Брэст» працягвае вяртаць чэмпіёнаў – у каманду можа вярнуцца Арцём Быкаў
Берасцейскае «Дынама» рыхтуецца да вяртання яшчэ аднаго гульца, які дапамог клубу заваяваць золата чэмпіянату Беларусі ў 2019 годзе. Разглядаецца магчымасць падпісання паўабаронцы Арцёма Быкава. 32-гадовы футбаліст апошні год правёў у менскім «Дынама» і грэцкай «Ламіі». У сталічным клубе ён згуляў 19 матчаў, забіў 2 галы і зрабіў 2 выніковыя перадачы, а ў Грэцыі правёў 16 сустрэч. У студзені Быкаў стаў свабодным агентам. Нагадаю, што нядаўна ў Берасце вярнуўся яшчэ адзін чэмпіён-2019 – нападнік Дзяніс Лапцеў.
Беларускі галкіпер можа працягнуць кар’еру ў Грузіі
33-гадовы брамнік Раман Стэфанаў, які правёў мінулы сезон у «Маладзечна», блізкі да пераходу ў грузінскую «Гагру». У мінулым сезоне ён правёў 33 матчы, з якіх 20 разоў не прапусціў ніводнага мяча.
«Арсенал» не змог дамовіцца аб арэндзе Мараты
Лонданскі «Арсенал» планаваў узяць у арэнду іспанскага форварда Альвара Марату, які належыць «Мілану». Аднак перамовы завяршыліся без поспеху, і цяпер нападнік правядзе другую палову сезону ў турэцкім «Галатасараі».
Беларускае Радыё Рацыя