BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Мяшкоў Брэст” згуляў унічыю з “Зенітам” у SEHA-лізе

“Мяшкоў Брэст” пазбег паразы ў канцы гасцявой гульні з піцерскім “Зенітам” у SEHA-лізе. У заключным паядынку адыходзячага года берасцейцы доўгі час прайгравалі, але за хвіліну да заканчэння другога тайма Аляксандр Шкурынскі здолеў зраўняць лік – 33:33. У групе В менскі СКА абыграў у гасцях стаўрапольскі “Віктар” з лікам 37:33. У Магілёве гандбалісты “Машэкі” выйгралі ў “Бусла Кітая” – 28:23.

Баскетбалісты “МІНСКА” прайгралі 19-ы матч у Адзінай лізе ВТБ0

Баскетбалісты “МІНСКА” пацярпелі 19-ю паразу запар у матчах рэгулярнага чэмпіянату Адзінай лігі ВТБ. На паркеце “Мінск-Арэны” гаспадары прайгралі лідару сезона маскоўскаму ЦСКА з лікам 83:97. У складзе менчан самым выніковым стаў Джарэд Агунгбемі-Джэксан, у актыве якога 20 ачкоў. Для ЦСКА гэтая вікторыя стала 17-й у 19 згуляных сустрэчах. Свой наступны матч БК “МІНСК” правядзе 7 студзеня ў Екацярынбурзе супраць мясцовага “Уралмаша”, які нядаўна ўзначаліў былы настаўнік менскай дружыны Расціслаў Вяргун.

«Нёман» пацвердзіў сыход Шукурава

Кыргызстанскі паўабаронца Алімардон Шукураў пакінуў гарадзенскі футбольны клуб «Нёман». Раней паведамлялася, што футбалістам цікавяцца клубы з расейскага Д2. У гэтым сезоне Шукураў правёў 21 матч у вышэйшай лізе і забіў тры мячы.

«ПСЖ» падпіша 18-гадовага апорніка «Карынціянс» Маскарда

Апорны паўабаронца «Карынціянс» Габрыэль Маскарда стане гульцом «ПСЖ», паведаміў журналіст Фабрыцыа Рамана. Па дадзеных крыніцы, сума трансферу можа скласці 20 мільёнаў еўра +2 мільёны ў выглядзе бонусаў. Клубы дасягнулі згоды. Неўзабаве гулец прыляціць у Парыж, каб афіцыйна аформіць здзелку. 18-гадовы Маскарда – выхаванец 7-разовага чэмпіёна Бразіліі. За першую каманду дэбютаваў у чэрвені гэтага года, выйшаўшы на замену ў гульні Кубка Лібертадорэс супраць уругвайскага «Ліверпуля» (3:0). З тых часоў паспеў забіць 1 мяч і аддаць 1 выніковую перадачу ў 25 матчах.

Сцяпанаў афіцыйна завяршыў кар’еру

Былы нападнік хакейнай зборнай Беларусі Андрэй Сцяпанаў аб’явіў аб завяршэнні гульнявой кар’еры ва ўзросце 37 гадоў. Пра гэта ён паведаміў у сваім інстаграм-акаўнце. Форвард не гуляў на прафесійным узроўні з сезона-2020/21. Яго апошнім клубам быў польскі ГКС з Катавіцы.

Менскія дынамаўцы пачынаюць заключную ў адыходзячым годзе дамашнюю серыю ў КХЛ

Хакеісты менскага “Дынама” сёння правядуць першы з двух матчаў апошняй хатняй серыі 2023 года ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. Супернікам падначаленых Дзмітрыя Квартальнага будзе “Аўтамабіліст” з Екацярынбурга. У снежні ўральцы на добрым ходзе: у апошніх пяці матчах у каманды чатыры перамогі і адзіная параза ад “Трактара” ў авертайме. На гэты момант “чырвона-чорныя” займаюць шостае месца на Усходзе, маючы 51 пункт пасля 44 матчаў. У склад “Аўтамабіліста” на паядынак супраць “Дынама” выкліканы беларускі нападнік клуба Васіль Філяеў, які правёў у гэтым сезоне 15 сустрэч, зарабіўшы 2 (1+1) выніковыя балы. Менчане, наадварот, крыху збавілі абароты пасля нядаўняй пераможнай серыі. З гасцявога турнэ “зубры” вярнуліся з “абаранкам”, прайграўшы не толькі лідэру канферэнцыі “Спартаку”, але і аўтсайдэру чэмпіяната “Віцязю”.

Беларускае Радыё Рацыя