BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

На чэмпіянаце ЗША па тэнісе без сенсацый

Набліжаецца да сваёй кульмінацыі адкрыты чэмпіянат ЗША па тэнісе. Вызначыліся ўжо ўсе чвэрцьфіналісты ў адзіночным разрадзе. Упэўнена права згуляць на гэтай стадыі здабыў першы нумар сусветнага рэйтынгу Янік Сінэр з Італіі – ён літаральна ўшчэнт разграміў Аляксандра Бубліка з Казахстану – тры сэты з аднолькавым лікам па геймах 6:1. У чвэрцьфінале сёння Сінэр сустрэнецца з суайчыннікам Ларэнца Музетці, 10-й ракеткай свету. А ўчора прайшоў ужо першы чвэрцьфінальны матч – іншы фаварыт Карлас Алькарас (2-я ракетка планеты) экзаменаваў чэха Іржы Лехечку і выйграў 3-0.

У заключнай сустрэчы 1/8-й фіналу ў жанчын амерыканка Аманда Анісімава ўпэўнена адолела за дзве партыі прадстаўніцу Бразіліі Беатрыс Хадад Майю – 6:0, 6:3. Ужо ў чвэрцьфінале іншая амерыканка Джэсіка Пегула сустрэлася з чэшкай Барбарай Крэйчыкавай і перамагла яе на класе – два разы па 6:3 у сэтах.

Сёння на гэтай стадыі пройдуць іншыя тры матчы: Арына Сабаленка (Беларусь) – Маркета Вондрушава (Чэхія), Аманда Анісімава (ЗША) – Іга Свёнтэк (Польшча) і Караліна Мухава (Чэхія) – Наомі Осака (Японія).

На мужчынскім чэмпіянаце Еўропы па баскетболе чарговыя двубоі правялі каманды групаў C i D. Цэнтральным паядынкам у кампаніі С стала сустрэча Польшчы і Францыі. Палякі прайгралі 76:83. У гэтай жа групе Ізраіль перамог Бельгію – 92:89, а баскетбалісты Славеніі – каманду Ісляндыі – 87:79. Пасля чатырох тураў Ізраіль, Польшча і Францыя маюць па 7 ачкоў, Славенія – 6.

У сэкстэце D у цэнтры ўвагі быў спабор Іспаніі і Італіі, вікторыі ў драматычнай канцоўцы дасягнулі апенінцы – 67:63. Грэцыя мелася праштампаваць дзяжурную перамогу – на гэты раз над зборнай Босніі і Герцагавіны, але нечакана саступіла – 77:80. Грузія змагалася з Кіпрам і разграміла яго з лікам 93:61.

У групе зараз сітуацыя такая: Грэцыя і Італія – па 7 ачкоў, Іспанія, Грузія і Боснія – па 6.

Пра валейбол. У міжнародным таварыскім матчы сустрэліся суседзі – мужчынскія зборныя Аргенціны і Бразіліі. Валявой перамогі дамагліся бразільцы, прычым толькі на тай-брэйку – 15:9 у вырашальнай партыі.

На жаночым чэмпіянаце свету сёння пройдуць дзве сустрэчы 1/4-й фіналу. Спярша на паркеце пазмагаюцца каманды Нідэрляндаў і Японіі. А ў 15.30 па польскім часе спаткаюцца зборныя Італіі і Польшчы.

Ангельскі «Манчэстэр Сіці» на сваім афіцыйным сайце абвесціў пра пераход галкіпера французскага «ПСЖ» Джанлуіджы Доннарумы. Бакі падпісалі кантракт да лета 2030 года. Па даных розных крыніц, трансфер італьянскага брамніка абыйшоўся «гараджанам» у суму ад 35 да 39 мільёнаў еўра.

У мінулым сезоне Доннарума ўзяў удзел у 47 матчах за «ПСЖ» ва ўсіх турнірах, 17 з якіх адыграў «на нуль». Цягам кар’еры брамнік чатыры разы выйграў чэмпіянат Францыі, двойчы – Кубак гэтай краіны і тройчы – Суперкубак. У складзе “ПСЖ” італьянец таксама перамог у Лізе чэмпіёнаў. Раней з «Міланам» галкіпер браў Суперкубак Італіі, а ў складзе зборнай станавіўся чэмпіёнам Еўропы.

Беларускі футбольны нападнік Віталь Лісаковіч афіцыйна стаў гульцом славенскага клуба «Цэле», пра гэта паведаміла прэс-служба каманды. Кантракт падпісаны да 31 снежня 2026 года. Да гэтага форвард гуляў за расейскую «Балтыку» з Калінінграда. Пасля 7 тураў «Цэле» займае першае месца ў нацыянальным чэмпіянаце, ідучы без стратаў.

А вось лепшы нападнік чэмпіяната Беларусі 2023 года Уладзіслаў Марозаў зараз працягне кар’еру ў клубе другога дацкага дывізіёна «Колдынг». Марозаў будзе ў арэндзе, а правы на яго належаць партугальскай камандзе «Арока».

Былы трэнер менскага «Дынама» Вадзім Скрыпчанка ўзначаліў мацнейшы клуб з Малдовы – тыраспальскі «Шэрыф».

Х. Каменскі, Беларускае Радыё Рацыя