У дзвюх групах SEHA-лігі адбыліся матчы 9-га тура. Лідары папярэдняга квінтэта А гандбалісты клуба «Мяшкоў Брэст» без паразаў прайшлі першы этап, завяршыўшы яго хатняй перамогай над «Пермскімі мядзведзямі» 32:27. У групе В гандбалісты «Машэкі» саступілі ў Магілёве стаўрапальскаму «Віктару» 25:30. Сёння ў менскім спарткомплексе «Уручча» адбудзецца паядынак двух фаварытаў – СКА будзе супернічаць з «Чэхаўскімі мядзведзямі».
Шаранговіч набраў два бамбардзірскія балы за «Калгары»
Беларускі форвард «Калгары Флэймз» Ягор Шаранговіч зноў папоўніў свой бамбардзірскі баланс. Мінулай ноччу ў другім перыядзе хатняга матчу з «Сэнт-Луісам» Шаранговіч спачатку аддаў галявы пас, а потым закінуў сваю 20-ю шайбу ў гэтым сезоне, зрабіўшы лік 3:1 на карысць гаспадароў. Але гэта быў іх апошні поспех: потым госці тройчы закінулі ў брамку «Калгары» і за 48 секунд да фінальнай сірэны вырвалі перамогу з лікам 4:3. Таксама гэтай ноччу свой чарговы матч у НХЛ правёў беларускі нападнік «Вашынгтона» Аляксей Протас. У гасцявым паядынку з «Мінесотай» беларус адыграў 12 хвілін з паказчыкам «-1», а яго каманда прайграла гаспадарам 3:5.
Хакеісты «Шахцёра» здабылі 15-ю запар перамогу ў экстралізе
Матчамі ў Салігорску, Наваполацку і Віцебску працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. Лідар сезона «Шахцёр» прымаў аршанскі «Лакаматыў». Лепшы бамбардзір экстралігі Міхаіл Шалагін аформіў хет-трык. Паядынак скончыўся перамогай «Шахцёра» з лікам 4:2, гэты поспех стаў для клуба пятнаццатым запар. Паралельна «Хімік» на сваім лёдзе сустракаўся з аўтсайдэрам сезона «Дынама-Маладзечна». Перапыніць серыю з васьмі паразаў «бела-блакітным» у гэты вечар было не наканавана. Фінальная сірэна ў Наваполацку зафіксавала такі ж вынік, як і ў Салігорску – 4:2. Паядынак хакеістаў «Віцебска» і «Юнацтва» завяршыў гульнявую праграму аўторка. У складзе сталічнага клуба Павел Шчарбакоў аформіў дубль, закінуўшы другую шайбу ўжо ў пустую брамку 4:2.
Баскетбалісты «Гродна-93» узняліся на першае месца ў чэмпіянаце Беларусі
Каманда Дзмітрыя Кузьміна разграміла ў Віцебску мясцовы «Рубон» з розніцай у 46 ачкоў – 115:69. Пасля 19 праведзеных сустрэч гарадзенская дружына набрала 35 ачкоў, абышоўшы на адзін бал магілёўскі «Барысфен», які згуляў на матч менш. У пятніцу два фаварыты сустрэнуцца ў Гародні.
Галы Савіцкага і Лаўрыка прынеслі перамогу «Нёману» у матчы з «Дняпром»
Срэбраны прызёр мінулага футбольнага першынства гарадзенскі «Нёман» узяў верх над «Дняпром» у матчы таварыскага турніру «Магілёў Cup-2024» – 2:1. У складзе гарадзенцаў адзначыліся Павел Савіцкі і Аляксей Лаўрык. У яшчэ адной сустрэчы менскае «Дынама» перайграла «Гомель» 3:1.
Ястрэмская выйшла ў паўфінал Australian Open
На кортах «Мэльбурн-Парка» вызначаюцца апошнія ўдзельнікі паўфіналаў адкрытага чэмпіянату Аўстраліі па тэнісе. Трэцяй паўфіналісткай жаночага адзіночнага разраду стала ўкраінская тэнісістка Даяна Ястрэмская, якая перамагла ў дзвюх партыях чэшку Лінду Наскову – 6:3, 6:4. У 1/8 фіналу Ястрэмская выбіла з турніру двухразовую чэмпіёнку Australian Open беларуску Вікторыю Азаранку, а Наскова ў 1/16 фіналу абыграла першую ракетку планеты польку Ігу Свёнтэк. У апошнім чвэрцьфінальным матчы кітаянка Чжэнь Ціньвэн сустрэнецца з расейкай Ганнай Калінскай.
Беларускае Радыё Рацыя






