BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Міні-футбольны клуб “Сталіца” стаў першым паўфіналістам Кубка Беларусі

Спартоўцы менскай “Сталіцы” выйшлі ў паўфінал Кубка Беларусі па міні-футболе. У паўторным чвэрцьфінале яны перамаглі “Ахову-Дынама” з лікам 4:2 і па суме двух матчаў прайшлі ў наступны этап. Дубль у складзе “Сталіцы” аформіў Арцём Якубаў. У першай сустрэчы дынамаўцы перамаглі 3:2, але не здолелі ўтрымаць перавагу. Сёння адбудуцца яшчэ два чвэрцьфіналы. У Светлагорску мясцовы ЦКК паспрабуе ўзяць рэванш у аршанскага “Вітэна”, які перамог у першым матчы з лікам 6:2. “Мінск” будзе змагацца за рэабілітацыю пасля паразы 0:5 у першай сустрэчы з ВРЗ у Гомелі. Заўтра завершыцца чвэрцьфінальная стадыя: гомельскі клуб БЧ на сваёй пляцоўцы прыме менскую каманду “ChehOrda”. У першай гульні гамяльчане выйгралі 3:1. Лёсаванне паўфінальных матчаў 35-га Кубка Беларусі запланаванае на 24 снежня. У мінулым фінале “Вітэн” перамог ВРЗ з лікам 6:4.

БАТЭ зацікавіўся абаронцам берасцейскага “Дынама”

25-гадовы флангавы абаронца Уладзіслаў Лях можа перайсці з берасцейкага “Дынама” ў склад барысаўскага БАТЭ, пра што паведамляе тэлеграм-канал “Вуха”. “Дынама” прапанавала футбалісту падоўжыць кантракт на ранейшых умовах, аднак гулец адмовіўся. У мінулым сезоне Лях правёў 28 матчаў за берасцейскую каманду, адзначыўся двума забітымі мячамі і зрабіў чатыры выніковыя перадачы.

“Барысфен” і “Мінск” перамаглі ў Betera-чэмпіянаце Беларусі па баскетболе

У мужчынскім чэмпіянаце Беларусі па баскетболе ў групе «А» прайшлі дзве сустрэчы. Каманда “Мінск” перамагла на сваёй пляцоўцы “Гродна-93” з лікам 86:72. Матч праходзіў у напружанай барацьбе, асабліва ў першай палове, аднак у апошняй чвэрці менчане змаглі вырвацца наперад і забяспечыць сабе перамогу. У другой гульні “Барысфен” дамінаваў на хатняй арэне і абыграў “Імпульс-БДУІР” з лікам 95:68. У турнірнай табліцы групы «А» лідыруе “Барысфен” з 28 ачкамі.

“БНТУ-БелАЗ” вярнуў сабе лідарства ў жаночым чэмпіянаце Беларусі па гандболе

Гандбалісткі “БНТУ-БелАЗ” перамаглі на сваёй пляцоўцы каманду “Гомель” і зноў занялі першае месца ў турнірнай табліцы. Сустрэча двух галоўных фаварытаў прайшла пад кантролем дзеючых чэмпіёнак, якія абыгралі суперніц з лікам 30:25. Цяпер у “БНТУ-БелАЗ” 25 ачкоў, што на два больш за “Гомель”. Гарадзенская “Гараднічанка”, якая раней перамагла абедзвюх лідыруючых каманд, разграміла ў хатнім матчы “Вікторыю-Берасце” з лікам 29:19. У Бабруйску “Віцебчанка” абыграла мясцовую “Бярэзіну” – 39:29. У сталічным супрацьстаянні “Зорка” на апошніх секундах вырвала перамогу над “БНТУ-БелАЗ-РГУОР” – 30:29. Пасля 14 тураў лідзіруюць “БНТУ-БелАЗ” з 25 ачкамі, “Гомель” мае 23 балы, а “Гараднічанка” — 22. Сярод мужчын турнірную табліцу ўпэўнена ўзначальвае “Мяшкоў Брэст”, які перамог ва ўсіх 14 матчах. У апошняй гульні берасцейская каманда абыграла галоўнага канкурэнта мінскі СКА з лікам 30:26, набраўшы 28 ачкоў. Менчане адстаюць на чатыры балы, а “Гомель” і магілёўскі “Машэка” набралі па 17 ачкоў.

Беларускае Радыё Рацыя