Ад сёння і да 11 жніўня асноўная ўвага нашых навінаў канешне да алімпійскіх гульняў у Парыжы. 27 ліпеня на буйнейшым спартовым форуме будзе разыграна 14 камплектаў узнагарод. Першыя чэмпіёны і прызёры былі вызначаны па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі з адлегласці 10 метраў у змешаным разрадзе. Золата здабыў кітайскі дуэт, другое месца – у паўднёвакарэйскіх прадстаўнікоў, бронзу заваявалі казахстанцы.
Прадстаўніцы Кітая перамаглі і ў сінхронных скачках у ваду з трохмятровага трампліна. Срэбра – у амерыканак, трэцімі сталі рэпрэзентанткі Вялікабрытаніі.
Удалы дзень для беларусаў
Беларускія спартоўцы, якія выступаюць у нейтральным стаусе, правялі досыць удалы дзень. У сваіх заездах па акадэмічным веславанні паспяхова выканалі заданне Яўген Залаты і Тацяна Клімовіч. Залаты быў першым у сваёй адборавай кампаніі, а Клімовіч фінішавала другой. Адпаведна яны працягваюць змаганне за медалі.
Плывец Ілля Шымановіч на сваёй кароннай дыстанцыі 100 метраў брасам сярод усіх удзельнікаў папярэдняй стадыі паказаў трэці час – 59,25. Такім чынам ён застаецца сярод прэтэндэнтаў на п’едэстал.
Сутычка Аўстраліі і Іспаніі
На алімпійскім мужчынскім баскетбольным турніры Аўстралія ў групе А перамагла Іспанію – 92:80. Сустрэча была адзначана сутычкай гульцоў. У квартэце В Нямеччына ўзяла верх над Японіяй – 97:77. Усяго ў гэтым турніры бярэ ўдзел 12 дружын, падзеленыя на 3 кампаніі. У плэй-оф выйдуць па дзве мацнейшыя з кожнай групы, плюс дзве лепшыя з трох трэціх месцаў.
Змаганне валейбольных грандаў
У валейбольным мужчынскім спаборы сустракаліся адвечныя супернікі-гранды – Італія і Бразілія. Два першыя сэты ў напружаным змаганні выйгралі апенінцы – 25:23 і 27:25, трэцюю партыю упэўнена ўзялі бразільцы – 25:18. Але апошняе слова засталося за «скуадра адзуррай» – 25:21 і выніковыя 3-1 на карысць Італіі. У гэтай жа групе В выступае Польшча.
У іншым матчы дня Германія ў пяцісетавым паядынку змагда давесці сваю перавагу над японцамі – 3-2 (25:17, 23:25, 20:25, 30:28 і 15:12 на тай-брэйку). У валейболе ў Парыжы выступае таксама тузін зборных, а формула розыгрышу такая як і ў баскетболе.
Тэнісныя фаварыты пацвярджаюць статус
На тэнісным алімпійскім турніры ўпэўнена стартавалі фаварыты. Італьянка Ясмін Паоліні (5-ы нумар сусветнага рэйтынгу) за два сеты перамагла румынку Ану Богдан – 7:5, 6:3. Першая ракетка свету, полька Іга Свёнтэк узяла верх іншай прадстаўніцай Румыніі – Ірынай Бегу – 6:2, 7:5.
У мужчынскім адзіночным тэнісным разрадзе серб Новак Джокавіч (2-і нумар ATP) з надзвычайнай лёгкасцю разабраўся з аўстралійцам Мэцью Эбдэнам. Лік сустрэчы яскрава пра гэта сведчыць – 6:0, 6:1. Не меў ніякіх праблемаў з сваім апанентам і першая ракетка свету іспанец Карлас Алькарас. Ён перамог таксама ў дзвюх партыях лібанца Хадзі Хабіба – 6:3, 6:1. Усе гэтыя сустрэчы прайшлі на стадыі 1/32-й фіналу.
Гандбалісты Харватыі ледзь выйгралі ў Японіі
Стартавалі на алімпіядзе і гандбалісты. Іспанія адолела Славенію – 25:22, Венгрыя саступіла Егіпту – 32:35, нарэшце Харватыя з вялікай цяжкасцю ўзяла верх над Японіяй – 30:29, прычым пасля першага тайму балканцы саступалі 13:18. Гандбольныя зборныя падзелены на два сэкстэты, у плэй-оф выйдуць па чатыры мацнейшыя каманды.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Global Look Press






