BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

На чэмпіянаце свету ЗША вырвала перамогу ў Нарвегіі

У Швецыі ды Даніі працягваецца групавы этап 88-ы чэмпіяната свету па хакеі. Учорашні дзень прынёс наступныя вынікі. Зборная Славакіі адолела Францыю з лікам 2:1. А зборная Злучаных Штатаў Амерыкі за 51 секунду да канца авертайма здолела вырваць перамогу ў зборнай Нарвегіі з лікам 6:5. Швецыя адолела Латвію з лікам 6:0. А Данія дала рады Казахстану з лікам 5:1. Турнірнае становішча на дадзены момант выглядае наступным чынам. У групе А квартэт лідараў складаюць – Швецыя, Канада, Латвія і Славакія. А ў групе Б – Германія, ЗША, Чэхія ды Швейцарыя.

На прадстаўнічым тэнісным турніры класа WTA – 1000 першая ракетка сусветнага рэйтынгу беларуска Арына Сабаленка завяршыла сваё выступленне на стадыі чвэрцьфіналу. Яе нечакана спыніла 8-я ракетка рэйтынгу кітаянка Чжэнь Цыньвэнь, перамогшы ў двух сэтах 4:6, 3:6.

Правядзенне чэмпіянату Еўропы па футзале знаходзіцца пад пагрозай пераносу праз тое, што ў фінальную частку прабілася зборная Беларусі, якую прынцыпова не хочуць у сябе бачыць гаспадары турніру, паведамляе казахстанскае выданне Sports24.kz. Літва і Латвія, першапачаткова абраныя ў якасці краін-гаспадынь турніру, выказалі нежаданне прымаць у сябе зборную Беларусі, якая кваліфікавалася на кантынентальнае першынство. У сувязі з гэтым УЕФА разглядае варыянт пераносу спаборніцтва ў іншую краіну, дзе не будзе падобных абмежаванняў. У ліку патэнцыйных новых гаспадароў турніру згадваецца Казахстан, які мае неабходную інфраструктуру для правядзення міжнародных спаборніцтваў. Рашэнне па пытанні змены месца правядзення турніру можа быць прынята ў найбліжэйшы час. Пакуль што чэмпіянат Еўропы па футзале мае прайсці ў Рызе і Коўне з 18 студзеня па 8 лютага наступнага года.

Данецкі «Шахцёр» учора перамог кіеўскае «Дынама» ў фінале Кубка Украіны па футболе. Для каманды з акупаванага расейцамі горада гэта стаў 15 трафей. У «Дынама» – 13 Кубкаў.
Асноўны і дададзены час гульні, якая праходзіла ў Жытоміры, не выявіў пераможцу – 1:1. Але ў серыі пенальці «шчаслівы білет» выцягнулі футбалісты з Данецку, перамогшы з лікам 6:5.

Сёння ж у Менску пройдзе лёсаванне 1/32 Кубка Беларусі па футболе сезону 2025/26 гадоў. На гэтай стадыі да камандаў рэгіянальных лігаў, што прайшлі сіта 1/64 далучацца каманды з Першай лігі, акрамя дублёраў ды Зборнай Беларусі да 17 гадоў і магілёўскага «Дняпра» ды бабруйскай «Белшыны», якія аўтаматам прайшлі ў 1/16 фінала.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя