
Вызначыліся ўдзельнікі стадыі плэй-оф Кубка Афрыкі па футболе.
Каманды групы C згулялі матчы трэцяга тура групавога этапа.
Зборная Танзаніі ў заключным туры згуляла ўнічыю з Тунісам – 1:1 і заняла трэцяе месца ў сваёй групе. Раней танзанійцы прайгралі Нігерыі (1:2) і падзялілі ачкі з Угандай (1:1).
Гэтага аказалася дастаткова зборнай Танзаніі, каб абысці зборную Анголы ў рэйтынгу трэціх месцаў за кошт большай колькасці забітых галоў. Такім чынам Танзанія выйшла ў 1/8 фіналу кантынентальнага першынства з двума набранымі ачкамі.
А таксама ў гэтай групе Нігерыя перамагла Уганду з лікам 3:1.
І такім чынам у групе С з першага і другога месцаў выйшлі Нігерыя і Туніс, і з трэцяга месца – Танзанія.
У групе D з сінхронным лікам 3:0 прамаглі Сенегал – Бенін і Конга – Батсвану.
Тут у 1/8 фінала выйшлі Сенегал ды Конга. І трэцяе месца заняў Бенін.
Турнір у Марока працягнецца да 18 студзеня.
Дзеючым пераможцам Кубка афрыканскіх нацый з’яўляецца зборная Кот-д’Івуара.
21-гадовы беларускі гандбаліст Кірыл Рабчынскі падпісаў кантракт з клубам «Кельцы».
Беларускі левы паўсярэдні далучыцца да польскага клуба 1 ліпеня 2026 года. Кантракт разлічаны да 2030 года.
Рабчынскі з’яўляецца дзейным чэмпіёнам Беларусі ў складзе СКА. Раней ураджэнец Маларыты заяўляў, што хоча прадоўжыць кар’еру ў Еўропе.
Нагадаем, што за «Кельцы» выступае яшчэ адзін беларускі гулец – Арцём Каралёк.
Сталі вядомы найлепшыя спартоўкі 2025 года па версіі Міжнароднай асацыяцыі спартовай прэсы (AIPS).
У жаночым галасаванні перамагла ўладальніца «Залатога мяча» гішпанка Айтана Банмаці, якая набрала 824 ачкі. Кенійская бягуха Беатрыс Чэбет стала другой (453), тройку дапоўніла першая ракетка свету Арына Сабаленка (446).
У галасаванні прынялі ўдзел 836 журналістаў са 121 краіны свету.
«Вашынгтон» на выездзе саступіў «Фларыдзе» з лікам 3:5 у матчы рэгулярнага чэмпіянату Нацыянальнай Хакейнай Лігі.
Беларускі нападнік прайграўшых Аляксей Протас пачаў гульню на левым краі першага звяна разам з Джасцінам Сурдыфам і Аляксандрам Авечкіным.
Наш 24-гадовы форвард правёў на лёдзе 17:19 хв, уключаючы 0:42 хв у большасці і 4:12 хв у меншасці, набраў 1 (0+1) ачко, выйграў 1 з 4 укідванняў, зрабіў 4 кідкі (2 з іх міма), ужыў 1 сілавы прыём і завяршыў сустрэчу з карыснасцю «-2».
У бягучым сезоне беларус набраў 28 (14+14) ачкоў у 39 матчах, мае паказчык карыснасці «+21» і 14 штрафных хвілін.
Яго «Вашынгтон» з 45 ачкамі пасля 39 гульняў займае сёмае месца ва Усходняй канферэнцыі.
Учора менскае «Дынама» абыграла «Салават Юлаеў» у рамках матча рэгулярнага чэмпіянату КХЛ з лікам 3:2 у авертайме.
Такім чынам менскае «Дынама» завяршае 2025 год лідарам Заходняй канферэнцыі, займаючы першае месца з 57 ачкамі.
Наступны матч каманда правядзе на выездзе супраць расейскага «Трактара» з Чалябінска 4 студзеня 2026 года.
У Досе прайшоў чэмпіянат свету па шахматным бліцы.
Магнус Карлсэн і тут атрымаў перамогу, выйграўшы ў фінале ў Надзірбека Адбусатарава з Узбекістана.
Беларускі гросмайстар Дзяніс Лазавік заняў восьмае месца, Максім Царук стаў 77-м, Арцём Стрыбук – 144-ы, Міхаіл Нікіценка – 202-і.
Пасля 19 тураў з 19
1. Арджун Эрыгайсі (Індыя) – 15
2. Фабіяна Каруана (ЗША) – 14
3. Магнус Карлсэн (Нарвегія) – 13,5
4. Надзірбек Абдусатараў (Узбекістан) – 13
5. Максім Ваша-Лаграв (Францыя) – 13
6. Уізлі Са (ЗША) – 13
7. Ніхал Сарын (Індыя) – 13
8. Дзяніс Лазавік (Беларусь) – 13
9. Максім Матлакоў (Расея) – 13
10. Данііл Дубаў (Расея) – 12,5
77. Максім Царук (Беларусь) – 10,5
144. Арцём Стрыбук (Беларусь) – 9
202. Міхаіл Нікіценка (Беларусь) – 8
Учора ў Варшаве адбылося развітанне з беларускім журналістам Мікітам Мелказёравым, які шмат працы аддаў беларускай спартовай журналістыцы.
Развітацца з Мікітам прыйшлі трэнеры Аляксандр Хацкевіч, Алег Дулуб, былы дырэктар дэпартамента судзейства і інспектавання АБФФ Андрэй Чэпа, нападнік «ГКС Катавіцы» польскай Экстракласы Ілля Шкурын і былы гендырэктар БАТЭ Міхаіл Залеўскі.
Мікіта Мелказёраў памёр у ноч на 21 снежня ў сябе дома ў Варшаве, дзе жыў у апошні час. Яму было 37 гадоў.
Але нягледзячы ні на што – жыццё працягваецца!
Паважаныя слухачы і чытачы, да сустрэчы ў новым – добрым годзе!
Жадаю перамогаў – вашым улюбёным спартоўцам і нам усім – Перамогі!
Жыве Беларусь і – З новым годам!
Ваш спартовы аглядальнік Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






