BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«Металург» павялічыў адрыў ад «Брэста» ў фінальнай серыі

У пятніцу ў Жлобіне адбыўся другі матч фінальнай серыі плэй-оф беларускай хакейнай экстралігі. Падначаленыя Дзмітрыя Краўчанкі ўжо ў дэбютным перыядзе 16 разоў кінулі па брамцы «Брэста», да канца гульні іх колькасць дасягнула сарака. Першую закінутую шайбу гледачы ў мясцовым лядовым палацы ўбачылі на дзявятай хвіліне матча – у другой гульні запар вызначыўся форвард «Металурга» Віталь Пінчук. Адказ у гасцей знайшоўся ў пачатку другога перыяду, мэты дасягнуў кідок Сяргея Маляўкі. Роўны лік пратрымаўся на табло нядоўга: спачатку Сяргей Кузняцоў падоўжыў асабістую серыю з галамі да трох матчаў, а праз шэсць хвілін Раман Дастанка павялічыў перавагу «сталёвых ваўкоў» да дзвюх шайбаў – 3:1. У заключнай трэці лічбы не змяніліся, такім чынам, жлобінскі клуб вядзе ў фінальным супрацьстаянні з лікам 2:0. Далей супернікі пераедуць у Берасце, дзе правядуць яшчэ два матчы 14 і 16 красавіка.

Аўтограф-сесія і таварыскі матч. Прэс-канферэнцыя «Нёмана» адбудзецца 13 красавіка ў Гародні

Прэс-канферэнцыя хакейнага клуба «Нёман» адбудзецца 13 красавіка ў Гародні. Як паведамляецца, 13 красавіка а 15-й гадзіне гарадзенцы і госці абласнога цэнтра змогуць пагутарыць з камандай чырвона-чорных у гандлёва-забаўляльным комплексе TRINITI. Поўны склад гульцоў падзеляцца сваімі хваляваннямі і раскрыюць планы на будучыню. Удакладняецца, што каманда адкажа на ўсе пытанні, раскрые сакрэты прафесійнай гульні, а таксама будзе магчымасць абмеркаваць будучы фінал хакейнага сезона. Заўзятараў «Нёмана» чакае аўтограф- і фотасесія з хакеістамі. Таксама адбудзецца жывы канцэрт. А а 17-й гадзіне пачнецца таварыскі хакейны матч. На лядовай арэне «Нёман» сустрэнецца з камандай Гарадзенскай вобласці.

«Віцебск» перамог футбалістаў «Слуцка» на старце чацвёртага тура чэмпіянату Беларусі

Футбалісты «Віцебска» перайгралі «Слуцк» у хатнім паядынку чацвёртага тура чэмпіянату Беларусі. Доўгі час нікому не ўдавалася вызначыцца і толькі ў канцы на 82-й хвіліне сустрэчы нападнік «Віцебска» Руслан Тэвераў адкрыў лік, а потым паўабаронца Ян Скібскі ўсталяваў канчатковы лік – 2:0. Гэта першая вікторыя віцябчан у гэтым першынстве, зараз у іх чатыры ачкі, у «Слуцка» застаўся адзін бал. Чатыры сустрэчы гэтага туру пройдуць сёння. Адзін з лідараў першынства гарадзенскі «Нёман» сустрэнецца ў Магілёве з мясцовым «Дняпром». Футбалісты «Гомеля» згуляюць на сваім полі з чэмпіёнам краіны менскім «Дынама», «Іслач» з Менскага раёна будзе супернічаць з дзяржынскім «Арсеналам», а ў Жодзіне тарпедаўцы прымуць барысаўскі БАТЭ.

Гарноська выйшла ў фіналы практыкаванняў з мячом і абручом на другім этапе Кубка свету

У сталіцы Балгарыі Сафіі стартаваў другі этап розыгрышу Кубка свету па мастацкай гімнастыцы 2024 года. Удзел у спаборніцтвах прымае адзіная беларуская спартоўка – лідар нацыянальнай каманды, алімпійская медалістка Токіа Аліна Гарноська. Грацыі пачалі выступы ў шматбор’і, паказаўшы праграмы з мячом і абручом. Па выніках практыкавання з мячом Гарноська прайшла ў фінал з шостым вынікам, таксама Аліна стала фіналісткай у кампазіцыі з абручом, набраўшы восьмую суму ачкоў. Сёння ў Сафіі адбудзецца адбор у фінальныя спаборніцтвы ў практыкаваннях са стужкай і булавамі, па выніках якіх вызначацца прызёры ў шматборʼі. На гэты момант Гарноська ў агульнай табліцы па суме двух відаў займае шостае месца сярод 57 гімнастак, адстаючы ад топ-3 на два ачкі.

Шымановіч вылецела з турніру ITF у Сарагосе

Беларуская тэнісістка Ірына Шымановіч пацярпела паразу ад прадстаўніцы Японіі Маюкі Учыжымы ў 1/4 фіналу турніру ITF W100 у іспанскай Сарагосе – 3:6, 5:7. Працягласць матча склала 1 гадзіну 50 хвілін. Лік асабістых сустрэч стаў 2:1 на карысць Учыжымы. Прызавым фонд турніру складае 100 тысяч даляраў.

Беларускае Радыё Рацыя