
Падыходзіць да завяршэння групавы этап Кубка афрыканскіх нацый, які праходзіць у Марока. Учора прайшлі 4 матчы 3-га тура.
У групе В Ангола згуляла ўнічыю 0:0 з камандай Егіпта.
Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка перайграла з лікам 3:2 каманду Зімбабвэ.
Такім чынам у гэтай групе першае месца засталося за Егіптам, на другім – ПАР і на трэцім – Ангола.
А вось у групе А каманда гаспадароў турніра, зборная Марока перайграла зборную Замбіі з лікам 3:0.
Зборная Каморскіх выспаў з лікам 0:0 згуляла ўнічыю з камандай Малі.
Тут ў 1/8 фінала дакладна выйшлі зборныя Марока і Малі. А каманда Каморскіх выспаў заняла трэцяе месца. Нагадаем, што ў плэй-оф выйдуць 4 з 6 лепшых каманд, якія занялі трэція месцы ў сваіх групах.
Турнір завершыцца 18 студзеня.
Дзеючым пераможцам Кубка афрыканскіх нацый з’яўляецца зборная Кот-д’Івуара.
Нападнік французскага «ПСЖ» Усман Дэмбеле атрымаў узнагароду футбаліста года 2025 на цырымоніі Globe Soccer Awards у Дубаі.
У 2025 годзе Дэмбеле атрымаў перамогу ў Лізе чэмпіёнаў і стаў уладальнікам «Залатога мяча».
Сярод іншых намінантаў на гэтую ўзнагароду былі – яго аднаклубнік Віцiнья, Кіліян Мбапэ з мадрыдскага «Рэал», а таксама Рафінья і Ламін Ямаль – абодва з «Барселоны».
У працяг тэмы вынікаў года.
Міжнародная федэрацыя футбольнай гісторыі і статыстыкі (IFFHS) апублікавала абноўлены рэйтынг арбітраў, па выніках якога француз Клеман Цюрпен заняў першае месца і быў прызнаны найлепшым арбітрам свету ў адыходзячым годзе.
Другое месца ў рэйтынгу заняў таксама прадстаўнік Францыі – Франсуа Летэксье.
Атакуючы паўабаронца менскага «Дынама» Мікіта Дземчанка бліжэйшым часам стане гульцом клуба другога партугальскага дывізіёна «Візела».
У сезоне 2025 года футбаліст правёў 27 матчаў за менскае «Дынама», у якіх забіў два мячы і аддаў адну галявую перадачу. Таксама 23-гадовы гулец правёў шэсць матчаў за зборную Беларусі ў адборы на чэмпіянат свету, дзе аформіў адзін гол.
«Візела» займае пятае месца ў другім па сіле дывізіёне Партугаліі, маючы гульню ў запасе і адставанне ў два балы перад асноўнымі канкурэнтамі за выхад у Прымейру.
Жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ» аб’явіла пра прызначэнне Дзмітрыя Лянцэвіча на пасаду галоўнага трэнера каманды.
42-гадовы ўраджэнец Ліды змяніў Дзьмітрыя Молаша, які кіраваў камандай з 2 снежня 2021 па 19 снежня 2025 года.
Да гэтага беларускі спецыяліст працаваў у трэнерскім штабе Аляксандра Паўлава ў менскім «Дынама», куды ўвайшоў у жніўні 2025-га. Перад тым Лянцэвіч узначальваў дубль каманды.
У сезоне-2025 «Тарпеда-БелАЗ» заняла шостае месца ў турнірнай табліцы вышэйшай лігі, набраўшы 49 ачкоў.
Французскае выданне L’Equipe апублікавала рэйтынг «Спартоўка года», у які ўвайшла беларуская тэнісістка Арына Сабаленка.
Першая ракетка свету заняла 6-е месца.
Лепшай спартоўкай года прызнаная канадская плыўчыха Самер Макінтош.
Другое месца дасталося амерыканскай лёгкаатлетцы Сідні Маклафлін, трэцяй стала спрынтарка з ЗША Мелісе Джэферсан.
У матчы рэгулярнага чэмпіянату Нацыянальнай Хакейнай Лігі «Чыкага» Арцёма Леўшунова саступіў «Пітсбургу» з лікам 3:7. 20-гадовы беларус правёў на лёдзе 23:20 хв, у тым ліку 4:37 хв у большасці і 1:00 хв у меншасці. Ён не вызначыўся дзейснымі ачкамі і перапыніў сваю трохматчавую серыю з набранымі баламі. Таксама ён зрабіў 2 кідкі міма брамы, здзейсніў 1 страту і завяршыў матч з карыснасцю «-3».
У бягучым сезоне Леўшуноў правёў 36 матчаў, набраў 17 (1+16) ачкоў, мае паказчык карыснасці «-13» і 20 штрафных хвілін.
А вось у рэгулярным чэмпіянаце АХЛ «Ліхай Вэлі» на сваім лёдзе абыграў «Уілкс-Барэ» па булітах з лікам 4:3.
23-гадовы беларускі галкіпер пераможцаў Аляксей Коласаў быў заяўлены на матч у ролі асноўнага брамніка.
У выніку выхаванец менскага «Дынама» правёў на лёдзе 65:00 хв, адбіў 26 з 29 кідкоў супернікаў, скончыў сустрэчу з каэфіцыентам надзейнасці 2.77 і адсоткам адбітых кідкоў 89,7.
У сезоне на рахунку гульца 16 гульняў, 7 перамог, каэфіцыент надзейнасці 2.77 і адсотак адбітых кідкоў 89,9.
«Каачэла» на выездзе саступіла «Хендэрсану» з лікам 3:6.
21-гадовы беларускі нападнік «Каачэлы» Андрэй Лашко выйшаў у цэнтры чацвёртага звяна. Нараджэнец Жлобіна адзначыўся галявой перадачай у сярэдзіне трэцяга перыяду.
У выніку Лашко набраў 1 (0+1) дзейсны бал і зарабіў паказчык карыснасці «+1».
У гэтым сезоне ў форварда 22 гульні, у якіх Лашко набраў усяго 4 (1+3) ачкі пры карыснасці «+1».
Зборная Беларусі па гандболе правяла два таварыскія матчы ў сталіцы Катара Досе з камандай гэтай краіны.
У першай гульні перамогі дамагліся беларусы, абагнаўшы супернікаў на пяць мячоў і завяршыўшы сустрэчу з лікам 26:21.
Другая сустрэча таксама завяршылася на карысць нашай каманды – гэтым разам з лікам 18:17.
Застаемся ў Катары і ў Досе. Тут завершыўся чэмпіянат свету па рапідзе.
Нарвежац Магнус Карлсэн шосты раз стаў чэмпіёнам свету па гэтым відзе шахматных спаборніцтваў, абнавіўшы ўласны рэкорд.
Беларускі гросмайстар Дзяніс Лазавік заняў 17-е месца. Арцём Стрыбук стаў 108-м, Міхаіл Нікіценка – 147-м і Максім Царук – 178-ы.
Пасля 13 тураў з 13
1. Магнус Карлсэн (Нарвегія) – 10,5
2. Уладзіслаў Арцем’еў (Расія) – 9,5
3. Арджун Эрыгайсі (Індыя) – 9,5
4. Ханс Німан (ЗША) – 9,5
5. Лэньер Дамінгес (ЗША) – 9,5
17. Дзяніс Лазавік (Беларусь) – 8,5
108. Арцём Стрыбук (Беларусь) – 7
147. Міхаіл Нікіценка (Беларусь) – 8,5
178. Максім Царук (Беларусь) – 6
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






