
На футбольных палях Старога свету стартаваў апошні этап еўрапейскага групавога раўнда адбору на чэмпіянат свету па футболе, які пройдзе ў наступным годзе ў ЗША, Мексіцы ды Канадзе.
Каманда Арменіі ў Ерэване мінімальна саступіла Венгрыі з лікам 0:1 і страціла шанцы на праход далей.
Іх суседзі – каманда Азербайджана ў Баку прайграла дружыне Ісландыі з лікам 0:2 і таксама страціла шанцы.
Нарвегія на сваім полі з буйным лікам 4:1 абыграла Эстонію. Цікава, што свае дублі Сёрлат і Холанд аформілі цягам 12 хвілінаў – з 50 па 62, у гасцей забіў Саарма.
Нарвежцы не прайграюць ужо 11 матчаў запар з кастрычніка мінулага года, калі былі разгромлены Аўстрыяй (1:5). Агульны лік мячоў з таго моманту складае 44:6. Фактычна гэтая зборная забяспечыла выхад на мундыяль.
Наступны супернік Нарвегіі – Італія.
А вось 25-гадовы форвард Эрлінг Холанд забіў свае 52-і і 53-і галы за зборную Нарвегіі – у 47 матчах.
Андора мінімальна 0:1 саступіла Албаніі.
Англія перамагла Сербію – 2:0.
Францыя з буйным лікам 4:0 перамагла дружыну Украіны. Усе галы былі забітыя ў другім тайме.
Ірландыя дзякуючы дублю Парота з лікам 2:0 перайграла Партугалію. Крышціяну Раналду за адмашку локцем на 59 хвіліне атрымаў прамую чырвоную картку і выдаленне з поля.
Малдова на сваім полі прайграла Італіі – 0:2. Пры чым малдаване годна трымаліся і прапусцілі толькі ў самай канцоўцы – на 88 і 92 хвілінах гульні.
Сёння ўвечары каманда Польшчы згуляе з Нідэрландамі. А заўтра Беларусь згуляе ў Даніі.
А пакуль ідзе міжнародная паўза ў розыгрышы Першай лігі чэмпіяната Беларусі па футболе ўчора быў згуляны матч 31 тура. Дубль менскага «Дынама» згуляў ўнічыю 0:0 з магілёўскім «Дняпром», які ўжо папярэдне аформіў сабе вяртанне ў Вышэйшую лігу.
На хардавых кортах Турына працягваецца выніковы тэнісны турнір АТР.
Учора ў групе А 7-я ракетка аўстраліец Алекс дэ Мінаўр перамог 6-ю ракетку амерыканца Тэйлара Фрыца з лікам 2:0 – 7:6, 6:3.
Лідар сусветнага рэйтынгу гішпанец Карлас Алькарас меньш чым за паўтары гадзіны разабраўся з 9-й ракеткай – італьянцам Ларэнца Музэці з лікам 2:0 – 6:4, 6:1. І тым самым са 100%-ым вынікам гарантаваў сабе выхад у паўфінал.
Прайшлі чарговыя матчы рэгулярнага чэмпіянату Нацыянальнай Хакейнай Лігі.
«Філадэльфія» Аляксея Коласава ў авертайме саступіла «Эдмантану» з лікам 1:2. Коласаў на гульню заяўлены не быў.
«Чыкага» Арцём Леўшунова прайграў у авертайме «Нью-Джэрсі» – 3:4. Леўшуноў правёў на пляцоўцы 18 хвілін 23 секунды. Ён здзейсніў два кідкі па варотах і два сілавыя прыёмы, дапусціў адну страту шайбы, а сустрэчу скончыў з паказчыкам карыснасці «-1».
А вось у беларускай хакейнай Экстралізе былі згуляныя заключныя матчы 24 тура рэгулярнага чэмпіяната.
«Дынама-Маладэчна» з мінімальным лікам 0:1 саступіла менскаму «Юнацтву».
«Брэст» перамог «Ліду» і другі раз. Цяпер з лікам 3:1.
Гарадзенскі «Нёман» таксама другі раз у Гародні прайграў смаленскаму «Славуцічу» з лікам 2:3.
Салігорскі «Шахцёр» таксама саступіў «Магілёву» – 1:2.
На першым месцы тут па-ранейшаму ідзе «Юнацтва», у якога 42 пункты, далей – «Дынама-Маладэчна» з 37 баламі і замыкае тройку – «Ліда», у якой 35 ачкоў.
У групавым этапе гандбольнай Лігі чэмпіёнаў учора келецкая «Іскра» лінейнага гарадзенца Арцёма Каралька згуляла ўнічыю 32:32 з адным з лідараў сваёй групы – дацкім «Ольбаргам». Арцём вызначыўся актыўнай гульнёй і адзначыўся некалькімі закінутым мячамі.
Яго «Іскра» з 5 баламі ў 7 сустрэчах пасля паловы турніра ідзе зараз на 6 радку, што дае права згуляць у 1/8 фінала асноўнага этапу.
Беларуска Аліна Гарнасько выйграла мнагаборства на міжнародным турніры па мастацкай гімнастыцы Кубак «Нябесная грацыя», які праходзіць у Пекіне.
Пераможны вынік Гарносько – 123,8 ачка, срэбную медалістку Марыю Барысаву з Расеі Аліна апярэдзіла амаль на бал.
Раней на Кубку «Нябесная грацыя» нашыя спартоўкі заваявалі па шэсць узнагарод у юніёрскім і прэ-юніёрскім заліках — прызёрамі сталі Кіра Бабкевіч, Маргарыта Журавіч, Ксенія Бандарэнка, Ксенія Еўдакімава і Вера Канапацкая.
Сёння на спаборніцтвах у Пекіне адбудуцца фіналы ў сеньёрак у асобных відах, таксама дзяўчаты разыграюць медалі ў групавых практыкаваннях.
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя




