Скончыліся першыя матчы 1/4 фіналу Лігі Еўропы. «Мілан» прайграў на хатняй арэне «Роме» 0:1. Адзіны гол у матчы быў забіты на 17-й хвіліне, калі абаронца «Ромы» Джанлука Манчыні замкнуў падачу Паўла Дзібалы з кутавога. «Аталанта» нечакана разграміла «Ліверпуль» з лікам 3:0. У складзе італьянскай каманды галамі адзначыліся Джанлука Скамакка, які аформіў дубль, а таксама Марыё Пашаліч. «Баер» абыграў «Вест Хэм» з лікам 2:0. У складзе леверкузенскага клуба галамі адзначыліся Ёнас Хофман і Віктар Баніфасе. «Бенфіка» выйграла ў «Марсэля» з лікам 2:1. У складзе партугальскага клуба галамі адзначыліся Рафаэл Сілва і Анхель Ды Марыя. Адзіны гол французскай каманды забіў П’ер-Эмерык Абамеянг. Матчы ў адказ паміж гэтымі камандамі адбудуцца 18 красавіка.
Хацкевіч атрымае кампенсацыю пасля звальнення з «Заглембе» Сасновец
Беларускі спецыяліст Аляксандр Хацкевіч атрымае кампенсацыю пасля звальнення з клуба другога польскага дывізіёна «Заглембе» Сасновец. Як паведамляе xsport.ua, яе сума складзе ў выглядзе астатніх заробкаў па кантракце, які павінен быў скончыцца ў чэрвені. Адзначым, прэс-служба паведамляла, што кантракт скасаваны паводле пагаднення бакоў. «Заглембе» Сасновец займае апошняе, 18 месца ў польскай першай лізе. Каманда мае 13 ачкоў у 25 матчах. 50-гадовы беларус узначаліў «Заглембе» ў пачатку 2024 года. На чале з ім каманда правяла 6 афіцыйных матчаў, у якіх ні разу не перамагла – 2 нічыіх і 4 паразы з агульным лікам 1:11. Новым коўчам «Заглембе» стаў 45-гадовы паляк Марэк Саганоўскі.
Валадзько трапіў у тройку намінантаў на прыз найлепшаму гульцу чэмпіянату Мальты ў сваім амплуа
Беларускі абаронца «Фларыяны» Максім Валадзько апынуўся ў ліку намінантаў Malta Football Players Association Awards 2024, на якой будуць названы найлепшыя гульцы ў кожным з амплуа. Сярод левых абаронцаў у Валадзько ў канкурэнтах Майлз Бірман са «Слімы» і Раян Камензулі з «Хамруна». У 20 матчах чэмпіянату Мальты Валадзько забіў 1 мяч і аддаў 1 галявую перадачу. Яго каманда лідыруе ў турнірнай табліцы.
У склад хакейнай зборнай Беларусі на турніры ў маі ўвайшлі 23 гульцы
Стаў вядомы склад нацыянальнай каманды Беларусі па хакеі на міжнародныя турніры ў Казахстане і Расеі. У трэнерскі штаб на чале з Дзмітрыем Квартальным увайшлі Аляксандр Андрыеўскі, Сяргей Стась, Павел Перапехін і Андрэй Мезін. Пад кіраўніцтвам спецыялістаў будуць працаваць 23 хакеісты. Склад можа быць дапоўнены па меры вызвалення іншых гульцоў з клубаў, якія яшчэ не скончылі выступленні ў бягучым сезоне. Найбольшае прадстаўніцтва ў складзе мае сталічнае «Дынама». У пачатку траўня зборная Беларусі выступіць на турніры Qazaqstan Hockey Open, дзе супернікамі будуць каманды Казахстана і Расеі.
Баскетбаліст «Мінска» Каско быў намінаваны на званне найлепшага маладога гульца лігі ВТБ
Форвард «Мінска» і зборнай Беларусі Данііл Каско трапіў у лік прэтэндэнтаў на ўзнагароду найлепшаму маладому гульцу Адзінай Лігі ВТБ у сезоне-2023/24. У бягучым чэмпіянаце 20-гадовы баскетбаліст правёў 32 матчы, 23 з іх – у стартавай пяцёрцы. Ён набірае 7,2 ачка, 3,4 падбора, 1,3 перадачы ў сярэднім за гульню. Каско – самы малады прэтэндэнт на ўзнагароду.
Беларускае Радыё Рацыя






