BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

На чэмпіянаце свету па хакеі ўжо вызначаны шэсць удзельнікаў чвэрцьфіналу

На выходных у лядовых палацах Даніі ды Швецыі прайшлі чарговыя матчы групавога этапу 88-га чэмпіяната свету па хакеі. Фінляндыя перамагла Латвію 2:1. ЗША Германію 6:3. Чэхія разграміла Казахстан з лікам 8:1. Швецыя адолела Францыю 4:0. Данія абыграла Нарвегію 6:3. Канада разграміла Славакію з лікам 7:0. Учора ЗША таксама разграміла Казахстан з лікам 6:1. А Аўстрыя толькі па булітах здолела адужаць Славенію з лікам 3:2. Латвія перамагла Славакію 5:1. А Швайцарыя зладзіла форменны разгром Венгрыі з рэкордным лікам 10:0. І такім чынам з групы А ў чвэрцьфінал ужо выйшлі Швецыя, Канада і Фінляндыя, а на апошнюю вакансію прэтэндуюць Латвія, Аўстрыя ды Славакія. З групы Б выйшлі Швайцарыя, Чэхія, ЗША, а таксама застаюцца прэтэндэнтамі Данія ды Германія.

9 тур у Вышэйшай лізе чэмпіяната Беларусі па футболе прынёс наступныя вынікі. «Слуцк» разышоўся мірам з «Іслаччу» 1:1. Берасцейскае «Дынама» працягвае ўпэўнены ўздым наверх па турнірнай табліцы і гэтым разам пад яго каток патрапіў «Мінск», які быў разгромлены надбужанцамі з лікам 5:0. Іх аднаклубнікі з менскага «Дынама» з мінімальным лікам 3:2 перамаглі аўтсайдара чэмпіяната «Маладэчна». Учора ж дзяржынскі «Арсенал» згуляў з «Віцебскам» унічыю 1:1. Адзначым, што гэта ўжо 6 нічыя «кананіраў» у 9 турах і ніводнай перамогі. Упэўнена трымаецца на вяршыні турнірнай табліцы чэмпіянату дэбютант – віцебскі «МЛ». І гэтым разам ён перайграў колішняга гранда беларускага футбола – барысаўскі БАТЭ з лікам 2:1. У турнірнай табліцы «МЛ» ідзе на першым месцы, «Дынама» Берасце на другім, і «Славія» Мазыр на трэцім. Замыкае яе – «Маладэчна» з нулём ачкоў у капілцы.

У розыгрышы Першай футбольнай лігі чэмпіяната Беларусі прайшлі матчы 8 тура. З цікавых вынікаў адзначым перамогу пінскай «Хвалі» над дублем барысаўскага БАТЭ 2:0. Паразу «Слоніма» ад «Воршы» 0:3. Перамогу 1:0 «Нівы» з Камянеччыны над дублем «Гомеля». Перамогу «Баранавічаў» 4:0 над «Асіповічамі». Ды паразу «Астраўца» ад магілёўскага «Дняпра» 0:2, які і знаходзіцца зараз на вяршыні турнірнай табліцы.

У вышэйшым дывізіёне чэмпіяната Польшчы па футболе – экстракласе – прайшоў шэраг матчаў перадапошняга 33 тура. З цікавых – «Карона» Кельцы прытармазіла «Ракаў» з Чанстаховы на шляху да чэмпіёнства, згуляўшы з тымі ўнічыю 1:1. Прычым руку, а дакладней нагу да гэтага прыклаў беларускі форвард Яўген Шыкаўка, які аддаў трапную перадачу, калі «Карона» адкрывала лік у гульні. Другі прэтэндэнт на золата познаньскі «Лех» таксама згуляў унічыю з «Катавіцамі» 2:2 і таму лёс чэмпіёнства вырашыцца ў іх завочным супрацьстаянні з «Ракавам» ў апошнім туры праз тыдзень. Яны маюць 67 і 66 ачкоў адпаведна. Варшаўская «Легія» прайграла «Краковіі» з Кракава 1:3. Тут адзначым гол беларускага форварда «армейцаў» Іллі Шкурына. Для яго гэта 7 гол у чэмпіянаце. 3 у складзе «Сталі» з Мельца і 4 у складзе «Легіі». Таксама ў актыве Іллі – Кубак Польшчы ў складзе сталічнай каманды. Таксама адзначым нічыю 3:3 паміж «Лехіяй» Гданьск і «Пагоняй» Шчэцін, бо менавіта з «Пагоняй» у гэтую суботу «Ягелонія» ў Беластоку разыграе бронзавыя медалі чэмпіяната. Каб выйграць іх у другі раз у гісторыі «Ягелоніі», дастаткова ў гэтым супрацьстаянні не прайграць.

Юнацкая зборная Беларусі па футболе да 17 гадоў не здолела перамагчы гаспадароў міні-турніра ў Босніі і Герцагавіне, каб узняцца ў наступным годзе ў дывізіён А чэмпіяната Еўропы па футболе сярод зборных да 19 гадоў. Нашыя хлопцы саступілі з лікам 1:2. Пры чым адыгралі адзін мяч на 96-й хвіліне, а на 90-й хвіліне Луцковіч не забіў пенальці і ўслед быў выдалены з поля за неспартовую атаку брамніка.

У фінальнай серыі чэмпіяната Беларусі па баскетболе «Гродна-93» саступіў «Мінску» з лікам 63:66. І такім чынам лік у серыі стаў 1:1.

У чэмпіянаце Беларусі па гандболе таксама распачалася фінальная серыя, у якой сышліся дзве найбольш тытулаваныя каманды беларускага ручнога мяча. У першай сустрэчы менскі СКА перамог берасцейскі БГК імя Мяшкова з лікам 34:32.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя