На футбольных палях Беларусі адбыліся першыя дзве сустрэчы пятага тура Чэмпіяната ў Вышэйшай лізе.

«Мінск» на сваім полі перамог «Гомель» з мінімальным лікам 1:0. А мазырская «Славія» на выездзе перамагла «Слуцк» з лікам 2:1 і тым самым замацавалася на вяршыні турнірнай табліцы.
Некалькі сустрэч чацвёртага тура прайшлі і ў Першай беларускай лізе. З цікавых вынікаў можна адзначыць гарадзенскае дэрбі, дзе «Слонім» на сваім полі саступіў «Астраўцу» з лікам 1:3, што дазволіла тым узняцца ў турнірнай табліцы на другое месца.
Таксама ўчора прайшлі некалькі сустрэч у першай групе Трэцяй футбольнай польскай лігі. «Вігры» ў Сувалках мінімальна саступілі «Світу» з Новага Двара з лікам 0:1. А «Ягелонія ІІ» перамагла ў Радаме «Бронь» з лікам 3:2.
У Менску прайшла чарговая сустрэча «Дынама» з чэлябінскім «Трактарам» у 1/4 фінала Кантынентальнай хакейнай лігі. І гэтым разам «Дынама» прайграла 2:3. І зараз саступае чэлябінцам 1:3 у серыі да чатырох перамог. Наступная гульня, якая можа стаць для «Дынама» апошняй, пройдзе ў Чэлябінску.
У Нацыянальнай хакейнай лізе «Калгары» ў гасцях абыграў «Лос-Анджэлес» з лікам 5:1. 26-гадовы беларускі форвард «агеньчыкаў» Ягор Шаранговіч заняў месца на левым флангу трэцяга звяна. На 28-й хвіліне паядынку Шаранговіч стаў другім асістэнтам пры шайбе Назема Кадры. У сезоне ў беларуса 73 матчы, у якіх ён набраў 32 балы. Нагадаем, што «Калгары» не выйшаў у плэй-оф НХЛ. А вось іншы беларус Аляксей Коласаў прапусціў 4 шайбы ў апошнім матчы рэгулярнага сезона. Яго «Філадэльфія» прайграла «Бафала» з лікам 4:5. Беларускі брамнік выйшаў у старце і правёў увесь матч.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя