
На Кубку афрыканскіх нацый, які праходзіць у Марока, учора вызначыліся першыя паўфіналісты турніра.
Спачатку Сенегал з лікам 1:0 ледзь-ледзь абыграў каманду Малі, якая палову матча гуляла ўдзесяцёх.
А затым каманда гаспадароў чэмпіяната – зборная Марока з лікам 2:0 перайграла Камерун.
Сёння ж у матчах Егіпет – Кот-д’Івуар і Алжыр – Нігерыя вызначацца іх паўфінальныя супернікі.
У матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ «Каларада» разграміў «Атаву» з лікам 8:2.
25-гадовы беларускі абаронца «Эвеланш» Ілля Салаўёў выйшаў на матч у трэцяй пары абароны разам з Сэмуэлем Жырарам.
Салаўёў правёў на лёдзе 17 хвілін 13 секунд, набраў 1 (0+1) вынiковае ачко, здзейсніў 3 сілавыя прыёмы, зрабіў 1 блокшот і завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці «+2».
Усяго ў сезоне НХЛ Салаўёў правёў 12 матчаў, набраў 2 (0+2) ачкі, мае паказчык карыснасці «-1» і чатыры хвіліны штрафу.
Агулам у лізе на яго рахунку 27 сустрэч і 6 (0+6) выніковых балаў.
«Бостан» Уладзіслава Калячонка перамог «Калгары» Ягора Шаранговіча з лікам 4:1. Шаранговіч правёў на лёдзе 16:16 хв, з іх 0:26 хв ён адпрацаваў у большасці і 0:47 хв – у меншасці, не набраў выніковых балаў, зрабіў 3 кідкі, здзейсніў 1 блокшот і завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці «+1». Калячонак не патрапіў у заяўку і прапусціў пятую гульняў запар.
А вось Ягор Шаранговіч правёў 400-ы матч у НХЛ.
У 400 гульнях Шаранговіч закінуў 109 шайб і зрабіў 102 асісты.
Па колькасці матчаў з беларусаў за ўсю гісторыю НХЛ Ягор Шаранговіч займае трэцяе месца. Ён саступае толькі Руслану Салею (917 гульняў) і Міхаілу Грабоўскаму (534 гульні).
У матчы матчы 1/4 фіналу турніру WTA-500 у Брысбене першая ракетка сусветнага рэйтынгу беларуска Арына Сабаленка перамагла 7 ракетку амерыканку Мэдысан Кіз з лікам 2:0 – 6:3, 6:3.
У паўфінале Арына сустракаецца з 20 ракеткай рэйтынгу WTA Каралінай Мухавай з Чэхіі.
Федэрацыі шахмат Украіны, Англіі, Эстоніі, Германіі і Нарвегіі падалі апеляцыю ў Спартовы арбітражны суд (CAS) на рашэнне Міжнароднай шахматнай федэрацыі (ФІДЭ) па ўдзеле беларускіх ды расейскіх спартоўцаў у міжнародных спаборніцтвах пад дзяржаўнай сімволікай.
Апеляцыя тычыцца дзвюх рэзалюцый, прынятых на генеральнай асамблеі ФІДЭ ў снежні.
Першая рэзалюцыя, прапанаваная Федэрацыяй шахмат Расеі, заклікала дазволіць расейскім і беларускім спартоўцам і камандам усіх узростаў зноў удзельнічаць у спаборніцтвах пад уласнай дзяржаўнай сімволікай.
Другая рэзалюцыя, падрыхтаваная кіраўніцтвам ФІДЭ, меркавала, што юныя расейскія шахматысты павінны атрымаць права на міжнародныя выступы без абмежаванняў.
Хоць абедзве рэзалюцыі былі прынятыя большасцю галасоў, іх тэксты прызналі супярэчнымі адзін аднаму. Было вырашана, што кіраўніцтва ФІДЭ пракансультуецца з МАК па пытанні ўдзелу дарослых спартоўцаў пад сваімі дзяржаўнымі сімваламі. Канчатковае рашэнне павінна было быць прынятае пасля гэтых кансультацый.
Пяць федэрацый, якія падалі апеляцыю ў CAS, лічаць, што пры разглядзе дзвюх рэзалюцый былі дапушчаныя «сур’ёзныя працэдурныя парушэнні, у прыватнасці, парушэнні статута ФІДЭ і базавых прынцыпаў празрыстасці і законнасці прыняцця рашэнняў у міжнародным спартовым кіраванні». Федэрацыі-апелянты таксама заклікаюць іншыя краіны падтрымаць іх пазіцыю.
«Заклікаем іншыя федэрацыі выказаць сваю падтрымку шляхам пісьмовых заяў, якія могуць быць пададзеныя і выкарыстаныя пры разглядзе справы ў CAS», – адзначаецца ў заяве.
У Польшчы забралі чэмпіянат Еўропы за адмову выдаць візы беларускім і расейскім спартоўцам.
Еўрапейская федэрацыя цяжкай атлетыкі (EWF) прыняла рашэнне забраць у Польшчы права на правядзенне чэмпіянату Еўропы сярод юніёраў і спартоўцаў да 23 гадоў, які павінен быў адбыцца ў 2026 годзе.
Як паведамляецца на афіцыйным сайце федэрацыі, прычынай такой пастановы стала нежаданне польскага боку гарантаваць выдачу візаў для ўдзельнікаў з Беларусі і Расеі. Менавіта адсутнасць гэтых гарантый і стала ключавым фактарам для адмены турніру ў Польшчы.
Пачаткова турнір планавалася правесці ў верасні ў польскім Любліне.
У выніку спаборніцтвы перанеслі ў Албанію. Новым тэрмінам правядзення чэмпіянату стане кастрычнік, а ўдзельнікі змогуць выступіць без візавых абмежаванняў, якія ўзніклі ў Польшчы.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






