
Насычаным рознымі відамі выдаўся чарговы дзень алімпіяды ў Парыжы. Вельмі паспяхова выступаюць на ёй азіяцкія каманды – Японія, Кітай, Паўднёвая Карэя. Цягам дня яны былі ў лідарах па медалях. Але ўвечары падцягнуліся і Аўстралія з Францыяй. У медальным заліку наперадзе Японія – 6 залатых узнагародаў і 12 агулам. Далей ідуць Францыя – 5 і 16 адпаведна, Кітай – 5 і 12, Аўстралія – 5 і 9, Паўднёвая Карэя – таксама 5 і 9. Аднак па агульнай колькасці медалёў наперадзе прагназавана ЗША – усяго ў іх 20, з якіх тры залатыя. Прызавыя месцы занялі ужо прадстаўнікі 34 краінаў.
Аліна Змушка заняла 8-е месца
У цэнтры ўвагі ўвечары былі фінальныя спаборы ў плыўцоў. Адзіная беларуска, якая прабілася ў вырашальны заплыў – гэта Аліна Змушка, якая ў паўфінале ўсталявала свой асабісты рэкорд на дысnанцыі 100 метраў брасам. У фінале Змушка заняла 8-е месца. Чэмпіёнкай у гэтай дысцыпліне стала тытулаваная Тацяна Сміт з ПАР, срэбра здабыла кітайка Тан Цянцін, бронза ў Моны Макшары з Ірляндыі.
У заплыве мужчын на 200 метраў вольным стылем перамог двухразовы чэмпіён свету Давід Попавіч з Румыніі. Другое месца заняў брытанец Мэцью Рычардс, бронзавы медаль павесіў на шыю амерыканец Люк Хобсан.
Рафаэль Надаль пакідае алімпіяду
У панядзелак шмат матчаў было праведзена на тэнісным турніры. У цэнтры ўвагі была сустрэча заклятых супернікаў – серба Новака Джокавіча і іспанца Рафаэля Надаля. Першая ракетка свету без асаблівых праблемаў аформіў выхад у 1/8-ю фінала – 6:1, 6:4. Надаль выбыў з турніру. Другі нумар рэйтынгу іспанец Карлас Алькарас адолеў галяндца Талона Грыкспура – 6:1, 7:6 (7:3).
У жаночым турніры варта вылучыць вікторыю італьянкі Ясмін Паоліні над полькай Магдай Лінет – 6:4, 6:1. Першая ракетка свету Іга Свёнтэк (Польшча) без асаблівых праблемаў разабралася з францужанкай Дыян Пары – 6:1, 6:1. Харватка Дона Векіч узяла верх над Б’янкай Андрэеску з Канады – 6:3, 6:4. У наступны круг выйшла ўкраінка Марта Касцюк, а вось яе суайчынніца Даяна Ястрэмска зачахліла ракетку. Найбольш цікавай выдалася сустрэча паміж амерыканкай Джэсікай Пегулай і украінкай Элінай Світолінай. Для выяўлення пераможцы спатрэбілася тры сеты. У выніку поспех святкавала Світоліна – 4:6, 6:1, 6:3.
Дарэчы, першы парыжскі медаль для Украіны заваявала ў гэты дзень фехтавальніца Вольга Харлан – яна стала бронзавай прызёркай у спаборы на шаблях.
У гандбалістаў адборавыя матчы
На гандбольным алімпійскім турніры працягваецца спабор у групах. Тузін удзельнікаў фінальнай стадыі падзелены на групы па 6 зборных. У плэй-оф выйдуць адпаведна па 4 мацнейшыя каманды.
У панядзелак прайшло 6 сустрэч, вось іх вынікі: Японія – Германія – 26:37, у балканскім дэрбі Славенія ўзяла верх над Харватыяй – 31:29, тытулаваная Данія адолела таксама моцны Егіпет – 30:27. У прынцыповым паядынку Швецыя давяла сваю перавагу над Іспаніяй – 29:26. Гаспадары турніру французы пацярпелі другую паразу запар – на гэты раз ад Нарвегіі – 22:27. Нарэшце Венгрыя разграміла Аргенціну – 35:25.
Пасля двух тураў у кампаніі А наперадзе Нямеччына – 4 ачкі, яшчэ чатыры дружыны маюць па 2. У сэкстэце В па 4 пункты набралі Данія і Нарвегія, а вось Францыя з нулём і пад пагрозай вылету.
Нечаканая параза «Ракува»
У панядзелак быў згуляны апошні матч другога тура польскай футбольнай экстракласы. Досыць нечакана «Ракув» з Чэнстаховы на сваім полі саступіў «Краковіі» – 0:1. Адзіны мяч у сустрэчы забіў дацкі легіянер Мікель Майгор на 48-й хвіліне.
Пасля двух тураў турнірную табліцу ўзначальваюць беластоцкая «Ягелонія» і варшаўская «Легія» – па 6 ачкоў. Па 4 маюць у сваім актыве «Пагоня» (Шчэцін), «Пяст» (Глівіцэ), «Відзэў» (Лодзь) і «Краковія).
У чарговым трэцім туры «Ягелонія» 3 жніўня прыме на сваім полі «Сталь» з гораду Мелец, каманду, за якую выступае беларус Ілля Шкурын.
Беларускае Радыё Рацыя