Сённяшні госць Беларускага Радыё Рацыя – былы дыпламат і прадстаўнік Фонду спартыўнай салідарнасці Анатоль Котаў.

Гутарым з ім пра прынцып нейтральнасці на блізкай Алімпіядзе, а таксама пра гульні БРІКС, якія так падрабязна асвятляла прапаганда. Каля мікрафону Алеся Вербаловіч.
РР: Алімпіяда пачынаецца 26-га ліпеня. З чым Беларусь да гэтай даты падышла? З якой колькасцю спартоўцаў? Ці сціплы там набор? Як так разумею, там толькі індывідуальныя дысцыпліны. Што маем?
– Не так шмат спартоўцаў, як спадзяваліся. Агульная квота там, якая ў Беларусі прызначаная, калі яе максімальна скарыстаць, каля 30 спартоўцаў, 28, здаецца. А па факце будзе яшчэ менш, бо, напрыклад, у самай вялікай камандзе барцоў замест 7-8 чалавек атрымаў дазвол 1. Апроч кваліфікацыйных патрабаванняў, ёсць патрабаванне нейтральнасці. Не ўсе спартоўцы, нават тыя, што здабылі ліцэнзіі, не ўсе пройдуць праверку на нейтральнасць. Можна сказаць, што каля 20 беларускіх атлетаў паедзе на алімпіяду ў статусе нейтральных спартоўцаў, то бок яны будуць рэпрэзентаваць самі сябе.
РР: Вы ўзгадалі сістэму кантролю нейтральнасці. Як яна будзе працаваць?
– Міжнародны алімпійскі камітэт стварыў незалежную камісію праверкі нейтральнасці. Яна працуе некалькі месяцаў, правяраюць адкрытыя крыніцы інфармацыі на тое, ці мае спартовец нейкае дачыненне да сілавых структураў, і што спартовец казаў на тэму вайны ва Украіне, ці выказвалася публічна. Ці не падтрымлівае, ці выкарыстоўвае сімволіку агрэсараў. Па выніках працы камісіі будзе прымацца канчатковае рашэнне ці мае пэўная асоба допуск ці не. Камісія будзе працаваць і пасля алімпійскіх гульняў, то бок спартовец мусіць мець свой нейтральны статус і пасля гульняў. А не тое, што заваяваў залаты медаль і ўвесь абклеіўся літарамі Z – гэта будзе падставай да таго, каб пазбавіць узнагароды, і гэта вельмі сур’ёзны падыход. Тое, як працуе камісія цяпер, як парэзала беларускую каманду барцоў, паказвае, што гэта даволі эфектыўны механізм, што працуе не дзеля «галачкі«, а насамрэч углядаюцца ў справу кожнага спартоўца.
Спадар Анатоль нагадвае, што прынцып нейтральнасці атлетаў будзе працаваць і пасля Алімпіяды. Не атрымаецца спачатку выступіць на гульнях, а потым адкрыта выступіць у падтрымку вайны і Расеі.
Беларускае Радыё Рацыя






