У Вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі па футболе на выходных былі згуляныя матчы 24 тура.
«Нафтан» і «Гомель» выдалі ў Наваполацку самую сапраўдную «перастрэлку» і згулялі між сабою з лікам 5:3.

Гэты матч стаў самым выніковым у сёлетнім сезоне – абедзве каманды сумарна забілі 8 мячоў. Да гэтага былі матчы толькі з максімум 6 галамі. Варта дадаць, што ад 57 хвіліны пры ліку 3:1 «Гомель» граў у меншасці, але пры гэтым каманда здолела яшчэ двойчы забіць. Адзначым, за апошнія тры матчы чэмпіянату Беларусі «Нафтан» забіў 12 мячоў. Да гэтага было 19 галоў у 21 сустрэчы.
«Маладэчна» на сваім полі саступіла менскаму «Дынама» з лікам 1:3. Для «бела-сініх» гэта быў ужо восьмы запар паядынак з прапушчанымі мячамі. Апошні раз падапечныя Аляксандра Паўлава захоўвалі свае вароты ў недатыкальнасці 10 жніўня ў гульні з «Тарпеда-БелАЗ» (4:0) – гэта пакуль адзіны «сухі» матч брамніка менчукоў Івана Канавалава ў сезоне.
Пазначым, што сёлетні сезон для «Дынама» стаў найгоршым па паказчыку прапушчаных мячоў з 2019 года. Цяпер менчукі прапускаюць у сярэднім крыху больш за адзін мяч за гульню. Для параўнання: год таму – 0,43, у 2023 – 0,75, у 2022 – 0,83, у 2021 – 0,66, у 2020 – 0,83, а ў 2019 – 1,3.
Гарадзенскі «Нёман» згуляў унічыю 1:1 з жодзінскім «Тарпеда-БелАЗ». Адзначым, што галоўны трэнер «Нёмана» Ігара Кавалевіч цягам гульні за выказванне нязгоды з дзеяннямі арбітра Антона Лашука атрымаў дзве жоўтыя карткі на 57 і 80 хвілінах і чарговае ў сезоне выдаленне з тэхнічнай трэнерскай зоны.
«Віцебск» мінімальна 1:0 перайграў койданаўскі «Арсенал». Для Сяргея Гурэнкі гэта быў першы матч у якасці галоўнага трэнера «Віцебску». Ён стаў пятым спецыялістам, які сёлета кіраваў камандай. Ні ў якім іншым беларускім клубе так шмат галоўных трэнераў (або выконваючых іх абавязкі) на працягу асобнага сезона ніколі не было. Да Гурэнкі віцебскім клубам кіравалі Сяргей Ясінскі (2 гульні), Арцём Косак (3), Ігар Слесарчук (13) і Максім Разумаў (5).
Пасля гэтай гульні «Віцебск» узняўся на 11-е месца з 27 ачкамі, а «Арсенал» застаўся на 12-й пазіцыі з 26 баламі.
У нядзелю прысталічная «Іслач» згуляла ўнічыю 0:0 са «Слуцкам». Каманда Аляксандра Гурыновіча не можа забіць 5 гульняў запар. Розніца мячоў: 0:9.
У 5 матчах «Слуцк» 4 разы прайграў і 1 раз згуляў унічыю. Каманда займае 15-е месца.
«Славія» ў Мазыры здабыла валявую перамогу над «Смаргонню» з лікам 3:1.
Тройка лідараў зараз выглядае наступным чынам. «МЛ» Віцебск – 52 балы, менскае «Дынама» – 48 і гульня ў запасе, і «Славія» – 47 пунктаў. Трыа аўтсайдэраў нязменнае – «Смаргонь», «Слуцк» і «Маладэчна».
У розыгрышы Першай лігі чэмпіянату Беларусі па футболе на выходных прайшоў 27 тур.
З цікавых вынікаў вылучым перамогу «Нівы» з Долбізна ў Астраўцы нада аднайменнай камандай з лікам 2:1, перамогу «Баранавічаў» над зборнай Беларусі да 19 гадоў з лікам 1:0, а таксама перамогу «Ліды» над лідарам чэмпіянату магілёўскім «Дняпром» з лікам 2:1. Пры гэтым увесь другі тайм лідзяне гулялі ў меншасці і пры гэтым здолелі забіць другі мяч. Скарыстаўшыся гэтым на першы радок табліцы адзінаасобна ўзняліся «Баранавічы» з 59 ачкамі, на другім ідзе «Дняпро» з 56 баламі, а на трэцім радку – бабруйская «Белшына», у якой 50 пунктаў.
Менскі «Энергетык-БДУ» перамог камянецкі «Агра-Пелішча» з лікам 3:1 у рамках групавой стадыі фінальнага этапу Другой лігі чэмпіянату Беларусі па футболе. Такім чынам, каманда выйграла ўсе 23 свае матчы ў сезоне ў трэцім дывізіёне: 18 на менскім этапе, яшчэ 5 – у групе фінальнага этапу. Агульная розніца мячоў у гэтых сустрэчах – 104:4. Дзякуючы сваім вынікам «Энергетык-БДУ» выйшаў у 1/8 фіналу фінальнага этапу. Плэй-оф якога пройдзе з 11 кастрычніка па 23 лістапада.
У польскай футбольнай Экстракласе былі згуляныя матчы 11 тура. «Ягелонія» ў Беластоку перамагла келецкую «Карону» з лікам 3:1. У стане беластачанаў забівалі гішпанцы – два разы Серхіа Лазана і Хесус Імаз, які з 7 галамі ўзначальвае спіс бамбардзіраў гэтага сезона. А таксама «ГКС» у Катавіцах саступіў пазнаньскаму «Леху» з лікам 0:1. У складзе катавіцкіх «шахцёраў» беларускі форвард Ілля Шкурын выйшаў у аснове і быў заменены на 67 хвіліне гульні. «Ягелонія» зараз ідзе на другім месцы і адстае ад першага на 1 ачко, але мае гульню ў запасе. «ГКС» Іллі Шкурына і «Пяст» Германа Баркоўскага займаюць 16 і 17 месцы адпаведна.
У беларускай хакейнай Экстралізе былі згуляныя матчы 11 тура.
«Гомель» перайграў наваполацкі «Хімік» з лікам 3:1.
«Дынама-Маладэчна» разграміла «Магілёў» з лікам 7:1.
«Юнацтва» ў Менску перамагло смаленскі «Славуціч» – 3:1.
І жлобінскі «Металург» з буйным «сухім» лікам 5:0 перамог баранавіцкі «Авіятар».
Учора ў Берасці ў рамках мужчынскай гандбольнай суперлігі Беларусі адбылося першае ў гэтым сезоне «класіка» паміж «Мяшкоў Брэст» і менскім «СКА». Лік 31:36. Самым выніковым гульцом стаў армеец Кірыл Рабчынскі, які закінуў 13 мячоў. У гаспадароў сем разоў вызначыўся Марцін Паціск.
Для СКА гэта ўжо чацвёртая запар перамога над прынцыповымі супернікамі – дзве ў канцоўцы фінальнай серыі мінулага чэмпіянату Беларусі (33:29, 29:27), затым у Суперкубку краіны (37:36) і цяпер у чэмпіянаце.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя






