
На Кубку афрыканскіх нацый па футболе вызначыліся фіналісты турніра.
Сенегал трэці раз за апошнія 4 розыгрышы і чацвёрты раз у гісторыі Кубка Афрыкі выйшаў у фінал.
Ён з мінімальным лікам 1:0 у паўфінале адужаў каманду Егіпта.
Гол забіў Садзьё Манэ на 78-й хвіліне.
У 2019 годзе сенегальцы ў фінале прайгралі Алжыру з лікам 0:1, а ў 2021-м перамаглі Егіпет у серыі пенальці.
А вось за галоўны трафей «чорнага кантынента» яны пазмагаюцца з камандай гаспадароў турніра – зборнай Марока. Якая адолела каманду Нігерыі. У асноўны і дадатковы час супернікі згулялі 0:0. А вось у серыі пасляматчавых пенальці героем Марока стаў іх брамнік – Ясін Буну, які адбіў два ўдары з кропкі.
Такім чынам Марока выйшла ў фінал Кубка Афрыкі трэці раз. Адзін раз каманда Марока ўжо была чэмпіёнам Афрыкі – роўна 50 гадоў таму ў 1976 годзе.
Фінал Сенегал – Марока адбудзецца ў нядзелю 18 студзеня. Пачатак гульні ў 20 гадзін па агульнаеўрапейскім часе і ў 22 гадзіны па беларускім.
За акіянам прайшлі матчы рэгулярнага чэмпіянату Нацыянальнай Хакейнай Лігі.
«Калгары» Ягора Шаранговіча прайграў «Каламбусу» з лікам 3:5.
27-гадовы беларускі форвард «Калгары» Ягор Шаранговіч правёў на лёдзе 17 хвілін 1 секунду і адзначыўся 2 (0+2) вынiковымі баламі.
Упершыню ў сезоне Ягор набраў два балы ў большасці.
Усяго правёў 42 матчы і набраў 16 (8+8) ачкоў пры паказчыку карыснасці «-13» і чатырох хвілінах штрафу.
Яго «Калгары» з 42 ачкамі пасля 46 гульняў займае 14-е месца ў Заходняй канферэнцыі.
«Вашынгтон» Аляксея Протаса ў авертайме выйграў у «Манрэаля» з лікам 3:2.
Протас правёў на лёдзе 20 хвілін 20 секунд і выніковымі баламі не адзначыўся.
«Ванкувер» Мікіты Талапілы саступіў «Атаве» з лікам 1:2.
Талапіла правёў увесь матч на лаўцы запасных.
«Бостан» Уладзіслава Калячонка абыграў «Дэтройт» з лікам 3:0.
Калячонак на гульню заяўлены не быў.
Нападнік «Калгары» Ягор Шаранговіч займае пятае месца па выніковых перадачах за кар’еру сярод беларусаў у гісторыі НХЛ.
Усяго ў яго зараз 213 (109+104) бамбардзірскіх балаў.
Найлепшыя асістэнты:
Міхаіл Грабоўскі – 171 галявая перадача (534 гульні)
Руслан Салей – 159 (917)
Андрэй Касціцын – 119 (398)
Сяргей Касціцын –109 (353)
Ягор Шаранговіч – 104 (402)
Уладзімір Цыплакоў – 101 (331)
Беларускі абаронца «Чыкага» Арцём Леўшуноў у матчы НХЛ супраць «Эдмантана» (1:4) правёў працяглую змену.
20-гадовы хакеіст без паўзы знаходзіўся на лёдзе на працягу 5 хвілін і 33 секунд.
Такім чынам, ён апынуўся недалёка ад дасягнення гульца «Нью-Джэрсі» Джэка Х’юза. Апошні ў гульні супраць «Айлендэрс» у 2022 годзе правёў змену даўжынёй 6 хвілін 2 секунды.
Такім чынам, беларусу не хапіла 30 секундаў, каб пабіць рэкорд Лігі.
У матчы другога раўнда кваліфікацыі Australian Open 102-я ракетка сусветнага рэйтынгу беларуска Аляксандра Сасновіч сустракалася з прадстаўніцай Ліхтэнштайна – 258 ракеткай Кацінкай фон Дайхман.
Гульня завяршылася з лікам 2:0 – 6:3, 7:6 (7:4) на карысць Аляксандры.
У матчы за выхад у асноўную сетку турніру беларуска сёння гуляе са 136-й ракеткай – украінкай Дар’яй Снігур.
А вось іншая беларуска 153 ракетка Ірына Шымановіч на жаль саступіла ў паўфінале кваліфікацыі 236-й ракетцы гішпанцы Марыне Басольс з лікам 0:2 – 5:7, 1:6.
Толькі адзін прадстаўнік Беларусі выступіць у спаборніцтвах па фрыстайле на Зімовай Алімпіядзе ў Італіі.
Гэта алімпійская чэмпіёнка Пхёнчхана-2018 і срэбная медалістка Пекіна-2022 Ганна Гуськова.
Пасля допуску беларускіх фрыстайлістаў да кваліфікацыйнага адбору яны ўзялі ўдзел у трох этапах Кубку свету.
Беларуска Ганна Гуськова заняла 28-е месца ў кваліфікацыйным рэйтынгу.
Ліцэнзіі на Алімпіяду-2026 у Італіі атрымлівалі 24 найлепшыя мужчыны і жанчыны кваліфікацыі. Пры гэтым пуцёўку на галоўны старт чатырохгоддзя маглі атрымаць не больш за чатыры прадстаўнікі ад адной краіны.
Дзякуючы таму, што фрыстайлісткі з ЗША, Кітая і Аўстраліі, якія апярэдзілі Гуськову, сталі «пятым лішнім» ад сваіх краін, менавіта наша суайчынніца кваліфікавалася на Алімпійскія гульні, паведамляе выданне «Прэсбол».
У турніры таксама ўдзельнічалі іншыя беларускія спартоўцы, якім не ўдалося прабіцца ў Італію. Ганна Дзяруга заняла выніковае 32-е месца, Анастасія Андрыянава — 36-е. У мужчын Уладзіслаў Вазнюк стаў 44-м, Ігар Драбянкоў — 45-м.
Таму толькі Ганна будзе адзіным прадстаўніком Беларусі.
З-за падтрымкі пратэстаў у 2020 годзе з каманды фрыстайлу выкінулі Аляксандру Раманоўскую, таксама як і адхілілі трэнера Мікалая Казеку, дзякуючы якому беларускія фрыстайлісты з 1998 года кожныя Гульні прывозілі медалі — усяго восем, у тым ліку чатыры залатыя.
Беларуская гарналыжніца Марыя Шканава заняла 44-е месца ў слаламе на этапе Кубка свету ў аўстрыйскім Флахаў.
Амерыканка Мікаэла Шыфрын заняла першае месца, другой стала Пола Молтзан (ЗША), трэцяй – Катарына Трупе (Аўстрыя).
Шканава паказала вынік 1:02,74 хв, саступіўшы Шыфрын 6,52 секунды.
Адзначым, што гэта другі этап Кубка свету на якім выступіла Шканава пасля рашэння FIS дазволіць беларусам выступаць на міжнародных стартах. На першым яна не фінішавала.
Нагадаем, што Шканава блізкая да таго, каб стаць пятым спартоўцам з Беларусі з ліцэнзіяй на Алімпіяду-2026.
Раней адбор на Гульні прайшлі беларускія – фігурыстка Вікторыя Сафонава, канькабежка Марына Зуева, лыжніца Ганна Мачахіна і фрыстайлістка Ганна Гуськова.
Зімовыя Алімпійскія гульні пройдуць у Італіі з 6 па 22 лютага гэтага года.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






