BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

„Мяшкоў Брэст“ выйшаў на першае месца ў групе А SEHA-лігі

Чэмпіён Беларусі “Мяшкоў Брэст” другі раз запар перамог ЦСКА і выйшаў на першае месца ў групе А SEHA-лігі. Пасля нядаўняй хатняй вікторыі 31:24 берасцейцы і ў Маскве апынуліся мацней за расейскага чэмпіёна, выйграўшы 25:23. Яшчэ ў адным паядынку гэтага квінтэта гандбалісты “Пермскіх мядзведзяў” на сваёй арэне разышліся мірам з “Зенітам” з Санкт-Пецярбурга – 33:33. У групе В менскі СКА другі раз запар перамог “Бусел Кітая” – 34:26. Іх першая сустрэча таксама завяршылася буйной вікторыяй вайскоўцаў – 47:26.

Чатыры беларусы згулялі ў бягучым чэмпіянаце НХЛ. Такое здарылася ўпершыню з сезона-2010/11

У сезоне-2023/24 Нацыянальнай хакейнай лігі згулялі ўжо чатыры беларускія хакеісты. У цяперашнім рэгулярным чэмпіянаце НХЛ выступалі абаронцы Уладзіслаў Калячонак (“Арызона”) і Ілья Салаўёў (“Калгары”), а таксама нападнікі Аляксей Протас (“Вашынгтон”) і Ягор Шаранговіч (“Калгары”). Адзначым, што для Салаўёва гэты сезон у НХЛ стаў дэбютным. Раней па ходу аднаго чэмпіянату ў НХЛ у сезоне-2010/11 выступалі Міхаіл Грабоўскі (“Таронта”), Сяргей Касціцын (“Нэшвіл”), Андрэй Касціцын (“Манрэаль”) і Руслан Салей (“Дэтройт”), паведамляе ФХБ.

Многія футбалісты зборнай Беларусі прапусцілі клубныя матчы з-за прастуды

Многія футбалісты зборнай Беларусі прапусцілі матчы сваіх клубаў з-за прастудных захворванняў. У гэты спіс увайшлі Сяргей Ігнатовіч (“Шахцёр”), Максім Скавыш (“Шахцёр”), Сяргей Паліцевіч (менскае “Дынама”), Захар Волкаў (“Хімкі”), Валерый Бачароў (БАТЭ), Ягор Пархоменка (“Нёман”) і Сяргей Карповіч («Нёман»).

Таксама ў матчы супраць БАТЭ не прымаў удзел Канстанцін Рудзянок – галкіпер «Нёмана» застаўся ў запасе. Паўабаронца Уладзіслаў Клімовіч прапусціў 14-ы тур чэмпіянату Венгрыі и не згуляў за свой “Д’ядзьёр”.

Шыкаўка аддаў галявую перадачу ў матчы чэмпіянату Польшчы

У паядынку 16-га тура чэмпіянату Польшчы “Карона” на выездзе згуляла ўнічыю з “Рухам” 1:1. У складзе гасцей беларускі форвард Яўген Шыкаўка выйшаў на поле на 62-й хвіліне, а ў дададзены час аддаў галявы пас. Яго каманда з 17 баламі займае 14-е месца. У 15 матчах сезона форвард забіў два мячы, аддаў адну галявую перадач

Белінгем першым у гісторыі «Рэала» забіў 14 мячоў у першых 15 матчах за клуб

Мадрыдскі “Рэал” разграміў “Кадыс” у матчы чэмпіянату Іспаніі – 3:0. Адзін з мячоў на рахунку ангельскага паўабаронцы «сметанковых» Джуда Белінгема. Для 20-гадовага футбаліста гэта 14-ы мяч у гэтым сезоне, калі ўлічваць усе клубныя афіцыйныя турніры. Гэта столькі ж, колькі Джуд забіў за ўвесь мінулы сезон у дортмундскай «Барусіі». Акрамя гэтага паўабаронца паставіў рэкорд па колькасці галоў у першых 15 матчах за клуб. Па гэтым паказчыку ён пераўзыйшоў Дзі Стэфана і Раналду.

Тэнісісты Італіі другі раз у гісторыі сталі ўладальнікамі Кубка Дэвіса

Тэнісісты зборнай Італіі другі раз у гісторыі сталі ўладальнікамі Кубка Дэвіса – галоўнага каманднага турніру сярод мужчын. У вырашальным матчы за ганаровы трафей у іспанскай Малазе італьянцы абыгралі каманду Аўстраліі з лікам 2:0. Лідэр італьянскай каманды Янік Сінэр разграміў у дзвюх партыях Алекса дэ Мінаўра – 6:3, 6:3, а Матэа Арнальдзі адолеў у трохсэтавым паядынку Аляксея Папырына – 7:5, 2:6, 6:4. Упершыню каманда Італіі заваявала Кубак Дэвіса ў 1976 годзе. Акрамя таго, італьянцы яшчэ 6 разоў саступалі ў фінальных матчах.

Беларускае Радыё Рацыя