
На Кубку Афрыкі па футболе на выходных распачаліся матчы стадыі плэй-оф.
У 1/8 фінала Сенегал здабыў валявую перамогу над Суданам з лікам 3:1.
Каманда Малі, гуляючы з 26 хвіліны ў меншасці, на 88 хвіліне гульні саступала Тунісу з лікам 0:1. Але на 96 хвіліне з пенальці параўняла лік 1:1. У дадатковы час каманды галамі не адзначыліся. А вось у серыі пасляматчавых пенальці фарт аказаўся на баку каманды Малі, у тым ліку, дзякуючы двум адбітым ударам малійскім брамнікам Дзіара.
Такім чынам у 1/4 фінала 9 студзеня зборная Малі сустрэнецца са зборнай Сенегала.
А ўчора каманда гаспадароў турніра з Марока з мінімальным лікам 1:0 адолела зборную Танзаніі.
Камерун быў мацнейшым за Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку з лікам 2:1.
Як вынік – у другой чвэрцьфінальнай пары таксама 9 студзеня згуляюць Марока і Камерун.
У матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ «Вашынгтон» Аляксея Протаса па булітах саступіў «Чыкага» Арцёма Леўшунова з лікам 2:3. Протас не быў заяўлены на гульню з-за траўмы. Леўшуноў правёў на лёдзе 23 хвіліны 46 секунд, здзейсніў два кідкі па варотах, два разы заблакаваў кідкі суперніка, дапусціў дзве страты шайбы і здзейсніў два перахопы, сустрэчу скончыў з паказчыкам карыснасці «0».
«Калгары» Ягора Шаранговіча прайграў «Нэшвілу» – 3:4. Шаранговіч правёў на лёдзе 16 хвілін 21 секунду, здзейсніў тры кідкі па варотах і скончыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці «-1».
«Бостан» Уладзіслава Калячонка ў авертайме абыграў «Ванкувер» з лікам 3:2. Калячонак на гульню заяўлены не быў.
Беларускі праспект «Ванкувер Кэнакс» Даніла Клімовіч вызначыўся галявой перадачай у матчы АХЛ па-між «Манітобай» і «Абатсфардам».
На 38-й хвіліне 22-гадовы нападнік асіставаў Анры Равінскісу. Аднак «Абатсфард» пацярпеў выязную паразу з лікам 1:4. Клімовіч завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці «-1».
Яго аднаклубнік Мікіта Талапіла застаўся ў запасе.
Такім чынам, Клімовіч падоўжыў выніковую серыю, набраўшы 4 (1+3) ачкі ў апошніх 3 гульнях. Усяго ў бягучым сезоне ў яго 10 (4+6) балаў пры паказчыку карыснасці «-14».
Нараджэнец Пінска знаходзіцца за адзін крок ад адзнакі 100 ачкоў за кар’еру ў АХЛ.
«Хершы» здабыў валявую перамогу над «Рокфардам» з лікам 5:4.
У складзе пераможцаў закінутай шайбай на 31-й хвіліне вызначыўся беларускі форвард Ілля Протас. Ён рэалізаваў большасць і скараціў адставанне сваёй каманды да 2:3. Нападнік зрабіў 2 кідкі ў створ варот, перапыніў сваю чатырохматчавую безгалявую серыю і завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці «0».
У прайграўшых 2 (1+1) выніковыя балы набраў беларускі абаронца Дзмітрый Кузьмін. На 5-й хвіліне ён асіставаў партнёру, калі той зраўняў лік, а на 27-й хвіліне павялічыў перавагу «Рокфарда» да 3:1.
У 30 матчах сезона на рахунку Іллі Протаса 24 (13+11) балы і 10 хвілін штрафу. Ён – другі бамбардзір і першы снайпер каманды, паказчык карыснасці «+6».
А вось Дзмітрый Кузьмін у 24 паядынках набраў 6 (4+2) ачкоў і 9 хвілін штрафу, паказчык карыснасці «+4».
Там жа ў рамках рэгулярнага чэмпіянату АХЛ «Каачэла» абыграла «Сан-Хасэ» з лікам 5:2.
Беларускі форвард пераможцаў Андрэй Лашко запісаў у свой актыў галявую перадачу падчас чацвёртага ўзяцця варот суперніка. Гэтую сустрэчу ён завяршыў з паказчыкам карыснасці «0».
У 24 гульнях цяперашняга сезона Лашко набраў 6 (2+4) ачкоў пры паказчыку карыснасці «0» і 8 хвілінах штрафу.
Учора пасля навагодняга перапынку аднавіўся рэгулярны чэмпіянат у беларускай хакейнай Экстралізе і былі згуляныя некаторыя матчы 37 тура.
«Авіятар» у Баранавічах з лікам 0:4 саступіў жлобінскаму «Металургу».
«Магілёў» па булітах з лікам 4:3 перайграў «Дынама-Маладэчна».
«Гомель» таксама па булітах з лікам 2:1 у Наваполацку перайграў мясцовы «Хімік».
А таксама аршанскі «Лакаматыў» перайграў «Ліду» з лікам 5:3.
Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч (№114 WTA) выступіць у асноўнай сетцы турніру WTA-500 Brisbane International у аўстралійскім Брысбене.
У матчы 1/32 фіналу суперніцай беларускі стане расейка Ганна Блінкова (№62 WTA).
У кваліфікацыі Сасновіч абыграла прадстаўніцу Узбекістана Марыю Цімафееву (№141 WTA) і балгарку Вікторыю Томаву (№131 WTA).
Пазначым, што таксама ў асноўнай сетцы турніру ў Брысбене выступіць першая ракетка свету, беларуска Арына Сабаленка.
Будучы першай сеянай, Сабаленка прапусціць стартавы круг і ўступіць у барацьбу са стадыі 1/16 фіналу. Яе апаненткай стане мацнейшая ў пары Крысціна Букша (Гішпанія, №51 WTA) – Ганна Бондар (Венгрыя, №74 WTA). Пазначым, што менавіта Сабаленка з’яўляецца дзеючай пераможцай турніру.
Пры ўдалым раскладзе першая ракетка свету ў чвэрцьфінале можа сустрэцца з амерыканкай Мэдысан Кіз, а ў паўфінале – з прадстаўніцай Казахстана Алёнай Рыбакінай.
Фаварытамі ніжняй часткі сеткі Brisbane International лічацца амерыканкі Аманда Анісімава і Джэсіка Пегула.
Учора ж Арына Сабаленка і гішпанка Паўла Бадоса паспяхова стартавалі ў турніры парнага разраду.
У першым крузе яны абыгралі Людмілу Самсонаву (Расея) і Чжан Шуай (Кітай) з лікам 7:6 (7:2), 7:6 (7:3). Тэнісісткі правялі на корце 1 гадзіну 47 хвілін.
Далей пераможцы згуляюць з гішпанска-аўстралійскім дуэтам Крысціна Букша / Элен Перэс.
Турнір катэгорыі WTA 500 Brisbane International у аўстралійскім Брысбене праходзіць з 4 па 11 студзеня. У ім бяруць удзел 48 спартовак. Прызавы фонд спаборніцтваў складае 1 691 602 даляры.
У той жа час іншая беларуская тэнісістка Ірына Шымановіч не змагла прабіцца ў асноўную сетку турніру WTA у аўстралійскай Канберы.
У паўфінальным матчы кваліфікацыі беларуска саступіла прадстаўніцы Тайваня Эн-Шуа Лян (№395 рэйтынгу WTA). Выніковы лік сустрэчы 1:2 – 6:4, 3:6, 1:6. Паядынак працягваўся 2 гадзіны 34 хвіліны.
Пазначым, што Шымановіч была пасеяная ў адборы пад першым нумарам. Нагадаем, на дадзены момант Ірына займае 155-ы радок у сусветным рэйтынгу.
Учора ў Італіі ў Валь-дзі-Ф’емэ прайшоў заключны 6 тур Кубка свету па лыжных гонках сярод жанчын.
Караліне Сімпсан-Ларсэн з Нарвегіі выйграла мас-старт на 10 км вольным стылем у гару ў рамках «Тур дэ Скай».
Беларуская лыжніца ў нейтральным статусе Ганна Каралёва заняла 49-е месца, а Ганна Мачэхіна стала 51-й.
1. К.Сімпсан-Ларсэн (Нарвегія) – 37.05,3
2. Дж.Дыгінс (ЗША) – +8,8
3. Х.Венг (Нарвегія) – +14,4
49. Г.Каралёва (Беларусь) – +9.55,0
51. Г.Мачэхіна (Беларусь) – +11.41,0
Па выніках спаборніцтваў пасля 6 гонак з 6 Ганна Каралёва стала 39-й у агульным заліку. Ганна Мачэхіна заняла 42-е месца.
Агульны залік:
1.Джэсіка Дыгінс (ЗША) – 2:11.26,1
2.Тэрэза Штадлобер (Аўстрыя) – +2.17,7
3.Хэйдзі Вэнг (Нарвегія) – +2.31,6
39.Ганна Каралёва (Беларусь) – +13:05,6
42.Ганна Мачэхіна (Беларусь) – +16:45,9
Гарналыжніца Марыя Шканава заняла 11-е месца ў слаламе на міжнародных спаборніцтвах FIS, якія прайшлі ў Аўстрыі.
У першай спробе Шканава паказала вынік 51,74 сек, другую трасу яна пераадолела за 53,04 сек. Выніковы час па суме двух заездаў склаў 1:44.78 хв. Спартоўка саступіла пераможцы старту Мадлен Бек (Ліхтэнштэйн) – 3,81 секунды.
Другое месца заняла Аксель Молін з Бельгіі (1:40.98 хв), трэцяй стала італьянка Вікторыя Клоц (1:41.10 хв).
Нагадаем, што Шканава блізкая да таго, каб стаць чацвёртым спартоўцам з Беларусі з ліцэнзіяй на Алімпіяду-2026.
Раней адбор на Гульні прайшлі беларускія фігурыстка Вікторыя Сафонава, канькабежка Марына Зуева і лыжніца Ганна Мачахіна. У фрыстайле кваліфікацыя працягваецца.
Зімовыя Алімпійскія гульні пройдуць у Італіі з 6 па 22 лютага 2026 года.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






