BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Мяшкоў Брэст” трэці раз выйграў у гандбалістаў СКА ў чэмпіянаце Беларусі

“Мяшкоў Брэст” трэці раз абыграў гандбалістаў менскага СКА ў чэмпіянаце Беларусі. У першым тайме сустрэчы ў сталічным спарткомплексе “Уручча” гаспадары некалькі разоў адрываліся ад лідараў першынства на тры мячы, але да перапынку госці выйшлі наперад – 18:16. У другой палове гульні госці кантралявалі ход паядынку і ў выніку перамаглі 31:29. Гэта 17-я вікторыя берасцейцаў у 17 праведзеных матчах сёлетняга чэмпіянату краіны. Цяпер у іх 34 ачкі з 34 магчымых, менскія армейцы адстаюць ужо на 8 балаў.

Менскія дынамаўцы прайгралі “Сочы” на старце выязной серыі

Хакеісты менскага “Дынама” пацярпелі паразу ў гасцявым матчы рэгулярнага чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі. На старце гасцявога турнэ падначаленыя Дзмітрыя Квартальнава сустракаліся з ХК “Сочы”. У першым перыядзе каманды абмяняліся дакладнымі кідкамі: на пятай хвіліне лік адкрыў беларускі форвард “леапардаў” Мікіта Феактыстаў, на гол якога пазней адказаў абаронца “Дынама” Роб Хэмілтан. У сярэдзіне другой трэці сочынцы зноў выйшлі наперад, пасля чаго галкіпер “зуброў” Дылан Фергюсан саступіў месца ў брамцы Аляксею Коласаву. “Сухім” беларус пратрымаўся 15 гульнявых хвілін – на старце трэцяга перыяду гаспадары павялічылі адрыў да дзвюх шайбаў. На выратаванне ў нашай каманды заставалася дастаткова часу, але, на жаль, госці абмежаваліся толькі голам Мікіты Пышкайлы ў канцоўцы. У выніку 2:3, параза “зуброў”. Выязную серыю “Дынама” завершыць 2 лютага ў Чарапаўцы матчам супраць “Северсталі”.

Хакеісты “Віцебска”, “Брэста” і “Хіміка” атрымалі перамогі ў матчах экстралігі

У сераду трыма матчамі ў Гародні, Берасці і Лідзе працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. Цэнтральны паядынак вечара быў згуляны ў Гародні, дзе сустрэліся каманды з верхняй чацвёркі турнірнай табліцы – “Нёман” і “Віцебск”. Роўна ў сярэдзіне стартавай трэці гаспадары выйшлі наперад намаганнямі Арцёма Кіслага. “Мядзведзі” перахапілі ініцыятыву ў другім перыядзе: спачатку ў меншасці вызначыўся Ахмед Гімбатаў, а амаль адразу ўслед за ім Аляксей Невідзіцын вывеў гасцей наперад. Гэты вынік пратрымаўся на табло да фінальнай сірэны – 2:1 на карысць “Віцебска”. Дзякуючы гэтай перамозе паўночнікі скарацілі адставанне ад лідыруючага “Шахцёра” усяго да двух балаў, “Нёман” па-ранейшаму дзеліць трэцяе месца з “Гомелем” і “Юнацтвам”. Паралельна з такім жа лікам 2:1 скончылася сустрэча ў Лідзе, дзе мясцовы клуб прайграў “Хіміку”. Самы выніковы паядынак выдалі “Брэст” і “Лакаматыў” – 5:3 на карысць берасцейцаў.

«Цэнтр футбола» накіраваў ліст у АБФФ пра зняцце каманды c Д2

Берасцейскі клуб «Цэнтр футбола» накіраваў ліст у АБФФ пра зняццё каманды c Д2. Пра гэта паведамляе «БФ». Таксама клуб здыме са спаборніцтваў дзіцячыя каманды ўсіх узростаў. Раней Tribuna.com паведамляла, што праект на мяжы знікнення. Кіруе праектам рэжымны «бізнэсовец» Аляксандр Зайцаў, які раней валодаў берасцейскімі «Дынама» і «Рухам». У гэтыя дні «Цэнтр развіцця футбола» прымае ўдзел у турніры «Белазавец» у Жодзіне.

“Ліверпуль” разграміў “Чэлсі” і ўмацаваў сваё лідэрства ў АПЛ

У цэнтральным матчы 22-га тура АПЛ “Ліверпуль” разграміў “Чэлсі” 4:1 дзякуючы галам Дыёгу Жоты, Конара Брэдлі, Дамініка Сабаслаі і Луіса Дыяса, які ў кампенсаваны да першага тайма час не рэалізаваў пенальці, трапіўшы ў штангу. Пасля 22 згуляных матчаў АПЛ «Ліверпуль» Клопа лідыруе ў англійскай Прэм’ер-лізе з 51 ачком. «Чэлсі» пасля паразы застаецца на 10-м радку з 31 ачком. «Манчэстэр Сіці» абыграў «Бёрнлі» 3:1 – Альварэс аформіў дубль. “Манчэстэр Сіці” набраў 46 ачкоў і на бягучы момант займае другое месца. «Барселона» абыграла «Асасуну» у першым матчы пасля рашэння Хаві пакінуць клуб. Сіне-гранатавыя выйшлі наперад толькі на 64-й хвіліне сустрэчы. Першым голам адзначыўся навабранец каманды — форвард Вітар Роке – 1:0. Гол Дэпая ў кампенсаваны час прынёс «Атлетыка» перамогу над «Раё Вальякана» 2:1 “Атлетыка” займае трэцяе месца ў турнірнай табліцы з 47 ачкамі.

Беларускае Радыё Рацыя