BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

На Уімблдоне працягваюць гуляць дзве беларускія тэнісісткі

На травяных кортах Уімблдонскага тэніснага турніру «Вялікага шлему» ў Лондане працягваюць змаганне дзве беларускія тэнісісткі з трох.

Учора, 1 ліпеня, прайшлі заключныя паядынкі першага круга ці 1/64 фіналу спаборніцтва. Свой матч гуляла 87-я ракетка сусветнага рэйтынгу беларуска Вікторыя Азаранка. І саступіла ў цяжкім для сабе матчы 95-й ракетцы – расейцы Анастасіі Захаравай з лікам 1:2. У першым сэце пры ліку 1:3 Вікторыя атрымала пашкоджанне і саступіла 2:6. У другім сэце на досведзе яна перайграла маладую расейку 6:2. А ўжо ў вырашальным трэцім сэце траўма Вікторыі дала знакі і як вынік – усяго адзін выйграны гейм – 1:6.

Азаранка зачахляе ракетку. Але Арына Сабаленка і Аляксандра Сасновіч працягваюць барацьбу і сёння, 2 ліпеня, сустрэнуцца ў другім крузе за выхад у 1/16 фіналу турніру з чэшкай Марыяй Бузкавай ды ўкраінкай Элінай Світолінай адпаведна.

У Злучаных Штатах Амерыкі працягваецца клубны чэмпіянат свету па футболе. Учора там былі згуляныя яшчэ два матчы стадыі 1/8 фіналу. Ангельскі «Манчэстэр Сіці» ў дадатковым часе саступіў саўдаўскаму «Аль-Хіляль». У асноўны час каманды згулялі 2:2. А ў вось у дадатковыя 30 хвілін яны абмяняліся трапнымі стрэламі: 3:3 і на 112 хвіліне гульні форвард саўдытаў Маркас Леанарда зрабіў лік 4:3 на карысць сваёй каманды.

Цікава адзначыць, што «Аль-Хіляль» пад кіраўніцтвам Сімонэ Індзагі стаў першым азіяцкім клубам, які абыграў еўрапейскую каманду ў афіцыйным матчы турніру пад эгідай ФІФА, паведамляе Міжнародная федэрацыя футбольнай гісторыі і статыстыкі.

Адзначаецца, што гэты матч стаў 21-м у гісторыі, калі ў рамках турніраў ФІФА азіяцкая каманда супрацьстаяла еўрапейскай. Папярэднія 20 матчаў завяршыліся або перамогамі еўрапейскіх каманд (18 выпадкаў), або ўнічыю (2 выпадкі). Адзначым, што абодва разы ўнічыю з еўрапейскімі камандамі гуляў менавіта «Аль-Хіляль» – на групавым этапе гэтага ж турніру ў матчах з «Рэалам» (1:1) і «Зальцбургам» (0:0).

У іншым матчы 1/8 фіналу супрацьстаялі паміж сабою гранды еўрапейскага футбола – гішпанскі «Рэал” (Мадрыд) ды італьянскі турынскі «Ювентус». Дзякуючы адзінаму голу Гансала Гарсія у чвэрцьфінал прайшлі «сметанковыя» з Мадрыда.

29-гадовы беларускі галкіпер кракаўскай «Віслы» Антон Чычкан атрымаў прапанову падоўжыць кантракт з клубам. Пра гэта паведаміў журналіст Міхал Кнура. У мінулым сезоне Чычкан правёў за каманду, якая выступае ў першай лізе чэмпіянату Польшчы па футболе, 13 матчаў.

Беларускага брамніка Яўгена Прохарава выклікалі ў лагер развіцця «Бафала». 18-гадовы гадаванец лідскага хакея праходзіў прагляд у менскім «Дынама» ў кастрычніку 2024 года, але днямі яго задрафтаваў пад агульным 199 нумарам у 7 раўндзе «Бафала».

Таксама ў лагер развіцця «Манрэаля» выкліканы яшчэ адзін малады беларускі галкіпер – 17-гадовы Арсень Радзькоў. Гэты хакеіст – сын футбольнага трэнера Арцёма Радзькова, які цяпер працуе ў кіпрскім «Арысе». У сезоне-2024/25 Радзькоў-малодшы выступаў за «Цюменьскі легіён» у расейскай МХЛ.

А таксама 18-гадовы беларускі форвард «Вашынгтонa» Ілля Протас выкліканы ў лагер развіцця. Папярэдні сезон Протас-малодшы правёў у канадскай OHL у складзе «Віндзар Спітфайрз».

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя