BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«Мяшкоў Брэст» другі раз запар стаў пераможцам SEHA-лігі

«Мяшкоў Брэст» пераможна завяршыў чарговы гандбольны сезон. Берасцейцы заваявалі свой чацвёрты трафей, выйграўшы ў фінальным паядынку SEHA-лігі ў «Чэхаўскіх мядзведзяў» з лікам 32:30. Гэта другі запар тытул мяшкоўцаў у гэтым турніры. Акрамя таго, «Мяшкоў Брэст» стаў чэмпіёнам Беларусі, выйграў Кубак і Суперкубак краіны. Бронзавыя ўзнагароды SEHA-лігі заваявалі гандбалісты менскага СКА, якія абыгралі ў матчы за трэцяе месца стаўрапальскі «Віктар» з лікам 37:30.

Жодзінскія тарпедаўцы вярнуліся на першае месца ў табліцы чэмпіянату Беларусі

Футбалісты жодзінскага «Тарпеда-БелАЗа» зноў узначалілі турнірную табліцу чэмпіянату Беларусі. У хатнім паядынку каманда Дзмітрыя Молаша святкавала перамогу над магілёўскім «Дняпром» з лікам 4:2. Тарпедаўцы на два балы абышлі гарадзенскі «Нёман», які абыграў на хатняй арэне берасцейскае «Дынама» – 2:0. У заключным матчы 11-га тура футбалісты «Гомеля» прымалі на сваёй арэне «Віцебск» і разышліся мірам – 0:0.

Футбалісткі зборнай Беларусі другі раз выйгралі ў каманды Ірана

Футбалісткі жаночай зборнай Беларусі святкавалі другую вікторыю над іранкамі ў Тэгеране. У таварыскім паядынку ў іранскай сталіцы беларускі выйгралі з мінімальнай перавагай – 1:0. Пераможны мяч у самым пачатку другой паловы сустрэчы забіла Ганна Піліпенка. У першым спарынгу ў Тэгеране падначаленыя Юрыя Малеева перамаглі з сухім лікам 3:0. Тады галявы дубль аформіла Мелана Сураўцава, а яшчэ адзін мяч у актыве Анастасіі Лінік. Цяпер зборная Беларусі займае 57-е месца ў жаночым рэйтынгу ФІФА, каманда Ірана знаходзіцца на 61-й пазіцыі.

Марозава і Корпач прайгралі ў парным разрадзе «Ралан Гарос»

Беларуска Лідзія Марозава і нямецкая тэнісістка Тамара Корпач прайгралі на старце парнага разраду адкрытага чэмпіянату Францыі. У матчы 1/32 фіналу яны саступілі ў дзвюх партыях расейскім тэнісісткам Яне Сізікавай і Анастасіі Патапавай – 4:6, 2:6. Другі ў сезоне турнір серыі «Вялікага шлема» завершыцца на парыжскіх кортах «Ралан Гарос» 9 чэрвеня.

Іван Драздоў стаў гульцом маскоўскага ЦСКА

Беларускі нападнік Іван Драздоў у выніку абмену адпраўляецца ў ЦСКА з «Салавата Юлаева». Гэтую інфармацыю пацвярджаюць абодва клубы. Узамен уфімскі клуб атрымлівае грашовую кампенсацыю і трох маладых гульцоў сістэмы ЦСКА. У мінулым сезоне з улікам гульняў плэй-оф Драздоў згуляў 71 матч, набраўшы 56 (28+28) ачкоў.

Беларускае Радыё Рацыя