
У Кубку афрыканскіх нацый па футболе працягваюцца матчы стадыі 1/8 фінала.
Учора Егіпет у дадатковы час з лікам 3:1 перайграў каманду Беніна.
А Нігерыя з лікам 4:0 разграміла Мазамбік.
Такім чынам апошнія слоты ў чвэрцьфінале сёння разыграюць Алжыр з Конга ды дзеючы чэмпіён Кот-д’Івуар з Буркіна-Фасо.
Чэмпіянат Афрыкі ў Марока завершыцца 18 студзеня.
А тым часам на фоне Кубка Афрыкі працягваецца шэраг дзіўных трэнерскіх звальненняў.
Зборная Туніса аб’явіла пра сыход галоўнага трэнера Самі Трабелсі, перадае Afrik-Foot.
3 студзеня Туніс прайграў Малі ў 1/8 фіналу і вылецеў з турніру. У групавым этапе каманда набрала 4 ачкі ў 3 матчах і выйшла ў плэй-оф з 2-га месца.
У кваліфікацыі да чэмпіянату свету-2026 каманда Трабелсі перамагла ў 9 матчах, 1 гульню правяла ўнічыю і завяршыла адбор з розніцай забітых-прапушчаных мячоў 22:0.
Нагадаем, пераможца еўрапейскай кваліфікацыі ЧС-2026 на шляху В, дзе ёсць зборныя Украіны, Швецыі, Польшчы і Албаніі, патрапіць у групу F разам з Нідэрландамі, Японіяй і Тунісам.
23-гадовы беларускі нападнік Аляксандр Шасцюк найбліжэйшым часам стане гульцом сербскай футбольнай каманды «Раднічкі» з вышэйшага дывізіёна.
Пагадненне з найлепшым бамбардзірам ЧБ-2025 будзе разлічана да лета 2028 года.
У мінулым сезоне за «Іслач» гулец правёў 31 матч ва ўсіх турнірах, у якіх вызначыўся 18 забітымі мячамі, трыма асістамі і восем разоў атрымаў папярэджанне.
Пасля 20 тураў «Раднічкі» займаюць 14-е месца з 16 у чэмпіянаце Сербіі.
З футбольнага «Маладэчна», якое па выніках ЧБ-2025 вылецела ў Першую лігу, знятая забарона на рэгістрацыю гульцоў.
«Маладэчна» пагасіла запазычанасць перад АБФФ па аплаце заявачных узносаў.
У той жа час трансферны бан да гэтага часу вісіць на койданаўскім «Арсенале», барысаўскім БАТЭ і «Смаргоні».
Менскі футбольны «Энэргетык-БДУ» афіцыйна змяніў назву. Каманда клуба цяпер выступае пад іменем «СКА-1938».
Нагадаем, што «Энергетык-БДУ» выйшаў у Першую лігу, заваяваўшы чэмпіёнскі тытул у трэцім па сіле дывізіёне Беларусі. У фінальным паядынку каманда разграміла дубль «Тарпеда-БелАЗ» з лікам 4:0.
У 2022 годзе каманда заваявала срэбныя медалі чэмпіяната Вышэйшай лігі.
Сёння адбудзецца пазачарговае паседжанне выканкама АБФФ, дзе абмяркуюць назначэнне галоўнага трэнера зборнай Беларусі па футболе.
Нагадаем, што ў сярэдзіне снежня некаторыя крыніцы паведамлялі, што новым галоўным трэнерам зборнай Беларусі стане Віктар Ганчарэнка. Кантракт паміж 48-гадовым спецыялістам і АБФФ будзе дзейнічаць да снежня 2027 года з месячным заробкам у 20 тысяч еўра (69 142 BYN).
Таксама паведамлялася, што ў трэнерскі штаб Ганчарэнкі ўвойдзе Аляксандр Ермаковіч, які дзеля гэтай працы адмовіўся ад пасады галоўнага трэнера «Дынама» Берасце.
У матчы рэгулярнага чэмпіянату Нацыянальнай Хакейнай Лігі «Каларада» Іллі Салаўёва саступіла «Фларыдзе» з лікам 1:2.
25-гадовы беларускі абаронца «Каларада» выйшаў на лёд упершыню з 1 лістапада 2025 года, але карыснымі дзеяннямі не вызначыўся.
У сезоне НХЛ Салаўёў правёў 10 матчаў, не набраў ачкоў, мае паказчык карыснасці «-4» і 4 хвіліны штрафу. Усяго ў лізе на яго рахунку 25 сустрэч і 4 (0+4) ачкі.
Яго «Каларада» перапыніў серыю з 10 перамог запар.
А так сама «Чыкага» Арцёма Леўшунова ў авертайме абыграла «Вегас» з лікам 3:2. Леўшуноў вызначыўся галявой перадачай.
У матчы рэгулярнага чэмпіянату АХЛ «Ліхай-Вэлі» разграміў «Таронта» з лікам 6:1.
Беларускі брамнiк «Ліхай-Вэлі» Аляксей Коласаў адбіў 29 кідкоў з 30 і быў названы першай зоркай матчу.
Для беларуса гэты матч стаў 18-м у сезоне АХЛ.
У рэгулярным чэмпіянаце беларускай хакейнай Экстралігі былі згуляныя два матчы 37 тура.
«Брэст» на сваёй пляцоўцы перайграў гарадзенскі «Нёман» з лікам 2:0.
«Віцебск» у Салігорску ў овертайме абыграў мясцовы «Шахцёр» з лікам 4:3.
113-я ракетка сусветнага рэйтынгу беларуска Аляксандра Сасновіч у матчы першага круга турніру WTA-500 у аўстралійскім Брысбене ўпэнена перамагла 61-ю ракетку расейку Ганну Блінкову з лікам 2:0 – 7:5, 6:1. У 1/16 фінала нашая суайчынніца сустрэнецца заўтра з прадстаўніцай Даніі 14 ракеткай Кларай Таўсан.
На гэтай жа стадыі да яе далучыцца і першая ракетка свету, дзеючая чэмпіёнка Брысбена – беларуска Арына Сабаленка, якая сёння гуляе з 50 ракеткай гішпанкай Крысцінай Букша.
Жаночая тэнісная асацыяцыя (WTA) апублікавала абноўлены рэйтынг арганізацыі.
Найлепшай па-ранейшаму з’яўляецца беларуска Арына Сабаленка. Аляксандра Сасновіч – 113-я, Вікторыя Азаранка – 144-я, Ірына Шымановіч – 150-я.
1. Арына Сабаленка (Беларусь) – 10 490 ачкоў
2. Іга Свёнтак (Польшча) – 8 178
3 (4). Аманда Анісімава (ЗША) – 6 287
4 (3). Коры Гаўф (ЗША) – 6 273
5. Алена Рыбакіна (Казахстан) – 5 850
6. Джэсіка Пегула (ЗША) – 5 583
7. Мэдзісан Кіз (ЗША) – 4335
8. Жасмін Пааліні (Італія) – 4 236
9. Міра Андрэева (Расея) – 4 125
10. Кацярына Аляксандрава (Расея) – 3 375
113 (114). Аляксандра Сасновіч (Беларусь) – 672
144 (132). Вікторыя Азаранка (Беларусь) – 495
150 (155). Ірына Шымановіч (Беларусь) – 464
Апублікаваны абноўлены рэйтынг ATP.
22-гадовы гішпанец Карлас Алькарас працягвае ўзначальваць сусветны рэйтынг.
Акрамя таго, у першай дзясятцы адразу 3 пазіцыі страціў амерыканец Тэйлар Фрыц, апусціўшыся з 6-га на 9-ы радок.
Становішча беларускіх тэнісістаў наступнае: Эрык Аруцюнян – 431-ы, Данііл Астапенкаў – 737-ы, Ягор Герасімаў – 780-ы.
1. Карлас Алькарас (Гішпанія) – 12 050 ачкоў
2. Янік Сінер (Італія) – 11 500
3. Аляксандр Звераў (Германія) – 5 105
4. Новак Джокавіч (Сербія) – 4 780
5. Фелікс Ожэ-Альясім (Канада) – 4 190
6 (7). Алекс дэ Мінаўр (Аўстралія) – 4 080
7 (8). Ларэнца Музеці (Італія) – 3 990
8 (9). Бэн Шэлтан (ЗША) – 3 960
9 (6). Тэйлар Фрыц (ЗША) – 3 840
10. Джэк Дрэйпер (Вялікабрытанія) – 2 990
431 (435). Эрык Аруцюнян (Беларусь) – 108
737. Данііл Астапенкаў (Беларусь) – 41
780 (782). Ягор Герасімаў (Беларусь) – 35
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






