BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

На клубным чэмпіянаце свету надыходзіць пара плэй-оф

Завяршаецца групавы этап клубнага чэмпіянату свету па футболе. Скончылі свой спабор каманды яшчэ двух квартэтаў. У кампаніі D „Лос-Анджэлес» на радасць мясцовай публікі здолеў забраць ачко ў бразільскага «Фламенга», які заранёў забяспечыў сабе выхад далей, – 1:1. Прычым мячы былі забітыя ў канцоўцы – на 84-й і 86-й хвілінах. Ну а лонданскі «Чэлсі» без асаблівых высілкаў давёў сваю перавагу над туніскім «Эсперансам» – 3:0. Такім чынам бразільскі клуб з Рыо-дэ-Жанэйра набраў 7 ачкоў, заняў першае месца ў групе і далей сустрэнецца ў плэй-оф з мюнхенскай «Баварыяй», а сталічная брытанская каманда (у «Чэлсі» – 6 пунктаў) будзе змагацца з лісабонскай «Бенфікай».

Учора позна ўвечары прайшлі таксама паралельныя вырашальныя сустрэчы ў групе F. Дортмундская «Барусія» гуляла з паўднёвакарэйскім «Ульсанам», які заўчасна страціў шанцы на выхад у 1/8-ю фінала. На 36-й хвіліне швед Даніэль Свенсан вывеў нямецкі клуб наперад. Гэты гол так і застаўся адзіным. «Барусія» набрала 7 ачкоў і з першага месца выйшла ў плэй-оф.

У іншым паядынку паўднёваафрыканскі «Мамелодзі саўнданс» спабараваў з бразільскім «Флуміненсэ». Абодва клубы мелі шанцы прабіцца наверх, а ў выніку 0:0 вывелі туды з другога месца з 5-цю пунктамі бразільскую каманду.

У фінале моладзевага Еўра сустрэнуцца Англія і Германія

На моладзевым чэмпіянаце Еўропы па футболе прайшлі паўфінальныя сустрэчы. У першым матчы каманда Англіі змагалася з дружынай Нідэрляндаў – брытанцы ўрэшце перамаглі ў асноўны час. Героем сустрэчы стаў паўабаронец «Ліверпуля» Харві Эліёт, які адкрыў лік на 62-й хвіліне, на 72-й «аранжавыя» параўнялі лічбы на табло. А на 86-й той жа Эліёт забіў пераможны мяч.

А ў іншым паядынку пазней на поле славацкага гораду Кошыцэ выйшлі каманды суседніх дзяржаваў – Германіі і Францыі. Ужо на 8-й хвіліне немец Нельсан Вайпер быў удалым на дабіванні. А на 14-й Нік Вальтэмадэ другі раз даслаў мяч у сетку «трохкаляровых». Такі бліц-крыг нямецкай каманды прымусіў супернікаў атакаваць і раскрывацца, але ўсе высілкі Францыі былі марнымі. А ў самай канцоўцы нямецкія гульцы дабілі апанентаў – выніковыя 3:0.

У фінале кантынентальны трафей будуць аспрэчваць Англія і Германія.

Баскетбольны жаночы Еўра: час паўфіналаў

На чэмпіянаце Еўропы па баскетболе сярод жанчын скончылася чвэрцьфінальная стадыя. Зборная Іспаніі перамагла Чэхію – 88:81, сустрэча была ўпартай, доўга наперадзе былі чэшкі і пералом наступіў толькі ў апошняй чвэрці. Яшчэ ў адным матчы адзін з фаварытаў турніру каманда Бельгіі досыць упэўнена разабралася з дружынай Германіі – 83:59. Такім чынам у паўфіналах 27 чэрвеня сустрэнуцца Францыя з Іспаніяй, а Бельгія з Італіяй.

Вяртанне Рамана Юзэпчука

Футбаліст зборнай Беларусі Раман Юзэпчук вярнуўся ў берасцейскае «Дынама». Пра гэта паведаміла прэс-служба клуба. Пагадненне з 27-гадовым гульцом падпісана да канца 2026 года. Прыпомнім, што раней Юзэпчук ужо выступаў за берасцейскі клуб – з 2017-га па 2020 год, выйграўшы пры тым чэмпіянат, Кубак Беларусі і ажно тры суперкубкі краіны.

Шанец Аляксандры Сасновіч

Напрыканцы пра тэніс. У матчы другога раўнда кваліфікацыі ў асноўную сетку Уімблдонскага турніра беларуска Аляксандра Сасновіч (на сёння 108-я ракетка свету) за два сэты давяла сваю перавагу над расейкай Аксанай Селехмецьевай (145-м нумарам жаночай асацыяцыі) – 6:2, 6:3. Для вікторыі Аляксандры спатрэбілася 1 гадзіна 24 хвіліны. У вырашальным раўндзе Сасновіч чакае спатканне з латвійскай прадстаўніцай Дар’яй Семеністай (131-й ракеткай), якая раней адолела іншую беларуску Ірыну Шымановіч – 6:4, 6:2.

Х. Каменскі, Беларускае Радыё Рацыя