BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Мяшкоў Брэст” 14-ы раз заваяваў Кубак Беларусі па гандболе

У вырашальным паядынку на пляцоўцы сталічнага спорткомплексу “Уручча” берасцейцы ўпэўнена перайгралі сваіх адвечных супернікаў гандбалістаў менскага СКА з розніцай у шэсць мячоў – 28:22. Да гэтага вайскоўцы двойчы запар выйгравалі Кубак краіны. У залатой серыі нацыянальнага першынства берасцейцы абыгралі менчан з лікам 3:0. На наступным тыдні два найлепшыя беларускія клубы завершаць сезон выступам у “Фінале чатырох” розыгрышу SEHA-лігі, які пройдзе на пляцоўцы берасцейскага спарткомплексу “Вікторыя” з 31 траўня па 2 чэрвеня.
Бронзу цяперашняга кубкавага турніру заваявалі гандбалісты гарадзенскага “Кронана”, якія адолелі ў серыі пасляматчавых пенальці сталічны БДУФК-СКА.

Гомельскі ВРЗ восьмы раз прабіўся ў фінал чэмпіянату Беларусі па міні-футболе

Гомельскі ВРЗ стаў першым фіналістам чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. На сваёй арэне гамяльчане трэці раз запар выйгралі ў “Мінска” у паўфінальнай серыі – 8:3. Да гэтага ВРЗ перамог двойчы: спачатку на хатняй арэне з сухім лікам 2:0, а потым на выездзе адолеў менчан у серыі пасляматчавых пенальці. Для ВРЗ маючы адбыцца фінал будзе восьмым у гісторыі, але пакуль гамяльчане ні разу не заваявалі чэмпіёнскі тытул. Сёння дзеючы чэмпіён краіны “Сталіца” правядзе ў Оршы трэці паядынак з мясцовым “Вітэнам”. У двух стартавых матчах менчане перамаглі – 2:1 (у гасцях) і 4:2 (дома). У выпадку поспеху ў чарговым матчы яны выйдуць у фінал нацыянальнага першынства.

Беларуска Гетманава заваявала золата маладзёжнага чэмпіянату Еўропы па барацьбе

Беларуская спартоўка Алеся Гетманава стала ўладальніцай золата маладзёжнага чэмпіянату Еўропы па барацьбе, які праходзіць у Баку. Ураджэнка Бабруйска стала наймацнейшай у вагавай катэгорыі да 59 кг. У сутычцы за золата беларуска перамагла з лікам 5:3 расейку Анастасію Сідзельнікаву. Раней у сваёй кар’еры Алеся Гетманава перамагала на чэмпіянаце свету сярод юніёраў.

Швецыя згуляе з Чэхіяй у паўфінале ЧС па хакеі, Канада выйшла на Швейцарыю

На чэмпіянаце свету па хакеі-2024, які праходзіць у чэшскіх Празе і Астраве, вызначылася чацвёрка паўфіналістаў. Дзеючыя чэмпіёны свету канадцы, якія раней прайшлі групавы этап без адзінай паразы, на старце плэй-оф упэўнена разабраліся з хакеістамі Славакіі – 6:3. Наступным супернікам канадцаў стане каманда Швейцарыі, якая ў сваім чвэрцьфінале была мацней за Германію з лікам 3:1. Гаспадары чэмпіянату свету чэхі здабылі мінімальную перамогу над зборнай ЗША 1:0. Далей каманду Чэхіі чакае паядынак са шведамі, якія працягнулі сваю пераможную серыю да васьмі матчаў. Праўда, у чвэрцьфінале скандынавы ледзь не спатыкнуліся – матч з прынцыповымі супернікамі з Фінляндыі дайшоў да авертайму, дзе вікторыю фаварытам турніру прынёс Юэль Эрыксан Эк 2:1. Паўфіналы чэмпіянату свету па хакеі Швецыя – Чэхія і Канада – Швейцарыя адбудуцца ў суботу.

Беларускае Радыё Рацыя