BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

На клубным чэмпіянаце свету вызначыліся паўфінальныя пары

На клубным чэмпіянаце свету па футболе, які праходзіць у ЗША, вызначыліся паўфінальныя пары.

На выходных былі згуляныя чвэрцьфінальныя гульні. Бразільскі «Флумінэнсэ» перайграў з лікам 2:1 савудаўскі «Аль-Хіляль». З такім самым лікам ангельскі «Чэлсі» абыграў бразільскі «Палмейрас».

Французскі «ПСЖ» з лікам 2:0 перамог нямецкую «Баварыю». Пры тым другі мяч форвард парыжанаў Дэмбеле забіў, калі яго каманда гуляла ўдзевяцёх. Яшчэ ў адным еўрапейскім чвэрцьфінале гішпанскі «Рэал» з Мадрыда адолеў нямецкую «Барусію» з Дортмунда з лікам 3:2. Цікава, што першыя два галы ў матчы былі забітыя на пачатку гульні ў першыя 20 хвілін, а астатнія 3 з 93-й па 98-ю хвіліны. І такім чынам у паўфінале турніру пазмагаюцца «Флумінэнсэ» ды «Чэлсі» і «ПСЖ» ды «Рэал».

У Вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі па футболе завяршыўся першы круг. У суботу ў 15-м туры «Смаргонь» абыграла «Гомель» 3:1. «Славія» ў Мазыры разграміла «Віцебск» з лікам 4:0. Працягвае сваё падзенне колішні флагман беларускага футбола барысаўскі БАТЭ. Гэтым разам ён на «Барысаў Арэне» саступіў «Мінску» з лікам 0:2. А ў нядзелю дзяржынскі «Арсенал» на сваім полі саступіў з мінімальным лікам 0:1 наваполацкаму «Нафтану».

Такім чынам турнірная табліца па выніках першага круга 35-га чэмпіяната Беларусі выглядае наступным чынам. На першым месцы дэбютант – віцебскі «МЛ» які прайшоў першую палову турніру без паразаў і мае 39 пунктаў. Другой ідзе «Славія» з Мазыра і 31 ачко. На трэцім і чацвёртым месцы – жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ» і менскае «Дынама», у якіх па 29 ачкоў. І замыкае першую пяцёрку – гарадзенскі «Нёман», у якога на адно ачко меней. Замыкае табліцу «гарадское» трыа – «Слуцк», «Смаргонь» ды «Маладэчна». Зараз нас чакае амаль месяцавы перапынак ва ўнутраным чэмпіянаце ды ўдзел нашых прадстаўнікоў у еўракубках.

На выходных прайшлі таксама матчы 15 тура ў розыгрышы Першай лігі айчыннага чэмпіянату. З цікавых вынікаў адзначым паразу «Слоніма» ад «Асіповічаў» з лікам 1:2. Супервалявую перамогу «Нівы» з Камянеччыны ў Бабруйску над «Белшынай». Прычым каманда з прымежнага Далбізна гуляла ў меншасці ўжо з 5 хвіліны гульні і да 21-й хвіліны саступала «шыннікам» 0:2. Але пазней у меншасці адзін гол адквітала. На 45-й хвіліне здарылася выдаленне ў «Белшыны» і, калі склады камандаў параўняліся, на полі пачала дамінаваць «Ніва» і давяла лік у гульні да 4:2 на сваю карысць. «Ліда» на сваім полі перамагла зборную Беларусі да 19 гадоў з лікам 2:1. А таксама адзначым масавую бойку футбалістаў у матчы, дзе дублёры «Мінска» досыць нечакана перамаглі аднаго з лідараў чэмпіянату «Баранавічы».

Асноўнымі прэтэндэнтамі на падвышэнне ў Вышэйшую лігу зараз з’яўляюцца магілёўскі «Дняпро» ды «Ніва» з Долбізна, у якіх па 31 ачку, ды «Баранавічы» з 28 ачкамі.

Працягвае сваё паспяховае выступленне на тэнісным турніры Вялікага шлема ва Уімблдоне першая ракетка сусветнага рэйтынгу беларуска Арына Сабаленка. Спачатку ў 1/16 фіналу яна абыграла 40-ю ракетку брытанку Эму Радукану з лікам 2:0 (7:6, 6:4). А ўчора ў 1/8 фіналу прайшла 23-ю ракетку бельгійку Эліс Мэртэнс з такім самым лікам у матчы 2:0, і з такімі ж самымі вынікамі ў сэтах, але наадварот 6:4, 7:6. У чвэрцьфінале Арыне будзе супрацьстаяць не самая моцная суперніца – 104-я ракетка немка Лаўра Зігемунд.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя