BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

На чэмпіянаце Аўстраліі па тэнісе набліжаюцца паўфіналы

чэмпіянат Аўстралія

Першая ракетка свету з Беларусі Арына Сабаленка адолела 27-ю ракетку, 18-гадовую амерыканку Іву Ёвіч у чвэрцьфінале Australian Open з лікам 2-0 – 6:3, 6:0.
Сабаленка 14-ы раз у кар’еры і шосты раз запар выйшла ў паўфінал турніру «Вялікага шлема».

Для Сабаленкі гэта быў 10-ы матч у гэтым сезоне. На яе рахунку 10 перамог і ніводнага прайгранага сэта.
З 20 праведзеных сэтаў толькі ў 6 Сабаленка прайграла больш за тры геймы. Больш за чатыры геймы яна аддала тройчы.
Са старту сезона-2023 яна не даходзіла да гэтай стадыі ўсяго двойчы: на «Ралан Гарос»-2024 (прайграла ў чвэрцьфінале) і «Уімблдоне»-2024 (прапусціла з-за траўмы).
У Мельбурне Сабаленка згуляе ў паўфінале чацвёрты год запар. У 2023-м і 2024-м яна выйграла тытул, а летась саступіла ў фінале.
Яе суперніцай у 1/2 фінала стане 12-я ракетка свету ўкраінка Эліна Світоліна, якая ў 1/4 фіналу перамагла таксама амерыканку, 3-ю ракетку Коры Гаўф з такім самым лікам 2:0 – 6:1, 6:2.
Гэта будзе сёмая сустрэча суперніц. Цяпер Сабаленка наперадзе – 5-1.
У мінулым годзе яны гулялі ў паўфінале тысячніка ў Мадрыдзе.
На хардзе беларуска па сустрэчах з ёй мае 2-0.

За акіянам адбыліся матчы рэгулярнага чэмпіянату Нацыянальнай Хакейнай Лігі.
«Філадэльфія» Аляксея Коласава саступіла «Айлендэрс» з лікам 0:4. Беларус правёў усю сустрэчу ў ролі бэкапа чацвёрты раз запар.

А вось у беларускай хакейнай Экстралізе ў рэгулярным чэмпіянаце былі згуляныя наступныя матчы 43 тура.

«Брэст» на сваім лёдзе саступіў з лікам 1:2 салігорскаму «Шахцёру».
«Магілёў» перайграў гарадзенскі «Нёман» з лікам 5:2.

«Дынама-Маладэчна» па булітах з лікам 2:3 саступіў смаленскаму «Славуцічу».

Зборная Славеніі здабыла перамогу над Бельгіяй з лікам 5:4 у матчы другога тура чэмпіяната Еўропы па фіні-футболе ў групе C.
Пасля двух тураў Гішпанія набрала шэсць ачкоў, у Бельгіі і Славеніі – тры, у Беларусі – 0. Нагадаем, што ў першым матчы групы беларусы прайгралі бельгійцам 0:4, а ў другім – гішпанцам 0:2.
Такім чынам, зборная Беларусі ўсё ж захоўвае шансы на выхад у плей-оф з другога месца групы. Калі ў апошнім туры Бельгія прайграе Гішпаніі, а Беларусь выйграе ў Славеніі, то Славенія, Бельгія і Беларусь будуць мець па тры ачкі. У такім выпадку месцы вызначаць па дадатковых крытэрыях, якія датычацца толькі вочных матчаў гэтых трох каманд: розніцы мячоў, а ў выпадку яе роўнасці – колькасці забітых мячоў.
У такім раскладзе розніца мячоў Бельгіі ўжо не зменіцца: 8:5. Славенія пакуль мае 5:4, Беларусь 0:4.
Такім чынам, каб абагнаць абодвух супернікаў, Беларусь павінна абыграць Славенію хаця б на сем мячоў, забіўшы пры гэтым не менш за дзевяць разоў, або з большай розніцай мячоў. У выпадку перамогі Беларусі 7:0 ці 8:1 ці з меншай розніцай вышэй застанецца Бельгія.
Сустрэча Беларусі са Славеніяй і Бельгіі з Гішпаніяй пройдзе 29 студзеня. Пачатак у 19:30 па беларускім часе.

Першы мяч у гульні Бельгіі і Славеніі забіў на 2-й хвіліне універсал бельгійцаў Габрыэль Грэлья, чый узрост па стане на дадзены момант – 40 гадоў і 206 дзён. Дзякуючы гэтаму ён стаў найстарэйшым аўтарам гола ў гісторыі фінальных частак футзальных Еўра.
Адзначым, за 2 дні да гэтага рэкорд самага маладога аўтара гала таксама быў абноўлены, а на наступны дзень украінец Ілля Прыходзька стаў самым юным гульцом, які прыняў удзел у матчы ЧЕ.

А вось на Чэмпіянаце Еўропы па гандболе падыходзіць да завяршэння асноўны этап.
Учора там быў «нічыйны» дзень – два з трох матчаў завяршыліся з нічыйным лікам. Швайцарыя – Ісляндыя 38:38 і Швецыя – Венгрыя 32:32. Харватыя перамагла Славенію з лікам 29:25.
Такім чынам за тур да канца асноўнымі прэтэндэнтамі на выхад у паўфінал са сваіх груп з’яўляюцца Данія і Германія ды Харватыя і Ісляндыя.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя