Чарговыя сустрэчы адбыліся ў рэгулярным чэмпіянаце SEHA-лігі. У папярэдняй групе А дзеючы чэмпіён “Мяшкоў Брэст” сустракаўся ў Будзёнаўску са стаўрапальскім клубам “Віктар” і другі раз запар у гэтым сезоне згуляў унічыю – 29:29. Пасля гэтага матча берасцейцы дагналі “Чэхаўскіх мядзведзяў”, якія з цяжкасцю адолелі на сваёй арэне “Бусел Кітая” – 31:27. Праз дзесяць дзён, 14 снежня, “Мяшкоў Брэст” прыме гандбалістаў “Зеніта”, з якімі ў папярэднім туры ў Санкт-Пецярбургу разышліся мірам – 25:25.
“Нафтан” абыграў “Ніву” ў першым пераходным матчы
Футбалісты наваполацкага “Нафтана” перамаглі “Ніву” з Долбізна ў першым матчы за права гуляць у наступным сезоне ў вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі. Сустрэча на полі берасцейскага стадыёна “Юнацтва” прайшла з перавагай навапалачан, якія выйгралі з лікам 3:1. Паядынак у адказ адбудзецца ў Наваполацку 7 снежня. У гэтым сезоне “Нафтан” заняў 14-е месца сярод 16 каманды вышэйшай лігі, а “Ніва” фінішавала на трэцяй пазіцыі ў другім дывізіёне нацыянальнага першынства.
“Карона” з Шыкаўкам прабілася ў чвэрцьфінал Кубка Польшчы
“Карона” на хатняй арэне перамагла “Відзэў” у матчы 1/8 фіналу Кубка Польшчы — 1:0. У гаспадароў беларускі форвард Яўген Шыкаўка выйшаў у старце і быў заменены на 77-й хвіліне.
“Арсенал” перамог “Манчэстэр Юнайтэд”
У матчы 14-га тура чэмпіянату Англіі лонданскі “Арсенал” перамог “Манчэстэр Юнайтэд” — 2:0. Лонданцы займаюць трэцяе месца ў табліцы з 28 ачкамі, саступаючы “Чэлсі” па дадатковых паказчыках і адстаючы ад “Ліверпуля” на сем балаў. У “МЮ” 19 ачкоў і 11-я пазіцыя. «Ліверпуль» страціў ачкі ўпершыню з канца кастрычніка ў вар’яцкім матчы з шасцю галамі. “Ліверпуль” на выездзе згуляў унічыю з “Ньюкаслам” — 3:3. Дублем адзначыўся форвард мерсісайдцаў Махамед Салах. Госці двойчы саступалі ў ліку, але выйшлі наперад да 83-й хвіліны, а потым прапусцілі на 90-й. “Манчэстэр Сіці” на хатняй арэне разграміў “Нотынгем Форэст” — 3:0. Раней каманда Хасэпа Гвардзьёлы саступіла ў чатырох паядынках АПЛ запар.
Мбапэ зноў не рэалізаваў пенальці
Мадрыдскі “Рэал” на выездзе саступіў “Атлетыку” ў матчы 19-га тура чэмпіянату Іспаніі — 1:2. Зорны французскі форвард “сметанковых” Кіліян Мбапэ на 14-й хвіліне забіў з афсайда, а на 68-й не змог рэалізаваць пенальці. Раней Мбапэ не змог забіць з пенальці ў паядынку Лігі чэмпіёнаў супраць «Ліверпуля». “Рэал” з 33 ачкамі ідзе другім у табліцы, адстаючы ад “Барселоны” на чатыры балы, але маючы гульню ў запасе.
Беларускае Радыё Рацыя