BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

На фінальным турніры ATP пакуль без сенсацый

ATP

Важнейшай спартовай падзеяй бягучых дзён ёсць выніковы мужчынскі тэнісны турнір ATP, які праходзіць на хардзе ў італьянскім Турыне. У стартавым матчы на корт выйшлі першая ракетка свету Карлас Алькарас з Іспаніі і сёмы нумар класіфікацыі Алекс Дэ Мінаўр з Аўстраліі. Верх за дзве партыі ўзяў іспанец – 7:6 (7:5) і 6:2. У гэтай жа падгрупе прадстаўнік Нямеччыны Аляксандр Звераў (3-я ракетка планеты) адолеў амерыканца Бена Шэлтана (пяты нумар). Лік па сэтах 6:3 і 7:6 (8:6 на тай-брэйку).

У панядзелак у іншым квартэце амерыканец Тэйлар Фрыц (6-я ракетка) без асаблівых праблемаў разабраўся з італьянцам Ларэнца Музетці, які напомнім, замяніў траўмаванага Новака Джокавіча. Лік па партыях 6:3, 6:4. Позна ўвечары другі па рэйтынгу Янік Сінэр сустрэўся з Феліксам Ажэ-Альясімам з Канады. Першую партыю ўзяў Сінэр 7:5, пасля чаго яго апанент стаў прыкметна кульгаць і італьянец без праблем давёў справу да канца – 6:1 у другім сэце. Так што пакуль аніводнай сенсацыі – усё паводле ранжыру.

Міжнародны Алімпійскі Камітэт забароніць трансгендэрам удзельнічаць у жаночых спаборніцтвах на Алімпійскіх гульнях. Пра гэта паведаміла выданне The Times. Чакаецца, што рашэнне абвесцяць ў пачатку 2026 года, калі будзе канчаткова падрыхтаванае навуковае абгрунтаванне пра фізічную перавагу трансгендэраў-мужчын па нараджэнні над прыроднымі жанчынамі. Раней, у верасні, МАК паведамляў пра стварэнне працоўнай групы па абароне жаночага спорту.

Звернемся да спраў беларускіх легіянераў. Спярша пра футбольных. У матчы 15 тура чэмпіянату Славеніі клуб «Цэле», у складзе якога нападнік Віталь Лісаковіч, на хатняй арэне згуляў унічыю з камандай «Брава» – 0:0. Лісаковіч выступіў у паядынку хутчэй сімвалічна, выйшаўшы на замену на 88-й хвіліне. «Цэле» набраў 36 ачкоў, упэўнена трымае лідарства і ажно на 9 балаў апярэджвае «Марыбор».

А вось у чэмпіянаце Малдовы каманда «Зімбру», якую ўзнаначальвае беларускі трэнер Алег Кубараў, дамаглася чарговай вікторыі – на гэты раз над «Бельцамі» – 3:1. Прыкметна, што ўсе тры галы на рахунку беларускага форварда Дзяніса Казлоўскага. За 15 сустрэч нападнік, які перажывае другую маладосць, забіў ужо 14 мячоў і лідзіруе ў спісе снайпераў. «Зімбру» пасля 19 тураў набраў 38 ачкоў, ідзе другім і адстае ад лідара – каманды «Петракуб» – на 4 ачкі.

Для беларускіх хакейных легіянераў у НХЛ мінулыя матчы нічым асабліва значным не вызначаліся. «Каларада эвеланж» абаронцы Ільі Салаўёва на чужым лёдзе перамагло «Ванкувер кэнакс» з лікам 5:4 у авертайме. Беларус, аднак, трэці раз запар у склад на матч не трапіў. Яго клуб з 25 ачкамі лідзіруе ў Заходняй канферэнцыі.

Цэнтральны форвард «Калгары флэймз» Ягор Шаранговіч у складзе сваёй каманды на выездзе саступіў «Мінесоце» 0:2. «Калгары» у той жа Заходняй канферэнцыі ідзе на апошнім месцы, няўдала выступае і Шаранговіч.

Пра падзеі ў беларускай хакейнай экстралізе. У матчы рэгулярнага чэмпіянату «Віцебск» дома мінімальна адолеў жлобінскі «Металург» – 2:1. Наваполацкі «Хімік» разграміў баранавіцкі «Авіятар» – 7:1. «Гомель» у гасцях у Оршы не пакінуў шанцаў тамтэйшаму «Лакаматыву» – 4:1. У турнірнай табліцы наперадзе менскае «Юнацтва» – 38 ачкоў. Усяго на адзін бал адстае «Дынама-Маладэчна». Тройку лідараў замыкае «Ліда», у якой 34 набраныя пункты.

Сёння ў мужчынскай баскетбольнай Еўралізе пройдуць чарговыя 7 матчаў, якімі пачнецца 10 тур. Пасля 9 тураў на чале турнірнага спабору віленскі «Жальгірыс», белградская «Црвена звезда» і «Хапаэль» з Тэль-Авіва – тры гэтыя клубы маюць па 7 вікторый. У турніры бяруць удзел 20 камандаў.

Х. Каменскі, Беларускае Радыё Рацыя