На Філіпінах выходзіць на фінішную прамую 21-ы чэмпіянат Свету па валейболе. Учора, 25 верасня, вызначылася другая пара паўфіналістаў.

Зборная Чэхіі была мацнейшай за Іран 3:1 – 22:25, 27:25, 25:20, 25:21. А вось Балгарыя даволі нечакана ў валявым стылі перайграла каманду ЗША з лікам 3:2 – 21:25, 19:25, 25:17, 25:22, 15:13. І такім чынам у паўфінале згуляюць Чэхія і Балгарыя, ды фіналісты папярэдняга чэмпіянату свету 2022 года – Польшча ды Італія.
Учора былі згуляныя астатнія 9 матчаў першага тура групавога этапу асноўнага раўнда футбольнай Лігі Еўропы.
Нідэрландскі «Гоў Эгэд Іглз» саступіў румынскаму «Сцяўа» з лікам 0:1.
Французскі «Ліль» перайграў нарвежскі «Бран» – лікам 2:1.
Венгерскі «Ферэнцвараш» згуляў унічыю 1:1 з чэшскай «Вікторыя» з Пльзені. Пры чым венгры, якія гулялі ажно з 38 хвіліны ў меншасці, здолелі пазбегнуць паразы на 94 хвіліне гульні.
Ангельская «Астан Віла» з лікам 1:0 перайграла італьянскую «Балонію».
Аўстрыйскі «РБ Зальцбург» прайграў партугальскаму «Порту» 0:1. Пры чым лісабонцы забілі пераможны гол ажно на 93 хвіліне матча.
Шатландскі «Рэйнджэрс» саступіў бельгійскаму «Генку» з лікам 0:1.
Нідэрландскі «Утрэхт» з такім самым лікам 0:1 прайграў французскаму «Алімпік Ліён».
Нямецкі «Штутгарт» з лікам 2:1 перайграў гішпанскую «Сельту».
І швайцарскі «Янг Бойз» прайграў грэцкаму «Панацінайкасу» з лікам 1:4. Пры чым «гарэлі» з лікам 0:3 ужо к 19 хвіліне матча.
Учора, 25 верасня, быў згуляны першы матч 23 тура ў Вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі па футболе.
Жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ» перайграла наваполацкі «Нафтан» з лікам 4:2.
Такім чынам наваполацкі клуб не можа абыграць жодзінцаў з 11 чэрвеня 2014 года. З тых часоў у 13 матчах у «Нафтана» тры нічыі і дзесяць паразаў. Пасля 23 матчаў «Нафтан» ідзе 12-м з 22 ачкамі, «Тарпеда-БелАЗ» пасля 22 гульняў займае 4 радок. Таксама для каманды Дзмітрыя Молаша гэта была найменш наведвальная хатняя гульня ў бягучым сезоне. Матч наведала 1225 чалавек. Умяшчальнасць стадыёна «Тарпеда» складае 6524 месцы.
Адбыліся стыкавыя матчы кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы па міні-футболе 2026 года. Сталі вядомыя ўсе ўдзельнікі фінальнай стадыі турніру: Арменія, Беларусь, Грузія, Гішпанія, Італія, Латвія, Літва, Польшча, Партугалія, Славенія, Украіна, Францыя, Харватыя і Чэхія. Да іх дадаліся Венгрыя і Бельгія, якія ў стыках прайшлі Румынію ды Боснію і Герцагавіну адпаведна. ЧЕ-2026 пройдзе з 21 студзеня па 7 лютага 2026 года ў Латвіі, Літве і Славеніі. Лёсаванне адбудзецца 24 кастрычніка.
Учора былі згуляныя першыя матчы 8 тура рэгулярнага чэмпіянату беларускай хакейнай Экстралігі.
Аршанскі «Лакаматыў» перайграў «Магілёў» з лікам 3:2.
«Дынама-Маладэчна» было мацнейшае за наваполацкі «Хімік» з лікам 4:1.
Смаленскі «Славуціч» перайграў з лікам 3:2 баранавіцкі «Авіятар».
І жлобінскі «Металург» быў мацнейшым у овертайме за салігорскі «Шахцёр» – 4:3.
У 1/64 фіналу турніру ў Пекіне China Open WTA-1000 беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч -130 ракетка сусветнага рэйтынгу прайшла 102 ракетку інданэзійку Джаніс Ц’ен з лікам 2:1 (6:7, 7:5, 6:1). У 1/32 фіналу беларуска сустрэнецца з 12-й ракеткай свету японкай Наомі Осакай. Паядынак пройдзе 27 верасня.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






