
Жлобінскі “Металург” на выездзе нанёс паразу салігорскаму “Шахцёру” у матчы рэгулярнага чэмпіянату Betera-Экстралігі — 5:4. Перамогу “металургам” прынес дакладный кідок Канстанціна Лукіна. “Шахцёр” з 76 ачкамі лідзіруе ў табліцы, гэта трэцяе параза “гарнякоў” запар пасля серыі з 15 перамог. У “ваўкоў” 50 балаў і шостая пазіцыя. Менскае “Юнацтва” на хатняй арэне нанесла паразу “Гомелю” 4:3. Для чырвона-сініх перамога стала сёмай запар. “Юнацтва” з 64 ачкамі ідзе пятым у табліцы, саступаючы “Гомелю” і гарадзенскаму “Нёману” па дадатковых паказчыках. “Магілёў” у гасцях абыграў “Дынама-Маладзечна” 4:2. “Магілёў” з 32 ачкамі ідзе перадапошнім у табліцы, “Дынама-Маладзечна” на апошнім месцы.
Баскетбалісткі “Мінска” працягваюць перамагаць у гульнях чэмпіянату Беларусі
У адрозненне ад мужчынскай каманды БК “Мінск”, якая прайграе ўсім, жаночая дружына мінчан працягвае перамагаць. У матчы чэмпіянату Беларусі баскетбалісткі “Мінска” святкавалі сваю 17-ю перамогу запар, разграміўшы ў Гародні мясцовую “Вікторыю” з розніцай у 101 ачко – 130:29. Пасля гэтага поспеху ў актыве падначаленых Андрэя Ваўлева стала 34 ачкі. У другім матчы маладзёжная каманда “Мінска” прымала на сваёй пляцоўцы баскетбалістак “Гомельскіх рысяў” і выйграла 78:64.
Валодзько ўвойдзе ў трэнерскі штаб Салігорскага “Шахцёра”
Аляксандр Валадзько ў хуткім часе папоўніць трэнерскі штаб салігорскага “Шахцёра”. Аб гэтым інфармуе Telegram-канал Inside. Раней Валадзько працаваў у берасцейскім “Дынама” у якасці асістэнта Аляксандра Юрэвіча. “Шахцёр”, падвергнуты санкцыям БФФ, у сезоне-2023 заняў 13-е месца ў вышэйшай лізе і захаваў прапіску ў элітным дывізіёне.
Лаўрык далучыўся да “Нёмана”
Абаронца Аляксей Лаўрык падпісаў кантракт з гарадзенскім клубам. Пра гэта гаворыцца ў клубнай прэс-службе. У сезоне-2023 Лаўрык выступаў за “Энергетык”-БДУ. Тады за “студэнтаў” 23-гадовы гулец правёў 26 матчаў у вышэйшай лізе, аддаў адну галявую перадачу і запісаў у пасіў пяць жоўтых картак.
Арцём Шкурдзюк завяршыў кар’еру ў 25 гадоў.
Беларускі абаронца Арцём Шкурдзюк прыняў рашэнне аб завяршэнні кар’еры. Пра гэта паведаміў афіцыйны сайт “Гомеля”. 25-гадовы футбаліст стаў гульцом “Гомеля” у пачатку 2023 года і правёў за каманду 8 матчаў, у якіх забіў адзін гол. Астатнюю частку сезона Шкурдзюк вымушаны быў прапусціць з-за атрыманай траўмы. Па гэтай жа прычыне ён заставаўся па-за гульнёй амаль увесь сезон-2022. Шкурдзюк з’яўляецца выхаванцам барысаўскага БАТЭ. Выступаў за “Энергетык”-БДУ. У складзе маладзёжнай зборнай Беларусі правёў 11 матчаў.
Зборная Беларусі па міні-футболе згуляе з Узбекістанам
Дасягнута дамоўленасць аб правядзенні двух таварыскіх матчаў нацыянальных зборных Узбекістана і Беларусі, якія адбудуцца 7 і 9 лютага ў краіне-гаспадыні фінальнага турніру чэмпіянату свету-2024. З 2 па 5 лютага зборная Беларусі правядзе навучальна-трэніровачны збор у Стоўбцах, на які галоўны трэнер Аляксандр Чэрнік выклікаў 16 футбалістаў.
“Арсенал” пасля перамогі над “Нотынгем Форэст” наблізіўся да “Ліверпуля”
“Арсенал” на выездзе перайграў “Нотынгем Форэст” у матчы 22-га тура чэмпіянату Англіі — 2:1. “Кананіры” з 46 ачкамі ідуць другімі ў табліцы, адстаючы ад “Ліверпуля”, які мае сустрэчу ў запасе, на два балы. 4 лютага ў рамках 23-га тура «Арсенал» прыме мерсісайдцаў на «Эмірэйц».
Малі выбіла Буркіна-Фасо ў 1/8 фінала Кубка Афрыкі
Зборная Малі перамагла каманду Буркіна-Фасо ў матчы 1/8 фіналу Кубка Афрыкі па футболе — 2:1. У чвэрцьфінале малійцы будуць змагацца са зборнай Кот-д’Івуара, якая прайшла сенегальцаў, перамогшы ў серыі пенальці. Зборная Марока саступіла камандзе Паўднёвай Афрыкі – 0:2. У чвэрцьфінале паўднёваафрыканцы будуць змагацца са зборнай Каба-Вэрдэ, якая выбіла маўрытанцаў 1:0.
Беларускае Радыё Рацыя






