BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Мяшкоў Брэст” абыграў “Бусел Кітая” ў SEHА-лізе

“Мяшкоў Брэст” святкаваў другую перамогу на старце новага сезона дывізіёна Усход SEHA-лігі. У хатнім паядынку другога тура папярэдняй групы А берасцейцы перайгралі гандбалістаў “Бусла Кітая” – 43:25. У першым матчы сезона дзейныя пераможцы гэтых спаборніцтваў таксама на хатняй арэне выйгралі ў стаўрапальскага клуба “Віктар” з лікам 28:16. У групе В гандбалісты “Машэкі” прымалі ў Магілёве “Пермскіх мядзведзяў” і саступілі – 27:38. На старце турніру магіляўчане саступілі на хатняй арэне менскаму СКА 27:32.

Хакеісты менскага “Дынама” прайгралі “Северсталі”

Хакеісты менскага “Дынама” не здолелі дамагчыся першай перамогі ў бягучай выязной серыі ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. Падначаленыя Дзмітрыя Квартальнава гасцявалі ў Чарапаўцы ў мясцовай “Северсталі”. Раней у сёлетнім сезоне каманды сустракаліся двойчы і абмяняліся перамогамі. Лік у матчы быў адкрыты на 10-й хвіліне – шостую для сябе шайбу ў чэмпіянаце закінуў Вадзім Мароз. Маладому форварду асіставаў Вадзім Шыпачоў, якога ад рэкорду КХЛ па ачках зараз аддзяляе ўсяго 6 балаў. У канцы другога перыяду капітан “зуброў” Андрэй Стась падвоіў перавагу мінчан, але ў заключнай трэці “Северсталь” здолела адыграцца дзякуючы дублю Івана Падшывалава. Асноўны час каманды так і скончылі ўнічыю 2:2, не выявіў пераможцу і авертайм, а ў серыі булітаў дакладней апынуліся гаспадары. Такім чынам, “Дынама” ўпершыню ў гэтым сезоне прайграла тры матчы запар. На гэты момант мінчане з 13 баламі займаюць сёмае месца ў табліцы Заходняй канферэнцыі КХЛ. Трэці і заключны паядынак гасцявога турнэ “зубры” правядуць 10 кастрычніка ў Санкт-Пецярбургу супраць СКА.

“Нёман” зламіў супраціў “Віцебска”

У рамках Betera-Экстралігі “Віцебск” на хатняй арэне саступіў “Нёману” з лікам 2:3. Выніковую шайбу ў трэцім перыядзе закінуў Лемяшэўскі. Для “Віцебска” гэта ўжо трэцяя параза запар на турніры. У іншых матчах “Брэст” саступіў “Магілёву” – 2:4, з такім жа лікам “Гомель” абыграў “Славуціч” – 4:2, “Ліда” у авертайме прайграла “Металургу” – 3:4.

Калячонак дапамог “Юце” абыграць “Чыкага”

У паўночнаамерыканскай частцы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ “Юта”, якая стартавала за акіянам, у першым матчы ў сваёй гісторыі перамагла “Чыкага” — 5:2. Беларускі абаронца гаспадароў Уладзіслаў Калячонак правёў на лёдзе 16 хвілін 7 секунд, бамбардзірскіх балаў не зарабіў, заблакаваў два кідкі супернікаў, дапусціў адну страту, завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці 0.

Беларускія “пляжнікі” згуляюць з літоўцамі

Зборная Беларусі па пляжным футболе сёння згуляе матч 1/8 фіналу еўрапейскай кваліфікацыі да чэмпіянату свету-2025. Сустрэча з камандай Літвы пройдзе ў іспанскім Кадысе і пачнецца ў 16.30 па беларускім часе.

Беларускае Радыё Рацыя