Вельмі цікавым стаўся склад 1/8 жаночага тэніснага турніру Australian Open. Да гэтай стадыі спабору дайшлі ажно па 3 прадстаўніцы Украіны і Расеі. Па 2 было тэнісісткі з Беларусі, ЗША, Чэхіі, па 1 – з Францыі, Італіі, Кітаю і Польшчы. 21 студзеня вызначылася палова чвэрцьфіналістак. Украінка Марта Касцюк перамагла запар ужо другую расейку – на гэты раз упэўнена Марыю Цімафееву – 6:2, 6:1. Другая ракетка свету Арына Сабаленка без асаблівых праблемаў узяла верх над прадстаўніцай ЗША Амандай Анісімавай – 6:3, 6:2. Чэшка Барбара Крэйчыкава за тры сеты адолела расейку Міру Андрэеву – 4:6, 6:3, 6:2. Амерыканка Коры Гаўф (4-я сеяная) была значана мацнейшай за польку Магдалену Фрэнх – 6:1, 6:2. Далей у чвэрцьфінале паміж сабой сустрэнуцца Сабаленка – Крэйчыкава і Касцюк – Гаўф.
На мужчынскім турніры варта вылучыць вікторыю італьянца Яніка Сінера над расейцам Карэнам Хачанавым – 6:4, 7:5, 6:3. Галоўны фаварыт турніру серб Новак Джокавіч лёгкім шпацырам прайшоўся па сваім суперніку – французу Адрыяна Манарына – 6:0, 6:0, 6:3. У цяжкім змаганні амерыканец Тэйлар Фрыц адолеў Стэфанаса Цыцыпаса з Грэцыі – 7:6 (7:3), 5:7, 6:3, 6:3. Вядома, што далей Джокавіч сустрэнецца з Фрыцам.
Францыя пацвярджае фаварыцтва на гандбольным Еўра
На чэмпіянаце Еўропы па гандболе, што праходзіць у Нямеччыне, прайшлі чарговыя сустрэчы другога раўнда ў групе 1. Францыя ўпэўнена перамагла Ісляндыю – 39:32. У зацятым змаганні Венгрыі з Харватыяй удала канцоўку правялі мадзьяры – 29:26. Найбольшую інтрыгу мела дэрбі суседзяў – Германіі і Аўстрыі – напружаная бітва завяршылася нічыёй – 22:22.
Становішча ў групе зараз такое: Францыя – 6 ачкоў, Венгрыя і Аўстрыя – па 4, Германія – 3, Харватыя – 1, Ісляндыя – 0. Сёння правядуць свае чарговыя матчы зборныя сэкстэту 2. Напомнім, што «наверх» адразу ў паўфінал выходзяць па дзве мацнейшыя каманды.
«Мілан» замацаваўся на 3 месцы ў Серыі А
У чэмпіянаце Італіі ў драматычным матчы «Мілан» удала з’ездзіў у горад Удзінэ. Мясцовы «Удзінэзе» – адзін з сама нешчаслівых у гэтым сезоне клубаў. Каманда часта вядзе ў ліку цягам сустрэчы і губляе ачкі ў самай канцоўцы. Так здарылася і на гэты раз. Двойчы «Удзінэзе» быў наперадзе, а ў заключнай частцы паядынку яго спасцігла чарговая катастрофа – спярша міланцы адыграліся, а ў кампенсаваны час Ніка Акафор прынёс перамогу клубу з сталіцы Ламбардыі – 3:2. «Мілан» набраў 45 ачкоў і ўмацаваўся на трэцім месцы. У іншым матчы кальчо «Рома» была крыху мацнейшай за «Верону» – 2:1.
У бундэслізе дортмундская «Барусія» на выездзе разграміла «Кёльн» – 4:0. Лідар розыгрышу леверкузенскі «Баер» дамогся чарговай вікторыі – ён перамог у гасцях «Ляйпцыг» – 3:2. Леверкузенцы набралі ўжо 48 ачкоў. У мюнхенскай «Баварыі» – 41 пункт, але на дзве гульні менш.
На футбольным Кубку Азіі ледзь не здарылася чарговая сенсацыя. Іярданія цягам сустрэчы перамагала 2:0 Паўднёвую Карэю, але ў самай канцоўцы куды больш тытулаваныя падначаленыя нямецкага трэнера Юргена Клінсмана вырвалі нічыю – 2:2. Іярданія тым не менш захоўвае лідарства ў групе Е – 4 ачкі, столькі ж у карэйцаў, тры пункты мае Бахрэйн, Малайзія з нулём.
Чарговыя сустрэчы прайшлі на Кубку афрыканскіх нацый. Вось іх вынікі: Алжыр – Буркіна-Фасо-2:2, Маўрытанія – Ангола – 2:3, Туніс – Малі – 1:1. Групу D узначальваюць Ангола і Буркіна-Фасо — па 4 ачкі, у квартэце Е наперадзе Малі – 4 пункты.
Беларускае Радыё Рацыя






